Колькі ў творчасці прыступак?

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Канец года традыцыйна пазначаны шэрагам творчых справаздач стыпендыятаў і лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Але слова “справаздача” да гэтых яркіх па мастацкіх здабытках канцэртаў далёка не самае трапнае, бо яны становяцца сапраўднымі адкрыццямі новых імён і творчых пошукаў. Такім адкрыццём стаўся і канцэрт “Прыступкі творчасці” ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

 

/i/content/pi/cult/243/3460/11-1.jpgПершай "прыступкай" сталася знаёмства з маладой піяністкай Вольгай Сцяжко і яе прачытаннем Канцэрта № 25 Моцарта. Першая частка атрымалася "кроплева-дажджыстай", струменістай, а некаторыя фрагменты ўвогуле гучалі з рамантычнай настальгіяй, бы ахінутыя тумановай дымкай. У другой частцы фартэпіяна ўносіла свае чорна-белыя адценні-цені ў вязь драўляных духавых, у трэцяй - уплятала сярэбраныя ніткі ў пасажныя карункі. Такое змяшчэнне Моцарта на мяжы класіцызму і рамантызму высвеціла саму лінію мацарціянства, што вядзе і да Шапэна. А менавіта шапэнаўскія творы прынеслі Вользе Гранпры на І Еўрапейскім конкурсе піяністаў імя Г.Чэрні-Стэфаньскай, музыку польскага класіка выконвала яна і ў час свайго ранейшага прыезду ў Мінск з Лондана, дзе апошнім часам працягвае навучанне. На далейшых "прыступках" змясціліся оперныя салісты. Аксана Волкава працягнула нітку ад Моцарта да Вердзі, з напалам эмоцый апошняга выканаўшы мужчынскую арыю Раміра з моцартаўскай "Уяўнай садоўніцы". У іншых нумарах яе мецца-сапрана, як заўсёды, прыцягвала таямнічай глыбінёй і пачуццёвасцю.

У Канцоне Эбалі з "Дон Карласа" да знанай салісткі далучылася Алена Калягаева. Склаўшы ідэальны ансамбль з прызнанай прымадоннай, яна ў чарговы раз даказала найвышэйшы ўзровень нашага опернага хору, артысткай якога з'яўляецца. Настасся Масквіна, увасабляючы Леанору з "Трубадура", бліскала россыпам сапранавых феерверкаў. У "Русалцы" ж Дворжака яе голас загучаў надзвычай мякка, песенна, па-славянску. З асаблівай нецярплівасцю чакалі слухачы Іллю Сільчукова з яго вельмі прыгожым, мяккім барытонам, які ліецца настолькі свабодна, быццам яго ўладальнік не спявае, а "гаворыць" на вакальнай мове. Гэты малады саліст заняты далёка не ва ўсім рэпертуары тэатра, таму кожны яго выхад на сцэну ўспрымаецца нечаканым падарункам. Шмат прыемных нечаканасцей было і гэтым разам. Знакамітая Каваціна Фігара з "Севільскага цырульніка" Расіні цалкам змяніла ўстойлівы вобраз гэткага хітрага, усюдыіснага "праныры", які робіць сотню спраў адначасова. Перад намі, наадварот, паўстаў спакойны, разважлівы чалавек, і менавіта азначаныя якасці дапамагаюць яму паспяваць рабіць усё і паўсюль. Ягоны Фігара настолькі запатрабаваны, што яго літаральна разрываюць на часткі. Але сам ён не любіць мітусні, яму больш па душы размераная праца, таму галоўнае, да чаго ён імкнецца, - гэта выстраіць сваіх заказчыкаў "у чаргу".

/i/content/pi/cult/243/3460/11-2.jpgА далей - як кажуць, справа тэхнікі (дакладней, прафесіяналізму). Чым не новая трактоўка? Прычым пададзеная так ярка ўсяго праз адзін (да таго ж, канцэртны) выхад героя. Такое ж уменне раскрыць характар персанажа і, што вельмі важна, выбудаваць дынаміку далейшых трансфармацый вобраза І.Сільчукоў прадэманстраваў у арыі Жэрмона з "Травіяты". Гэты оперны "хіт" стаў своеасаблівым "каньком" спевака яшчэ пяць гадоў таму, на Першым Міжнародным конкурсе імя Л.Александроўскай. Тады Ілля быў студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, займаўся ў класе Пятра Рыдзігера і, увасабляючы бацьку, занепакоенага закаханасцю сына, атрымаў не толькі лаўрэацкае званне, але і спецыяльны прыз "За высокае акцёрскае майстэрства і яркую тэатральную выразнасць". Але ж як паглыбілася цяперашняе разуменне салістам гэтай музыкі! У адну арыю ён быццам уклаў і "перадгісторыю" свайго персанажа, і трагічны фінал оперы, спалучыўшы тэмбравую прыгажосць спеваў з унутраным драматызмам, амаль "бясконцую" працягласць фразіроўкі - з жывым "дыханнем" чалавека, якому вельмі складана далося ў душы прыняцце бескампраміснага рашэння. Таму, суцяшаючы сына, ён "угаворвае", найперш, сябе самога ў сваёй праваце.

Падобная "шматслойнасць", неадназначнасць героя, што трапіў у палон сваіх душэўных ваганняў, чыталася і ў сільчукоўскім выкананні арыі князя Кізгайлы з оперы "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча. Увогуле, асобную "прыступку" ў канцэрце па праве заняла беларуская музыка. Вячаслаў Воліч, выступіўшы не толькі дырыжорам, але і музычным кіраўніком праекта, уключыў у праграму таксама сімфанічны Кант-гімн Вячаслава Кузняцова і надаў партытуры папраўдзе "кантаўскае" гучанне. У выніку ўсё другое аддзяленне аказалася "акантаваным" строгай, узнёслай харальнасцю, бо завяршаўся канцэрт Малітвай Сантуцы з оперы Масканьі "Сельскі гонар", прычым з удзелам хору (галоўны хормайстар - Ніна Ламановіч). Дарэчы, харал і кант ужо самі па сабе асацыіруюцца з мернай, зладжанай хадой па прыступках, што можа працягвацца да бясконцасці. Чым не сімвал упартага скарэння вяршынь?

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"