Цымбальны Паганіні

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Што можа быць лепшым перадкалядным падарункам, як не сольны канцэрт Міхаіла Лявончыка! Малады найталенавіты цымбаліст, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі выступіў у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, якім у той вечар дырыжыраваў малады Аляксандр Высоцкі.

 

М.Лявончыка невыпадкова называюць "цымбальным Паганіні". На справе ж ён - музычны "ўнук", калі можна так сказаць, Іосіфа Жыновіча - заснавальніка прафесійнай школы навучання ігры на беларускіх цымбалах. Бо вучыўся ў класе цудоўнага прафесара Таццяны Сергіенка - непасрэднай вучаніцы І.Жыновіча. Яшчэ будучы студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Міхаіл здзейсніў тытанічны крок не толькі ў тэхнічнай, але і ў мастацкай сферах. Ужо тады ён граў смела, лёгка, упэўнена, акрылена, натхнёна, віртуозна. І прадоўжыў не толькі нацыянальную, але і ўласна сямейную, патомную традыцыю ігры на гэтым інструменце. Бо цымбалістам, салістам Беларускай дзяржаўнай філармоніі, быў яго бацька- Аляксандр Лявончык, які першым з кагорты цымбалістаў атрымаў аспіранцкую адукацыю. Міхаіл Лявончык таксама скончыў аспірантуру - на аддзяленні джаза Мюнхенскай кансерваторыі імя Р.Штрауса. І на сёння ён з'яўляецца не толькі самым вядомым цымбалістам у Еўропе, але і, бадай, адзіным джазавым выканаўцам на беларускіх цымбалах, якія гучаць у яго, як нейкі экзатычны інструмент. Дый у цяперашнім канцэрце многія творы гучалі ў яго ўласнай аранжыроўцы, з відавочнымі лявончыкаўскімі "родавымі плямамі".

Кожны нумар здаваўся папраўдзе каронным. У Чаконе І.С. Баха стыльнаму інтэрпрэтатару ўдалося ў многім данесці светаадчуванне гэтага так да канца і не разгаданага кампазітара. На адным дыханні прагучала "Кампанэла" Н.Паганіні - Ф.Крэйслера: тут былі парыў, стыхія, імклівасць на мяжы магчымага і немагчымага. Своеасаблівым катэхізісам сучаснай цымбальнай тэхнікі сталавыкананне Фантазіі Г.Веняўскага на тэмы з оперы "Фауст" Ш.Гуно. Другое аддзяленне было накіравана на выяўленне аднаго з найбольш моцных амплуа М.Лявончыка - імправізацыю. Музыкант выяўляў не толькі ўласнае майстэрства, але і імкненне як мага больш прэзентабельна паказаць сваіх сяброў-партнёраў: Сяргея Шаптунова (ударныя), Паўла Неўмяржыцкага (баян). А з нямецкім саксафаністам Янам Грынбертам ён граў не толькі на цымбалах-прыма і цымбалах-альт, але і на фартэпіяна, якім валодае не менш свабодна і віртуозна. Фіналам святочнага шоу сталі бліскучыя Інтрадукцыя і Чардаш А.Цыганкова, у якой майстар саліраваў разам з юнай цымбалісткай Аляксандрай Дзенісеняй. Не разгубіўшыся, тая цудоўна справілася са звыштэмпамі асобных фрагментаў гэтай экспансіўнай, суперраскошнай феерыі. Але гук яе інструмента моцна адрозніваўся ад гучання цымбалаў М.Лявончыка, недасягальнага ў вялізнай разнастайнасці адценняў.

Міхаіл СОЛАПАЎ, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь