Паўнюткая зала, мора кветак, што выносіліся на сцэну літаральна пасля кожнага нумара, сведчылі пра папулярнасць артыста і любоў да яго публікі. Ды і рэпертуар быў абраны - спрэс хітовы. А сваім выкананнем Ігар Задарожны даказаў, што можа "выступіць у ролі" Эдуарда Хіля, скласці годную канкурэнцыю Мікалаю Гнацюку: песні з іх рэпертуару гучалі "ва ўнісон" са стылёвай палітрай эпохі і, адначасова, вельмі "па-задарожнаўску". Артыст знайшоў свой імідж - крыху іранічнага інтэлігента, які здольны адасобіцца ад музычнага матэрыялу і не "перажываць", не "пражываць" яго, "паміраючы" разам з героем, а проста дарыць слухачам са шчырай, ласкавай усмешкай. Чым не казачны прынц на рэтра-манер? Дарэчы, роляў прынцаў Ігар выконваў багата - штогод у навагодніх пастаноўках, у музычных операх-казках, ажыццёўленых Філармоніяй для дзяцей і юнацтва Белдзяржфілармоніі.
Свае творчыя "адмеціны" ён паспеў паставіць ва ўсіх жанрах - чым не гэткі Фігара? Невыпадкова каваціна гэтага героя з аднайменнай оперы Дж.Расіні ператварылася ў "спаборніцтва" спевакоў - І.Задарожнага і яго выкладчыка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, саліста нашага Вялікага тэатра Міхаіла Жылюка. Перамог - М.Жылюк: ягоны Фігара глядзеўся сапраўдным тэатральным "зубром", надзеленым надзвычай высокім эмацыйным напалам; Фігара ж І.Задарожнага - усюдыісным, абаяльным юнаком, прыемны барытон якога з хвалюючым вібрата звяртаўся не да ўсёй залы адразу, а да кожнага слухача паасобку. Дзякуючы гэтаму канцэрту ў філармоніі з'явіўся яшчэ адзін інструментальны калектыў. Бо спеваку і яго калегамгасцям акампаніравалі не толькі Ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова, бэквакал "Дыямант" і падтанцоўкі, але і ансамбль "Рэтра-хіт", дзе за раялем - кампазітар Валянціна Сярых, а з саксафонам - усё той жа Ігар Задарожны. Можа, наступным этапам стане яшчэ і дырыжорская палачка? Бо чароўныя палачкі ў казках з яго удзелам ужо былі.
На здымку: Ігар Задарожны