“Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая…”

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Нашы чытачы, думаецца, добра памятаюць нядаўні артыкул кінарэжысёра Уладзіміра Арлова “Жыццё…”, распятае неаднойчы”, прысвечаны гісторыі стварэння і шляху да гледача фільма па сцэнарыі Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Далейшыя даследаванні лёсу стужкі пасля публікацыі “К” дапамаглі Уладзіміру Арлову сустрэцца з яе стваральнікамі. Расповед пра тыя сустрэчы аўтар прапанаваў “Культуры” ў артыкуле “Фанфан-цюльпан Уладзіміра Караткевіча”, які, дарэчы, выйшаў у свет у адзін дзень з тэлепрэм’ерай “фільма пра фільм” у рамках праекта “Зваротны адлік” на АНТ. Сёння ж перад вамі другая частка ўспамінаў удзельнікаў тагачасных здымак Караткевічавай стужкі

 

-  (Заканчэнне. Пачатак у № 49 за 2009 г.)

/i/content/pi/cult/242/3433/15-1.jpgПра вытворчасць

- Для ролі апостала мне падцягвалі нос, ладзілі мужчынскі парык, крапалі рабацінне, - усміхаецца актрыса Любоў Румянцава. - Бычкоўская каманда працавала як адзіны арганізм. Усе- маладыя і таленавітыя. Фільм чакаўся як казка! І яшчэ: калі пад час здымак у Ялце ў перапынку гукавікі ўключалі музыку, дык адразу ж да берага прыплывалі дэльфіны! І паказвалі нам такі непаўторны акрабатычны канцэрт! А ў дні, калі здымак не было, яны не прыплывалі... Вядомы трэнер Ігар Смушкевіч выконваў у фільме ролю аднаго з апосталаў. Здымкі яму запомніліся на ўсё жыццё. - Кажуць, акцёры - нейкая замкнутая каста. Не! Я ўдзячны па сённяшні дзень нашай дружнай, светлай маладой кампаніі: працавалі і жылі весела, душэўна. Прыгадваю вось які выпадак: масоўка, што ўвасабляла атакуючых татараў, неяк ненатуральна адмахвалася ад пчолаў, якіх, канешне ж, на пляцоўцы не было. Тады акцёр Аляксей Смірноў, вядомы хахмач, параіў грымёрам абмазаць масоўцы твары нейкім сіропам. І вось тут аднекуль наляцелі сапраўдныя пчолы. Тады ўжо "татары" адмахваліся вельмі нават пераканаўча! Яшчэ адной гісторыяй са здымак гэтага легендарнага фільма падзяліўся народны артыст СССР Леў Дураў: - Аднойчы ў чаканні здымкі пайшоў на блакітны ўзгорак, дзе квітнеў лён. Быў у грыме, белым хітоне, у вяночку. Узышоў... І раптам мяне ўбачылі жанчыны, якія там працавалі. Пападалі на калені, пасунуліся да мяне! Я спужаўся, пачаў крычаць, што я - артыст! Не слухаюць, паўзуць! Я быў у адчаі - і папросту збег. Вось тады адчуў, што такое - місія! Якая гэта адказнасць - місія! Аператар Анатоль Забалоцкі ацэньвае сёння выкананне ім сваёй вытворчай задачы сціпла: - Імкнуўся зняць, каб было прыгожа. Скарыстаў 69 кіламетраў негатыўнай плёнкі. Гэта як дарога ад Мінска да Барысава! Аддаў "Хрысту" тры гады жыцця. Адмовіўся ад прапановы Юры Ільенкі здымаць "Белага птаха з чорнай адмецінай", ад запрашэння Тэнгіза Абуладзэ працаваць над "Малітвай".

/i/content/pi/cult/242/3433/15-2.jpgПра пачатак "укрыжавання"

 Здаваць карціну вазілі ў Маскву ажно дванаццаць разоў! Прычым, у новым, "перакроеным" выглядзе пасля папярэдніх паездак. Але было ясна: немагчыма змяніць галоўную думку, якую заклаў у свой матэрыял Караткевіч. - Яе піналі ўсе, хто хацеў, - з болем узгадвае сёння Анатоль Забалоцкі. - Лёс фільма трагічны, - горка дадае Леў Дураў. - Яго замардавалі. Калі ў стужцы людзі, атрымаўшы хлеб, сталі патрабаваць ад мяне, "Хрыста", новых цудаў - уваскрэшання памерлых, - я стаў ім прамаўляць "анты-запаветы": не працуйце, хлусіце, піце, здраджвайце! Каб падарваць веру ў цуд, пераварочваў "Нагорную казань" - таленавітая думка Караткевіча!.. Прымусілі выразаць. Замест гэтага "накрапалі" нейкі ревалюцыйны заклік: "Народ, я з табой, ты са мной..." Прыбыўшы на агучванне, я адмовіўся гэта вымаўляць - і з'ехаў. Нехта за мяне запісаў гэтыя лозунгі... І ў мяне роля, адна са складанейшых, знікла. І сама карціна знікла... А вось яшчэ: увасобілі Рай. У кляштары працуюць апосталы, усе ў белым, разам з манашкамі, а за намі па ўзараным полі ходзяць... паўліны! Думка пра спрадвечную мару людзей аб цудзе - такі вобраз быў выразны! - Знялі ў Бахчысараі сцэну майго вар'яцтва: на руках у мяне пяцідзённае ягня, сама я ў белым хітоне, з чырвоным шалем, які валочыцца па белым мармуры падлогі, іду і спяваю... І нічога іграць ужо не трэба - такі вобраз! - з жалем гаворыць Любоў Румянцава. - Самыя эмацыянальныя эпізоды выразаны. Акрамя "Вар'яцтва Яна (Марыны)", "Нагорнай казані", "Крыжаўздзвіжання" з фільма выкінулі яшчэ шмат не менш каштоўных эпізодаў. - Караткевіч вельмі балюча ставіўся да скажэнняў сваёй задумы, - узгадвае кінарэжысёр Юрый Цвяткоў. - І калі зразумеў, што абараніць тэкст не ўдасца, проста адышоў ад праекта - стаў пісаць раман. Барыс Паўлёнак, распавядаючы пра той час, сумна пасміхаецца: - На чарговым абмеркаванні аўтар падняўся: "Выйду на хвілінку..." І мы Караткевіча не бачылі два месяцы. Канешне, барацьба была няроўнай, аўтар адасабляўся, каб пісаць свой вялікі раман. Што ўжо яму быў асуджаны на знішчэнне фільм?!. "Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю. Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая". Як такія аўтарскія "дапіскі", такую прозу было здымаць? Устаўкі "не лезлі" ў фільм. Адносіны паміж аўтарам і рэжысёрам напружваліся...

/i/content/pi/cult/242/3433/15-3.jpg
/i/content/pi/cult/242/3433/15-4.jpg
/i/content/pi/cult/242/3433/15-5.jpg
Рэшткі для гледачоў

 Пасля Беларусі Барыс Паўлёнак з 1970-га да 1986-га быў намеснікам старшыні Дзяржтэлерадыё СССР, шмат каго, таго ж Бычкова, абараняў, напрыклад, на студыі Горкага. А як уратаваў Эміля Лацяну, якога зганьбілі, зніштожылі ў Малдавіі пасля "Лаўтары"! Рэжысёр прыйшоў да яго ў Дзяржкіно СССР развітацца: ехаў на БАМ рэдактарам шматтыражкі. Ашаломлены Паўлёнак, выслухаўшы кішынёўскія прэтэнзіі, пацікавіўся, што той жадаў бы зрабіць? Эміль адказаў: - Хацеў бы экранізаваць апавяданні Горкага. - А сцэнарый напісаў? - Вось, - паказвае рэжысёр. - Ну, то пераначуйце, Эміль, у Маскве, пацярпіце да заўтра. Паўлёнак ноччу чытаў сцэнарый, пад раніцу настойліва патэлефанаваў дырэктару "Масфільма"... Так краіна атрымала шэдэўр "Табар сыходзіць у неба", які без усялякай "арганізацыі гледачоў" у СССР паглядзелі 76 мільёнаў толькі за год пракату! Але і мудры Паўлёнак, тады яшчэ старшыня Дзяржкіно БССР, здаць тую "небяспечную" карціну па сцэнарыі Уладзіміра Караткевіча ў Маскве не здолеў. Яе паклалі на паліцу. Леў Дураў каменціруе гэты факт саркастычна: - Знішчэнне фільма - грэх чыноўнікаў. І не толькі. Быў такі "ўплывовы" крытык Суркоў, дык ён заявіў: "Мы не пакланяемся Хрысту, дык што, цяпер будзем маліцца на Дурава?" - Усім вучням і знаёмым наабяцаў: маўляў, неўзабаве выйдзе фільм з маім удзелам! А фільма няма й няма, усе пытаюцца: дзе ж ён? - пасміхаецца Ігар Смушкевіч, дастаючы з кішэні бліскучы мядзяк. - Вось застаўся ад фільма "рэквізіт" - талер, з ліку тых, якія наштампавалі для здымак.

Пастскрыптум. Апошні шанц

 Напрыканцы сустрэчы пытаюся ў Барыса Паўлёнка: - Ну што, Барыс Уладзіміравіч, вы столькі гадоў у кінематографе. Мо ўрэшце раскрылі таямніцу 25-га кадра? - Не, - пачуў у адказ. - Ніколі сабе не дарую! - ускрыквае Л.Дураў. - Тэлефануюць з цяслярнай майстэрні "Масфільма": "Леў Канстанцінавіч, тут у нас фільм нейкі валяецца. Паглядзелі - там вы, у вяночку, падобны на Хрыста. Мо забераце". У той вечар у мяне быў спектакль, наступны дзень таксама аказаўся заняты, толькі на трэці прыехаў туды - а фільм ужо нехта прыхапіў. Каб уначы, пасля спектакля, прыехаў - мне б хлопцы адчынілі тое памяшканне... Так я мог бы стаць уладальнікам адзінай поўнай копіі яшчэ не "праўленага" фільма...

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр

 Фота з асабістых архіваў аўтара і з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно

 Кадры з фільма "Хрыстос прызямліўся ў Гародні".