…І агучаныя ноты

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Выпуск новай серыі “Сучасныя беларускія кампазітары” распачаты ў выдавецтве “Вышэйшая школа”. Творчасць заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны Андрэя Мдзівані, якой прысвечана першая кніжка, выкладзена не толькі ў літарах, але і ў… агучаных выказваннях і, галоўнае, нотах: на “прышпіленым” да вокладкі кампакт-дыску сабраны аўдыёі відэафрагменты яго найбольш значных твораў, у тым ліку тэатральных і сімфанічных.

 

/i/content/pi/cult/242/3422/8-4.jpgПадобнае выданне можа лічыцца шматфункцыянальным. Бо яно спалучае ў сабе рысы даведніка, манаграфіі і вучэбна-метадычнага дапаможніка з электронным дадаткам. Сапраўды, у кніжцы, што займае ўсяго 30 старонак, ёсць не толькі гэткая "сціслая энцыклапедыя" кампазітарскай асобы, дзе ёміста выкладзена біяграфія творцы, ахарактарызаваны асноўныя жанры, у якіх ён працуе. У ёй змешчаны таксама два даведнікі: твораў кампазітара, а яшчэ найбольш выбітных іх выканаўцаў. Грунтоўная прадмова аўтара кнігі- кандыдата мастацтвазнаўства Таццяны Мдзівані- акрэслівае і далейшыя задачы задуманай серыі. Узгадаем, што калісьці ў Беларусі выходзіла серыя "Нашы кампазітары", выдаваліся і сціслыя буклеты з партрэтамі і асноўнымі творамі кампазітараў. У часы перабудовы гэта лінія была спынена. І адраджэнне тых традыцый на новым узроўні, з выкарыстаннем камп'ютэрных сродкаў, будзе садзейнічаць далейшай папулярызацыі нацыянальнай культуры. Адно толькі: якасць выявы на кампактах павінна быць куды вышэйшай, дый музычныя фрагменты - больш працяглымі. Бо іначай відэапрэзентацыя кампазітарскай творчасці можа ператварыцца ў непрыемную "гульню": адгадай з трох нот і трох пікселяў.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"