Ён быў вельмі пладавіты. Часу ў яго хапала на ўсё: чытаць, тварыць, выкладаць, працаваць на дачы. Але галоўным для яго было ўсё ж мастацтва. Эскіз, накід да сваёй будучай карціны Ю.Нікіфараў рабіў за некалькі хвілін. Працаваў гуляючы. Некалькімі лініямі мог намаляваць найскладаную шматфігурную кампазіцыю. Ідэі ў мастака спантанна не ўзнікалі: здавалася, яны жылі ў ім з самага пачатку і толькі чакалі зручнага моманту для таго, каб натхнёна заявіць аб сабе. Дасканала валодаў законамі пластыкі, кампазіцыі, колерарытмікі.
Паспяхова скончыўшы Ялецкае мастацкае вучылішча, Юрый Іванавіч пайшоў працаваць настаўнікам малявання і чарчэння. Вольны час праводзіў у Доме культуры. Менавіта ў гэтыя гады і нарадзілася ў яго душы любоў да тэатра, бо, ужо будучы студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, Юрый зрабіў серыю тэатральных афіш-плакатаў, якую і абараніў у якасці дыпломнай працы.
З 1966 года — у Бабруйску. Працаваў у драмтэатры, у мастацка-вытворча-тэхнічным вучылішчы, у мастацкіх майстэрнях; выкладаў у дзіцячай школе выяўленчага мастацтва.
Пасля сябе пакінуў шмат накідаў, малюнкаў, ілюстрацый да Шэкспіра, эскізаў тэатральных дэкарацый і афіш, сотні карцін, завершаных і незавершаных. Як лёгка ён іх ствараў — гэтак жа лёгка і расставаўся з імі. Карціны сыходзілі да сяброў і ўсіх тых, хто любіў яго мастацтва. Шмат работ у якасці падарунка знайшлі сваё годнае месца ў гарадскім дзіцячым доме.
Сённяшняя выстаўка з’яўляецца данінай павагі да майстра, улюбёнага ў творчасць, цудоўнага чалавека і патрыёта горада Юрыя Нікіфарава.
Значная частка твораў прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Вострая дынаміка руху, дэфармацыя форм, колеравая экспрэсія ў карцінах “Рэквіем па камбату” і “Тыл” перадаюць трагедыю вайны вобразна і выразна. Асуджэнне і бяссілле перад маральнай слепатой і ўпадкам нораваў раскрыты ў рабоце “Звер чакае”. Міфалагічным сюжэтам прысвечаны карціны “Адысей на востраве Цырцэі”, “Пікнік з Праметэем”, “Міфы”, якія маюць вострасучасны шматмоўны характар… Дадам, што ў творчасці мастака нямала работ, звернутых да сусветнай і айчыннай літаратурнай класікі: ілюстрацыі да твораў Шэкспіра, Дантэ, Гётэ, Пушкіна.
Юрый Нікіфараў пакінуў пасля сябе вялікую духоўную спадчыну, і за гэта мы яму ўдзячны.
Ала АЛЬФЯРОВІЧ-МАЛЬЦАВА,
метадыст выставачнай залы г. Бабруйска