Кропка не паставіцца ніколі

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Два погляды на адну выстаўку

 

/i/content/pi/cult/243/3468/12-1.jpgМістыка падарожжаў

Маладзечанскі мастак Аляксандр Пашкевіч пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку. З'яўляюцца новыя ідэі, тэмы, тэхнікі выканання работ, якія, аднак, застаюцца ў межах індывідуальнага, яркага стылю аўтара. Нядаўна мастак адзначыў саракагадовы юбілей творчасці. Да гэтай даты прымеркавана выстаўка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Яна так і называецца - "Пошук".

 Экспазіцыя, размешчаная на двух паверхах музея, пераконвае, што аўтар пастаянна мяняўся і зараз глядзіць на свет зусім іншымі вачыма, чым у пачатку свайго творчага шляху. Яна складаецца з дзвюх частак: на другім паверсе размешчаны больш старыя работы, добра вядомыя ўсім прыхільнікам творчасці мастака, а на першым - карціны яго ўжо згаданага праекта "Пошук". Аляксандр Пашкевіч адзначае, што ўжо стаміўся ад звычайных пейзажаў і нацюрмортаў, таму захацелася выразіць сябе праз асабістую ўнутраную музыку. Ён выкарыстаў для гэтага абстрактныя кампазіцыі, фармальныя работы, якія дапамаглі стварыць уласны магічны космас. Адны карціны Аляксандра Пашкевіча нагадваюць каляровыя дзівосныя вітражы, іншыя - палёты ў невядомую касмічную прастору, вандраванні па загадкавых містычных краінах. Работы апошняга дзесяцігоддзя напісаны пераважна мазкамі. Але шматлікія рознакаляровыя плямы ствараюць агульны вобраз, прасякнуты адзінствам светлага пачуцця, які прываблівае гледача мастацкай выразнасцю. Аляксандр Пашкевіч сцвярджае: "Праблема мастака ў тым, што ён ніколі не скончыць тое, што задумаў, не зможа спыніць свайго пошуку. Ён будзе вечным. Кропка не паставіцца ніколі. У гэтым сутнасць творчага чалавека".

 Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

/i/content/pi/cult/243/3468/12-3.jpg Патаемнае дыханне

У 1970-я гады, калі Аляксандр Пашкевіч толькі пачынаў самастойны шлях у творчасці, ён трапіў у плынь, якая вызначыла важны напрамак развіцця беларускага жывапісу. Гэта - захапленне паэзіяй Максіма Багдановіча, уплыў фантастычнага светабачання Язэпа Драздовіча, а таксама "музычнага Космасу" Чурлёніса...

Рамантычная тэндэнцыя, якая моцна ўплывала ў той час на маладога жывапісца, падштурхнула яго адысці ад манументалізацыі пластычных форм, звярнуцца да традыцыйных асноў станковай карціны. Настраёвасць, сузіральнасць, лірычнасць - гэта адзнакі, якія свядома замацаваліся ў яго творчасці. Паэзія маладзечанскіх краявідаў зачароўвае творцу. Пры гэтым ён паспяваене толькі наталіцца цудам, створаным прыродай, і занатаваць яе зменлівыя станы, але і загадзя прадумаць пабудову карціны, у якой прасветленасць фарбаў мяжуе з трывожнай бліскавіцай. У канцы 1990-х гадоў мастак звярнуўся да філасофскіх абагульненняў у жывапісе. Так з'явілася серыя работ, дзе валадараць вобразы Анёла, Конніка, Маці-ахоўніцы зямлі, мрояў і сноў пра Космас, з дапамогай якіх мастак імкнецца больш глыбока выявіць чалавечую існасць. Менавіта гэта імкненне вызначае стылістыку яго новых работ. Ён шукае пластычную мову - метафарычную і асацыятыўную, пазбаўляе формы матэрыяльнасці, даводзіць іх да стану абстракцыі, пераносіць ва ўмоўную прастору. Спрабуе скрозь знешнюю абалонку ўбачыць схаваны ўнутраны сэнс выяўленых рэчаў. Каларыт яго твораў насычаны святлом. Не бачна дэталей, але адразу адчуваеш патаемнае дыханне ўзнёсласці. У гэтым - містычная духоўнасць і філасофскі настрой палотнаў Аляксандра Пашкевіча. Палотнаў, дзе закладваецца пэўны інтэлектуальны пасыл да гледача, месціцца першая прыступка для далейшага асэнсавання патаемнай глыбіні аўтарскай задумы.

 Наталля ЖОГЛА