Самая доўгая ноч

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Чарговай нагодай пазнаёміцца з усходняй культурай стала адкрыццё ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі выстаўкі “Кароткіпогляд на Іран”, што адлюстроўвае старажытнае мастацтва, сучаснае жыццё, а таксама багатую на прыгожыя краявіды прыроду гэтай краіны і прымеркавана да народнага свята Шабе Яльда — самай доўгай ночы.

 

Як адзначыў на прэзентацыі гэтай выстаўкі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі Сейед Абдала Хасейні, у Нацыянальнай бібліятэцы прадстаўлены 48 фотаздымкаў, якія знаёмяць прыхільнікаў мастацтва з цікавымі мясцінамі і помнікамі гісторыі культуры краіны, дазволяць умацаваць беларуска-іранскія культурныя сувязі. Выстаўка адметная тым, што тут можна ўбачыць фота, на якіх зафіксаваны гістарычныя славутасці, занесеныя ў Спіс культурнай спадчыны UNESCO. Па словах дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рамана Матульскага, плённае двухбаковае супрацоўніцтва з усходнімі калегамі не абмяжоўваецца "кароткім поглядам на Іран". У прыватнасці, нацыянальныя бібліятэкі дзвюх краін пастаянна абменьваюцца выданнямі, дзякуючы чаму ў Іране для тых, хто цікавіцца нашай краінай, з'явілася магчымасць чытаць кнігі, у тым ліку, і на беларускай мове. Другая частка імпрэзы была прысвечана музычнаму мастацтву Ірана.