“Віёла” на “… Асамблеях”

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Два дзесяцігоддзі працуе Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў № 1, дзе займаюцца 700 чалавек. Большая палова адзначана дыпломамі і граматамі прэстыжных конкурсаў і фестываляў. 27 з іх маюць стыпендыі і прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Больш за 100 выпускнікоў звязалі жыццё з прафесійным мастацтвам.

У школе, якой кіруе Ніна Сурэнкіна, - музычнае, тэатральнае, харэаграфічнае, мастацкае аддзяленні. У 2005 годзе да іх дадаўся дызайн. Навучанне дзяцей вядзецца па 15 аўтарскіх праграмах, зацверджаных Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Вось што распавядаюць настаўнікі школы пра свой штодзённы клопат. Наталля Дурэйка, загадчык тэатральнага аддзялення і мастацкі кіраўнік узорнага дзіцячага тэатра "Рэха": - Навучанне прадугледжвае сямігадовы курс. Гэта заняткі па сцэнічнай мове і сцэнічным руху, па тэатральнай ігры. У старшых класах - вакал, гісторыя тэатра. Кожны год працуем над 2 - 3 спектаклямі. Пастаноўка "Вітражы" была адзначана дыпломам І ступені на Міжнародным фестывалі дзіцячай тэатральнай творчасці "Казачны карнавал", які ладзіўся ў Львове. Як кажа загадчык мастацкага аддзялення Дзіна Янчанка, на мастацкім аддзяленні займаецца больш за 100 дзяцей, дызайну навучаецца каля 20. Астатнія засвойваюць выяўленчае мастацтва. Выхаванцы - лаўрэаты конкурсаў самых розных краін свету: Індыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Сірыі, Тайваня, Чэхіі, Расіі, Польшчы...

/i/content/pi/cult/242/3438/12-1.jpg

- На музычным аддзяленні дзеці могуць займацца на 12 розных інструментах, - зазначае намеснік дырэктара ўстановы, кіраўнік узорнага ансамбля старадаўняй музыкі "Віёла" Ірына Северына. - У выхаванцаў яго ці не найбольшы вопыт удзелу ў міжнародных творчых спаборніцтвах. Яны перамагалі на Еўрапейскім конкурсе піяністаў (Магдэбург), "Петра-Паўлаўскіх асамблеях" (Санкт-Пецярбург), конкурсах піяністаў у Бранску і Мурманску, на "Кубку Белагор'я" (Белгарад). А што да "Віёлы", дык яна мае сваю цікавую гісторыю. Доўгі час я працавала віяланчэлісткай у аркестры Магілёўскай гарадской капэлы, а ў 2001 годзе прыйшла працаваць у ДШМ.

/i/content/pi/cult/242/3438/12-2.jpgПрапанавала стварыць ансамбль у барочным стылі, падобны да тых, якія існавалі ў часы Радзівілаў. Знайшлі рэпертуар: адшукалі творы беларускага кампазітара Войцэха Длугарая. Распісалі ноты для струннага складу. Нумар зрабілі сумесна з харэографамі. Цяпер у "Віёлы" - ужо трэці склад выканаўцаў.

Таццяна МІХАЙЛАВА

На здымках: узорны ансамбль старадаўняй музыкі "Віёла";

 навучэнка ДШМ Ліза Алданава;

 Фота Андрэя СПРЫНЧАНА