Шлях “...крока”

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

З 8 снежня ў галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пачала працу выстаўка “Арт-крок”.

Яна з'яўляецца сумесным праектам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Міжнароднай гільдыі жывапісцаў. На выстаўцы прадстаўлены работы, якія створаны за апошні год. Гэтая ўмова дае магчымасць непасрэднага знаёмства гледача з жывым працэсам, што цікава і аматарам, і знаўцам мастацтва. А магчымасць свабоднага выбару тэматыкі і тэхнікі, час выканання дазваляе прасачыць развіццё найноўшых тэндэнцый. Гледачам свае працы прадстаўляюць жывапісцы і майстры фотамастацтва- усяго каля 50 творцаў. Сярод іх вядомыя майстры, імёны якіх ужо добра знаёмыя беларускаму гледачу: Васіль Касцючэнка і Мікалай Кірэеў, Сяргей Малішэўскі і Дзмітрый Сурыновіч, Аляксандр Забаўчык і Уладзімір Кожух, Аляксандр Ксяндзоў і Георгій Паплаўскі, Фёдар Ястраб і Уладзімір Рынкевіч,- а таксама тыя, хто толькі пачынае свой творчы шлях. "Арт-крок" ладзіцца адразу ў трох галерэях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ("Лабірынт", "Атрыум", "Ракурс") і будзе доўжыцца да 12 студзеня 2010 года.