Менавіта гэтую праблему як агульнарэспубліканскую ўзняў карэспандэнт Яўген Рагін у артыкуле "Як вырашыць праблему "ціхага" бібліятэкара?" ("Культура"№ 48 за 2009 г.). Як ні чыталі мы гэты артыкул шмат разоў, так і не ўбачылі ў ім пастаўленай праблемы, тым больш - яе вырашэння. Разам з начальнікам аддзела культуры карэспандэнт наведаў чатыры сельскія бібліятэкі. Пры гэтым у адказ на наша пытанне "Што кепскага ўбачылі вы ў нашых сельскіх бібліятэках?" з упэўненасцю зазначыў: "Нічога, усё добра, але нічым не здзівілі". І сапраўды, няма ў артыкуле нічога дрэннага ў тых замалёўках з натуры ў працы сельскіх бібліятэк. Бібліятэкары з аграгарадоцкай Кляпацкай бібліятэкі цесна супрацоўнічаюць з Домам культуры, "метадычна-сцэнарная падтрымка творчых вечароў заўжды кладзецца на бібліятэкараў".
У Новазасімавіцкай бібліятэцы масавыя бібліятэчныя мерапрыемствы ладзяцца найперш з навучэнцамі, а бібліятэкар чытальнай залы Таццяна Гуторкіна "крэатыў літаральна выпраменьвае". У Вялікасельскай новы від платных паслуг - пракат дыскаў з мастацкімі фільмамі, і бібліятэкар Наталля Пілюцік "развешвае па вёсцы аб'явы аб новых фільмавых набытках". Бібліятэкара Мураўскай бібліятэкі Алену Усік любяць усе. Яна і з дарослымі чытачамі ўмее працаваць, і з дзецьмі. Да таго ж, "па ініцыятыве і артыстызме клубнікам ніяк не саступае" і таму "валадарыць на клубнай сцэне". Дык адкуль раптам узялася праблема "ціхага" бібліятэкара і чым павінны былі здзівіць карэспандэнта бібліятэкары, ды, на жаль, не здзівілі? Пра многае сказаў карэспандэнт ужо першым радком свайго артыкула, зазначыўшы, што "пісаць пра бібліятэчную справу надзвычай складана". А нам да гэтага хочацца дадаць: сапраўды складана, калі за гэта бярэцца недасведчаны ў тонкасцях нашай працы карэспандэнт, які прыехаў ужо з гатовым стэрэатыпам і, лічым, таму і не ўбачыў ні "крэатыву", ні "піара". І выявіў "не толькі станоўчае", але і негатыўнае ў рабоце бібліятэк Пружаншчыны. Толькі на пытанне, у чым той негатыў і каму яго можна "залічыць", мы да гэтага часу не знаходзім адказу: няма ў артыкуле ні прыкладаў негатыву, ні праблемы. Вывад усеагульнага ахайванняпрафесіі бібліятэкара зроблены хіба што на аснове ўласных заключэнняў. Добрага якраз карэспандэнт павінен быў знайсці шмат, ды толькі гэта не ўпісвалася ў яго праграму. І таму "не здзівілі"...
Затое карэспандэнт здзівіў нас многім. Здзівіў "пажарным" падыходам да падрыхтоўкі такога грунтоўнага артыкула. Вырашаць праблему невывучанай галіны за некалькі гадзін без прысутнасці кіраўніка, дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, - не кожны возьмецца за такое. Яўген Мікалаевіч узяўся! І прыйшоў да скажэння многіх фактаў, інакш і быць не магло. Бо выправіць шматлікія недарэчнасці спецыялістамбібліятэкарам не прадаставілася магчымасць. І ў выніку ўсе прачыталі артыкул, у якім убачылі ярка выражанае супрацьпастаўленне клубнай і бібліятэчнай дзейнасці. Атрымаліся сапраўды "дзве плыні", але, на жаль, пры такім падыходзе, не ў "адно рэчышча": "...у клубнікаў вынік дзейнасці досыць выразны і яркі"; "...штодзённыя захады бібліятэкараў аднесці да масавых мерапрыемстваў іншым разам цяжка"; "...бібліятэкары ў прапагандзе кнігі не такія яркія і выразныя, як клубнікі на сцэне. Гэта і трывожыць. За невідовішчнасцю пакрысе прарастае "сціпласць", паглынае руціна, буяе абыякавасць". Дзе факты ў артыкуле, якія сведчаць аб "руціне і абыякавасці"? Няма іх. Карэспандэнт зноў здзівіў нас знявагай да бібліятэчнай дзейнасці, якая, на яго думку, ні ў якое параўнанне з клубнай не ідзе. І мы ніяк не пераконвалі яго, што "любы сельскі бібліятэкар- прафесіянал".
Пераконвалі ў адваротным (ды так і не пераканалі): лозунг савецкіх часоў "кадры вырашаюць усё" актуальны па-ранейшаму. І няўжо прафесіяналу-журналісту цяжка зразумець, што і ў клубнай, і ў бібліятэчнай сферы ёсць надзвычай актыўныя, творчыя, цікавыя людзі, а ёсць і шараговыя, а падчас - проста недобрасумленныя ў адносінах да справы. Як ёсць і не вельмі добрыя ўрачы, педагогі ды й наогул прадстаўнікі ўсіх прафесій, у тым ліку і журналісты. Але працаваць даводзіцца з тымі кадрамі, што маем, бо іншым разам і не вельмі добрасумленных замяніць няма кім, асабліва на вёсцы. Тут усяго адзін бібліятэчны спецыяліст з вышэйшай адукацыяй. Хоць у карэспандэнта наконт гэтага аказалася свая думка: "Няма чаго рабіць на вёсцы дзяўчыне ці хлопцу з вышэйшай адукацыяй". Дык адкуль будзе "выпраменьвацца крэатыў"? Мы нават прыклад прывялі, што на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў не атрымалі ніводнага выпускніка дзённага аддзялення універсітэта культуры. І таму нават у цэнтральную раённую бібліятэку даводзілася прымаць на работу спецыялістаў з сярэдняй бібліятэчнай адукацыяй. Праўда, амаль усе яны адразу працягвалі вучобу ў ВНУ, бо разумелі: сучаснаму "сціпламу" бібліятэкару патрэбна шмат ведаў. "Трэба было вучыць сваіх", - параіў Яўген Мікалаевіч. Вучылі, ды толькі тыя да месца работы "не даязджалі", шукалі больш аплачваемую працу, найчасцей - у сталіцы. І таму вучоба кадраў у бібліятэчнай маркетынгавай дзейнасці - адзін з вядучых, прыярытэтных накірункаў. Шкада, што карэспандэнт адмовіўся паслухаць "сціплых" і "ціхіх-незаўважных" дырэктара ЦБС Н.Супруновіч і загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Н.Шабуня аб тым, як наладжана сістэма бесперапыннай адукацыі бібліятэкараў раёна. Дарэчы, пры гэтым Яўген Мікалаевіч зноў здзівіў нас, загадаўшы апошняй: "Я пазбаўляю вас права голасу".
А дарэмна: чаму б і не паслухаць чалавека, які прафесіі бібліятэкара вучыўся 7 гадоў (спачатку - тэхнікум, пасля - універсітэт), адпрацаваў у галіне 35 гадоў, не змяняючы ні разу месца працы, прайшоў шлях ад сельскага бібліятэкара да загадчыка аддзела маркетынгу (раней - арганізацыйна-метадычнага) і цягам 22 гадоў непасрэдна працуе на імідж бібліятэк раёна, а таму як ніхто іншы можа расказаць шмат цікавага, ды й "пралікі" і праблемы азначыць? Можа... Ды, на жаль, карэспандэнту гэта не спатрэбілася. За нейкія 15 - 20 хвілін, што адвёў ён размове з кіраўніцтвам (ды пры гэтым і не чакаў адказу на пастаўленыя пытанні, бо меў на іх свае варыянты адказаў), карэспандэнт паспеў зрабіць высновы аб "сціпласці" і "незаўважнасці", якая вядзе да "руціны" і "абыякавасці". Сапраўды, сціпласць як чалавечая якасць - зусім не загана, і мы ганарымся, што яна ўласціва прадстаўнікам бібліятэчнай прафесіі. Менавіта таму бібліятэкі "сустракаюць цішынёй", тут няма месца грубасці, пошласці і беспарадку. Іншаясправа- "сціпласць" у сэнсе прафесійным. Сучасны бібліятэкар не можа быць сціплым у сэнсе "ціхі". Нам, як і многім калегам у межах вобласці і рэспублікі, ёсць чым пахваліцца. Вельмі шкада, што карэспандэнт не захацеў убачыць, што "Школа маладога бібліятэкара", якую ён адзначыў адным радком, - гэта толькі старт для бесперапыннай адукацыі. А яшчэ працуе прафесійны клуб "Дыялог" - для бібліятэкараў з вопытам работы, праводзяцца праблемныя семінары, "круглыя сталы", прафесійныя конкурсы, дзейнічае "Школа спецыяліста" для супрацоўнікаў бібліятэк горада. І ў рамках гэтых форм мы імкнёмся "выпраменьваць крэатыў", амаль кожная з якіх суправаджаецца паказальным масавым мерапрыемствам. А ў бягучым годзе менавіта супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу і дырэктар ЦБС выйшлі на кіраўніцтва аддзела культуры з прапановай аб правядзенні сумеснага семінара бібліятэчных і клубных работнікаў раёна (падобны адбыўся ўпершыню).
Думку аб гэтым мы даводзілі даўно на ўсіх сваіх формах вучобы, бо пад час правядзення раённых аглядаў-конкурсаў на лепшае масавае мерапрыемства неаднаразова былі сведкамі эфектыўнасці і высокага ўзроўню мерапрыемстваў, праведзеных сумесна. Гэта і зразумела. Інфармацыя, мастацкае слова ў спалучэнні са сродкамі мастацтва - музыкай, песняй, тэатралізацыяй - ці не гэта здольнае ўзрушыць гледача і слухача? Таму мы па-сапраўднаму шчыравалі над праграмай семінара і яе рэалізацыяй. Прапанавалі для сумеснага правядзення ў якасці паказальнага мерапрыемства традыцыйную форму літаратурнай вечарыны, склалі сцэнарый, у які заклалі нетрадыцыйныя, "крэатыўныя" элементы (дэманстрацыя слайдаў, мастацкае чытанне і тэатралізацыю ўрыўкаў з твораў). Да гонару калег-клубнікаў, з тэатралізацыяй яны справіліся цудоўна. Гэта і зразумела: не ўсе бібліятэкары ды й нават не ўсе клубнікі здольныя на такі артыстызм. Дык ці можна ставіць у віну бібліятэкарам, што іх мерапрыемствы не такія "яркія" і "відовішчныя"? Сапраўды, не кожны бібліятэкар можа "валадарыць" на сцэне. Нас гэтаму не вучаць. "Відовішчнасць" - хлеб клубнікаў, менавіта за гэтую дзейнасць, а таксама колькасць гурткоў і аб'яднанняў калегі-клубнікі атрымліваюць зарплату. Наш жа заробак вызначае колькасць чытачоў, а масавая работа скіравана ў першую чаргу на прапаганду бібліятэчных фондаў. Наша бібліятэчная дзейнасць рэгламентуецца службовымі інструкцыямі, і функцыі яе адрозніваюцца ад клубнай. Кожнае наша мерапрыемства носіць інфармацыйнапазнаваўчы ці выхаваўчы характар. Кожнае з іх разлічана на пэўную ўзроставую катэгорыю і часта, нягледзячы на камернасць, нешматлікую аудыторыю, з'яўляецца эфектыўным, эмацыянальным і карысным. Прыярытэтныя групы ў рабоце бібліятэк - дзеці, падлеткі, моладзь, людзі пажылога ўзросту, інваліды і адзінокія. Для апошніх устаноўлены нават Дзень добрых паслуг, калі бібліятэкары наведваюць іх дома.
Менавіта з гэтымі катэгорыямі бібліятэкі вядуць асноўную сваю індывідуальную і масавую работу, выконваючы шматлікія дзяржаўныя праграмы. Чаму сярод чытачоў мала мужчын 30 - 50 гадоў? Дык іх рэдка бачна не толькі ў бібліятэцы. І на бацькоўскіх сходах у школах, і ў царкве, і на клубных мерапрыемствах, і ў бібліятэках пераважная большасць - жанчыны. Урэшце, сапраўдныя мужчыны гэтага ўзросту вырашаюць праблемы сямейнага дабрабыту, і часта ім не да кніг, асабліва - у сельскай мясцовасці, і таму пад час наведвання карэспандэнта дзіўна было б сустрэць мужчын гэтага ўзросту ў бібліятэцы. Ды наогул, "перапоўненых чытальных залаў" нам, старажылам, бачыць не давялося, бо іх у вёсцы ніколі не існавала. А самі чытачы ў рабочы час тут таксама натоўпамі ў бібліятэку не ходзяць і ніколі не хадзілі. Чэргі чытачоў можна ўбачыць толькі ў гарадскіх бібліятэках. Нягледзячы на цудоўныя ўмовы ў аграгарадках, кантынгент чытачоў і іх актыўнасць у чытанні усё ж саступае і будзе саступаць гарадскім. Мы вельмі добра разумеем "...інфармацыйна напружаны час на двары" і сваю задачу як "аналітыкаўпрагназістаў, актыўных рэалізатараў творчай прадукцыі і "рэкламшчыкаў". Дык чаму ж не пішам у "Культуру"? Сапраўды: пішам шмат, але больш за ўсё - у раёнку. І наш "піар" у мясцовай газеце апраўданы. Для нас яна - самае прэстыжнае выданне, бо чытае яе большасць жыхароў нашага раёна, тыя, на каго мы працуем. Яерэдактар - беларускі паэт, чалавек года Брэсцкай вобласці і заслужаны журналіст Беларусі Мікола Антаноўскі не вартай увагі інфармацыі ў газету не прапусціць. А нашых публікацый тут сапраўды шмат. Толькі невялікае ўдакладненне: ніхто і ніколі не прымушаў нас гэта рабіць. Можна звярнуцца да архіва газетных выразак, пачынаючы з 60-х гадоў, і пераканацца ў гэтым, а заадно прасачыць гісторыю развіцця бібліятэчнай справы і выявіць той самы "крэатыў".
А загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Н. Шабуня - самы актыўны пазаштатны карэспандэнт сярод усіх работнікаў культуры. А яшчэ раёнка часта "піарыць" мерапрыемствы, праведзеныя ў літаратурнай гасцёўні "Сустрэча", якой на працягу 15 гадоў кіруе менавіта загадчык аддзела маркетынгу, з'яўляючыся не толькі аўтарам шматлікіх ідэй, але і аўтарам усіх сцэнарыяў праведзеных мерапрыемстваў, а яшчэ і рэжысёрам, і вядучай. Чым не індывідуальны праект (прабачце за нясціпласць!) "уласнага самаразвіцця"? За гады існавання гасцёўня стала ўлюбёным месцам сустрэч для шматлікіх беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку сталічных. Цяжка паверыць, што за гады існавання гасцёўні ў нашых мерапрыемствах прымалі ўдзел больш за 50 спевакоў і музыкантаў (вопыт гэтага супрацоўніцтва з выкарыстаннем слайдаў мы і паказалі на сумесным семінары). На многія з іх часта запрашаем павучыцца сельскіх бібліятэкараў. А колькі талентаў выявілі мы на Пружанскай зямлі! І ў горадзе, і ў вёсках нашага раёна арганізавалі цыкл вечароў-сустрэч "Добры вечар, землякі!". Вечары-прэзентацыі маладых талентаў Пружаншчыны сталі лагічным працягам у сістэме работы з моладдзю. Па выніках аднаго з вечароў-прэзентацый быў выдадзены зборнік маладых паэтаў Пружаншчыны "На пачатку дарогі". Амаль кожнае з мерапрыемстваў, праведзеных у гасцёўні, не абыходзіла сваёй увагай "раёнка". І тое, што аб станоўчай рабоце бібліятэк часцей пішам не мы, а пішуць пра нас - значна каштоўней і для нас, і для газеты. І той факт, што колькасць такіх артыкулаў вырасла ў апошнія 3 гады з 13 да 50 штогадова, мы лічым сведчаннем высокага прэстыжу нашых бібліятэк. Моладзь, а таксама настаўнікі і бібліятэкары - асноўныя карыстальнікілітаратурна-краязнаўчых выданняў, выдадзеных аддзелам бібліятэчнага маркетынгу ў 3-х серыях: "Мой родны кут", "Знакамітыя землякі", "Таленты Пружаншчыны" (яшчэ адзін з індывідуальных праектаў загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу). І хоць карэспандэнт усумніўся, ці ж "можам мы здзівіць моладзь, да прыкладу, Шырмай", мы ўпэўнены, што не проста можам, а павінны здзіўляць духоўнай спадчынай славутых землякоў, якія праславілі родную культуру нават далёка за яе межамі. Павінны на гэтых прыкладах выхоўваць, здзіўляючы феноменам таго ж Рыгора Шырмы, які, не маючы ніякай музычнай адукацыі, узняўся на вяршыню харавога мастацтва і быў беларусам не толькі паводле паходжання, а і паводле сваёй высокай духоўнай культуры.
А ці ж не феномен наш славуты зямляк Забэйда-Суміцкі, які спяваў на 17-ці мовах свету і панёс беларускую песню далёка за межы Бацькаўшчыны, на еўрапейскую сцэну? Ці ж не павінна ведаць моладзь аб феномене Алены Аладавай, якой не было роўных у савецкім музеязнаўстве 2-й паловы ХХ стагоддзя, і цікавае, шматграннае жыццё якой было дарэшты аддадзена нацыянальнай культуры? Не працягваючы гэты пералік, няцяжка зразумець, які вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць дадзеныя выданні. І таму асобныя школы набылі поўныя камплекты гэтых выданняў. Жадалі б усе, ды, бяда, няма грошай. І дырэктару цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Н.Супруновіч - спецыялісту-прафесіяналу з 23 гадовым стажам - было што расказаць карэспандэнту. З вопытам работы бібліятэк аграгарадкоў яна, адзіная ад вобласці, знаёміла ў форме электроннай прэзентацыі ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі, якая адбылася на Украіне. Зрабіць бібліятэкі прывабнымі для чытачоў ва ўмовах вострага недахопу фінансавых сродкаў - справа не з лёгкіх. Капітальны рамонт - справа першарадная, але не адзіная. Трэба яшчэ стварыць сучасны дызайн у афармленні бібліятэчнага асяроддзя. І карэспандэнт не мог не заўважыць, што ён сапраўды адпавядае слову "сучасны". У гэта ўкладзены фантазія і творчасць кіраўніцтва, маркетолагаў і бібліятэкараў ЦБС. І пры гэтым менавіта дырэктар шукае найтаннейшыя шляхі вырашэння дадзенай праблемы. І таму, да прыкладу, тыя ж інфармацыйныя стэнды мы не купляем, а робім іх уласнымі сіламі, бо эканомім кожную капейку, добра разумеючы, што ў "дзяржавы няма лішніх грошай". Праблема "Ці гатовы працаваць сельскія бібліятэкары з камп'ютэрамі?" дырэктара ЦБС зусім не палохае. Былі б камп'ютэры, а навучыцца - не праблема. Гэтаму - амаль усе, без курсаў,- навучыліся супрацоўнікі цэнтральнай раённай і ўсіх гарадскіх бібліятэк. Практыка - лепшы настаўнік. Менавіта таму сельскія бібліятэкары праходзяць курсы па навучанні працы з камп'ютэрам у цэнтральнай раённай бібліятэцы. Можна і далей пералічваць прыклады беражлівасці фінансавых сродкаў, актыўнай і ніяк "не абыякавай" пазіцыі кіраўніка цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. І зусім не выпадковасць, што яна ў ліку двух бібліятэчных работнікаў ад усёй вобласці па выніках мінулага года ўзнагароджана Ганаровай граматай абласнога выканаўчака камітэта. Лічым, што робім нямала і не скардзімся на нізкую зарплату. Толькі ў карэспандэнта наша думка набыла адваротны сэнс. Аб цікавых набытках сучаснай інфармацыйна-маркетынгавай дзейнасці і практыцы работы бібліятэк у цэлым кожная з бібліятэк рэспублікі можа расказаць шмат - не хопіць старонак газеты. Мы ж зусім трошкі расказалі пра сябе. Упершыню праявілі нясціпласць, засяродзіўшы ўвагу на "ўласных" творчых праектах. Увогуле ж, мы сапраўды ганарымся "па вартасці творчым калектыўным плёнам".
Прыведзеныя прыклады з нашай практыкі - маленькая часцінка ў тым шматаспектным працэсе бібліятэчнай дзейнасці наогул і працы асобнага сучаснага бібліятэкара, якую ў першую чаргу вызначаюць прафесіяналізм, глыбіня, інтэлект, эрудыцыя, самааддача і працавітасць. Сапраўды, шмат часу бібліятэкара займае работа па арганізацыі "сваёй гаспадаркі", стварэння даведачна-інфармацыйнага аппарата: без гэтага немагчымае якаснае абслугоўванне чытача. Невыпадкова групу вядучых спецыялістаў Нацыянальнай бібліятэкі ў мінулым годзе цікавіла менавіта работа з фондамі, каталогамі і картатэкамі. І наведаўшы Навасёлкаўскую бібліятэку аграгарадка № 1, яны засталіся задаволены станам нашай работы. Гэта - "наш хлеб". І самае галоўнае, чым мы можам і павінны здзіўляць штодзённа сучаснага карыстальніка, - гэта аператыўнасць, паўната інфармацыі і высокая культура абслугоўвання. Задача - не з лёгкіх, асабліва - ва ўмовах збяднення фондаў бібліятэк. Пахвальна, што сітуацыя ў камплектаванні фондаў апошнім часам змянілася і ўзята пад кантроль дзяржавы, бо на сённяшні дзень задавальненне ў поўным аб'ёме чытацкіх запытаў - гэта сапраўды праблема. І ніякія "выдаткі камп'ютэрнай эпохі" не змогуць прынізіць ролю кнігі і бібліятэкі. І ці можа нехта аспрэчыць словы вялікага чалавека, акадэміка Д.Ліхачова: "Пакуль жыве бібліятэка - жывы народ; памрэ яна - памрэ наша мінулае і будучае"? Яму ж належыць і выказванне аб тым, што "бібліятэкі - самае важнае ў культуры". І таму бібліятэчны "крэатыў" ніяк не можа раўняцца з клубным. Натуральна, мы - за разумнае супрацоўніцтва. Але гэта не навіна і не новаўвядзенне.
У раёне на сённяшні дзень шмат прыкладаў пастаяннага супрацоўніцтва, якое прыводзіць да станоўчага выніку. А там, дзе яго няма, зусім не азначае, што ў гэтым вінаваты "сціплы" і "ціхі" бібліятэкар. Чаму ж клубным работнікам не пайсцінасустрач і не дапамагчы сваім калегам-бібліятэкарам зрабіць іх мерапрыемствы такімі ж яркімі і відовішчнымі, а ад іх атрымаць кампетэнтную сцэнарна-метадычную дапамогу, выкарыстаўшы для гэтага шырокія магчымасці аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі? Вось гэта і будзе вырашэннем праблемы "ціхага" бібліятэкара. Як вырашае яе, да прыкладу, супрацоўніца Сонечнага дома культуры Святлана Багдановіч. Разам са "сціплай" калегай-бібліятэкарам Антанінай Іванаўнай Фасевіч, сапраўднай знаўцай кнігі, яны ладзілі цудоўныя бібліятэчныя мерапрыемствы, у якія ўмела ўпляталіся элементы гульні і тэатралізацыі. І цяпер робіць гэта з новым, маладым, бібліятэкарам Наталляй Майкевіч і па-ранейшаму працягвае гэтак жа актыўна супрацоўнічаць з былым бібліятэкарам, якая цяпер працуе ўжо ў Новазасімавіцкай сельскай бібліятэцы. Такімі ж "сваімі" лічыць бібліятэчныя мерапрыемствы і дырэктар Сонечнага дома культуры Наталля Плеска. Ды толькі ў артыкуле зноў атрымалася недарэчнасць. Пра іх супрацоўніцтва з Новазасімавіцкай бібліятэкай карэспандэнт і не ўспомніў, затое пахваліў за актыўнае супрацоўніцтва бібліятэкара чытальнай залы Таццяну Гуторкіну з мясцовым Домам культуры, з якім у бібліятэкі яно пакуль на самай справе не наладжана. І не могуць цяпер яны, сціплыя і сумленныя бібліятэкары, па яе словах, нават не тое што спаць спакойна, а паглядзець у вочы супрацоўнікам абедзвюх клубных устаноў. І ўжо зусім абурыла Таццяну Гуторкіну няпраўда ў словах, што яна "не лянуецца практычна штодня абыходзіць увесь пасёлак у пошуку чытачоў". Здаецца, "пахвалілі", а на самой справе - пакрыўдзілі сумленнага чалавека: яна ніяк не хоча прыпісваць сабе таго, чаго не было на самай справе. Як жа чытальную залу зачыніць і "штодня бегаць у пошуку чытачоў"? Ды й патрэбы ў гэтым няма: чытачы ідуць у бібліятэку самі, і іх колькасць - ужо вышэйшая за планавыя паказчыкі, нягледзячы на той факт, што на тэрыторыі зоны абслугоўвання ёсць яшчэ школьная і бібліятэка воінскай часці. І сапраўды, сумленнаму чалавеку цяжка змірыцца з такой няпраўдай. Не лішнім тут будзе прыгадаць мудрасць народнай прыказкі "Куляй можна раніць аднаго, а словам - тысячы".
Вось і ў Яўгена Мікалаевіча так атрымалася, чаго не павінна здарацца з журналістамі, бо яны нясуць адказнасць за дакладнасць прыведзеных фактаў. Яго ўласныя высновы зняважылі ў цэлым прафесійную годнасць прадстаўнікоў высакароднай і інтэлектуальнай прафесіі, і зусім не па адрасе абвінавачванні ў "абыякавасці" і "руціне" канкрэтных асоб. Сапраўды: "занадта гэта проста". А праблемы ў бібліятэках сапраўды існуюць. І самая цяжка вырашаемая з іх - выкананне планаў платных паслуг. Менавіта гэтую праблему мы і ўбачылі ў радках артыкула. Наш план у 20,5 мільёна рублёў карэспандэнт палічыў невялікім. Сказаць, што гэта так, мы не можам, бо прыкладаем усе намаганні, каб яго выканаць. Гэта сапраўды вырастае ў вялікую праблему ва ўмовах, калі не папаўняюцца своечасова тыя ж камерцыйныя фонды, не хапае тэхнікі, якая часта псуецца, а якасна яе абслугоўваць, тым больш - рамантаваць, інжынер, працуючы на 0,5 стаўкі, не ў стане. Сёння ў пераліку 20-ці відаў паслуг ёсць ужо і зусім небібліятэчныя: падключэнне на ўмовах дагавора абанентаў сотавай сувязі, пракат відэадыскаў, распаўсюджванне інтэрнет-карт. І не можам не думаць пра перспектывы, якія нас палохаюць, бо бібліятэка - такая ўстанова, якая бясконца свой асартымент платных паслуг пашыраць не можа. І таму мы чакаем ад галіновай газеты, што яна выйдзе на канкрэтныя прапановы, якіх усе спецыялісты-бібліятэкары даўно чакаюць ад Міністэрства культуры. Паўстала вострая неабходнасць у стварэнні дакумента, рэгламентуючага дзейнасць бібліятэк па аказанні платных паслуг насельніцтву. Павінны пры гэтым улічвацца ўмовы кожнай установы: наяўнасць тэхнікі, колькасць насельніцтва і чытачоў, штаты супрацоўнікаў. Жыццёва важным з'яўляецца і пытанне мэтавага выкарыстання фінансавых сродкаў: у першую чаргу гэта адносіцца да найбольш папулярнага віду паслуг - карыстання камерцыйным фондам. Ніхто не павінен забываць, што гэтыя фонды павінны своечасова абнаўляцца, бо створаны яны на сродкі чытачоў. Не залішнім будзе той жа "Культуры" абагульніць лепшы вопыт бібліятэк рэспублікі, дзе і высокія планы платных паслуг выконваюцца, і работа па якасным задавальненні запытаў сучаснага чытача на высокім узроўні.
Пакуль бібліятэка - установа дзяржаўная, таму і падыход да агульных і важных праблем галіны павінен быць адпаведным. Аднымі "тэатралізаванымі прадстаўленнямі", асабліва на вёсцы, праблему не вырашыць. У рэспубліканскім друку бібліятэкам не часта прысвячаюць артыкулы на цэлы разварот. Шкада, што ўсё вылілася толькі ў неіснуючую праблему "ціхага" бібліятэкара. Думаем, што рэзананс на гэты артыкул будзе прадоўжаны нашымі калегамі ў межах рэспублікі, бо прамаўчаць - азначае згадзіцца з тым, што мы - "ціхія, абыякавыя", а значыць - нецікавыя нашым чытачам. А ад карэспандэнтаў выданняў любога ўзроўню хочацца бачыць больш увагі да вывучаемых праблем, як і больш павагі да людзей, спецыялістаў-прафесіяналаў адпаведнай галіны. Бо, без перабольшвання, можна сказаць, што неаб'ектыўнасць дарагога каштуе - здароўя чалавека.
Ніна Шабуня, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Засіма (ад імя калектыву Пружанскай ЦБС