Прадстаўлена звыш 120 фотаздымкаў помнікаў вялікаму сыну ўкраінскага народа. Ягоны ўплыў на духоўную культуру краіны застаецца вельмі значным і сёння. Колькі помнікаў і мемарыяльных знакаў, прысвечаных Шаўчэнку, створана ў свеце - ніхто не ведае. Спецыялісты мяркуюць, што іх колькасць - ад 800 да 1000 адзінак. Скульптурны вобраз Кабзара захоўваецца ў манументальных творах у Расіі, ЗША, Канадзе, Парагваі, Бразіліі, Аргенціне, Мальце, Італіі, Польшчы, Францыі. Год таму быў адкрыты ў Пекіне ў парку Чаоян. У Беларусі ёсць пяць помнікаў Тарасу Шаўчэнку: у Мінску, Брэсце, Магілёве, Гомелі і Слуцку. Дарэчы, у Слуцку гэта - барэльеф на пастаменце: малады Шаўчэнка з пэндзлем і палітрай. Вядома, што ён, 16-гадовым хлопчыкам, прыгонным памешчыка Энгельгарта, атрымаў у Вільні першыя ўрокі малявання ў выкладчыка універсітэта, вядомага партрэтнага жывапісца, беларуса Яна Рустэма. На выстаўцы ўзгадаў цікавыя факты з гісторыі стварэння некаторых помнікаў Кабзару.
Напрыклад, такія. Самы першы мармуровы бюст паэту на Украіне з'явіўся ў маёнтку мецэнаткі Х.Алчэўскай у Харкаве ў 1889 годзе, вялікі помнік быў створаны ў 1918-м у Ромнах. У гэтым жа годзе з'явіліся манументы Кабзару ў Петраградзе і Маскве. Сярод соцень помнікаў Шаўчэнку ёсць розныя як па якасці, так і па вобразным увасабленні. Паводле яркай арыгінальнасці, на мой погляд, можна адзначыць помнік у Рыме: паэт - у вобразе антычнага філосафа з паднятай для прывітання правай рукой. Аўтар - італьянец У.Мацэі... Самая вялікая заслуга ў стварэнні гэтай манументальнай шаўчэнкініяны- яе аўтара Руслана Тэліпскага. У ягонай калекцыі - каля 400 мемарыяльных згадак пра Шаўчэнку з усіх гарадоў і вёсак Украіны, дзе ўстаноўлены помнікі, мемарыялы, мемарыяльныя дошкі і знакі. Фотамайстар здолеў адлюстраваць на плёнцы скульптурныя выявы Кабзара ў 28 замежных гарадах свету. Канешне, не ўсе помнікі ўдалося яму сфатаграфаваць, але і тое, што зроблена - вартае вялікай павагі.
На здымку: пад час мантажу выстаўкі.