На парозе… Навагоддзя

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь стаіць на парозе… навагоддзя. І справа не толькі ў хуткім каляндарным надыходзе 2010-га, але і ў навагодніх прэм’ерах і прэзентацыях у тэатры. Гала-канцэрт Беларускай оперы, што адбыўся тыдзень таму, стаўся гэткай “перадсустрэчай” Новага года — своеасаблівым “анонсам” навагодняй праграмы “Геніяльныя мелодыі на АНТ” і “пастфактумам” яе здымак. Бо ў ім прынялі ўдзел некаторыя з тых запрошаных тэлеканалам зорак, якіх мы ўбачым на экранах у навагоднюю ноч.

 

/i/content/pi/cult/242/3420/8-1.jpgІтальянец Паала Гаванэлі, які выступае ў Метраполітэн, Кавэнт Гардэне, Баварскай оперы ў Мюнхене, і саліст Вялікага тэатра Расіі Юрый Нячаеў паўсталі ў гала-канцэрце 28 лістапада ў некалькіх партыях і нават амплуа. Звярнуўшыся да італьянскай класікі, П.Гаванэлі ўвасабляў надзвычай напорыстага, безапеляцыйнага Фігара ("Севільскі цырульнік" Дж.Расіні), каварнага Скарпіа, шалёнага ад жарсці да Тоскі (Дж.Пучыні), прынцыповага да няўмольнасці Рэната ("Баль-маскарад" Дж.Вердзі), нескаронага Аманасра - цара Эфіопіі ды бацьку Аіды (Дж.Вердзі). Большасць гэтых партый - драматычныя, што таксама раскрывае індывідуальнасць спевака: ён сярод тых рэдкіх вакалістаў, якія выканалі ўсе вядучыя барытонавыя партыі ў операх Вердзі. І ў сваіх трактоўках даходзіць ажно да крыку на кульмінацыях. Гэткае ж суквецце рускіх барытонавых партый разгарнуў Ю.Нячаеў: палкага, чуйнага рыцара Рабэрта ("Іаланта" П.Чайкоўскага), моцнага духам і шчырага сэрцам князя Ігара, царскага апрычніка Грыгорыя Гразнова з яго мяцежнай, нечакана для сябе самога ўтрапёнай душой. Гэткі "барытонавы націск" лепшага сусветнага рэпертуару "разбавіў" адзіны на ўвесь канцэрт тэнар - наш папраўдзе "адзіны і непаўторны" Сяргей Франкоўскі. Пасягнуўшы на італьянскія вяршыні (Манрыка ў "Трубадуру" і Радамэс у "Аідзе"), ён скарыў такім "тэмпераментным" голасам, здольным працяць любую аркестравую моц, што падалося: без шпагі тут не абышлося. На самай справе, яна быццам бліскала ў паветры, калі ён пераможна ўскідваў руку. А якія ў нас жаночыя галасы! Алена Шведава ўразіла каларатурай у адным са сваіх каронных нумароў - каваціне Разіны з "Севільскага цырульніка" Дж.Расіні. Такім жа каронным стаўся вердзіеўскі рэпертуар для Ніны Шарубінай - непераўзыдзенай Амеліі ў "Балі-маскарадзе", Аіды ў аднайменнай оперы Дж.Вердзі. А ў голасе Аксаны Волкавай (Далілы з "Самсона і Далілы" К.Сэн-Санса, Любашы з "Царскай нявесты" М.Рымскага-Корсакава) чулася такая асалода і пачуццёвасць, што ажно дух захоплівала. Гэта маладая салістка спявае ўсё лепей ды лепей, скарае адну міжнародную вяршыню за другой. А нядаўна, нагадаем, яна была прынятая стажорам у Вялікі тэатр Расіі.

/i/content/pi/cult/242/3420/8-2.jpg Фіналам канцэрта невыпадкова стала вялізная сцэна з другой дзеі "Аіды". Тут сабраліся разам хор, аркестр (нават два аркестры, бо быў задзейнічаны яшчэ сцэнічны духавы склад) і ажно пяцёра салістаў. Усёй гэтай сімфанізаванай дзеяй умела кіраваў дырыжор Вячаслаў Воліч. Дый у самім канцэрце ні хор ні, асабліва, аркестр не былі пакрыўджаны. Хор сакавіта гучаў у трох нумарах. Аркестр жа, знаходзячыся не ў яме, а на сцэне, не толькі суправаджаў салістаў, але і выконваў тры сольныя кампазіцыі, прычым разнажанравыя: оперную ўверцюру, балетны фрагмент і разгорнутую канцэртную п'есу. Шкада толькі, што сярод еўрапейскай і рускай класікі не знайшлося месца хаця б аднаму беларускаму нумару - тым больш, што ў рэпертуары аркестра і ўласна В.Воліча, апантанага папулярызатара нацыянальнай спадчыны, іх хапае. Такія "сумесныя спевы" нашых зорак з замежнымі, прычым на роўных, даўно не навіна. Пад час нядаўніх гастроляў у Галандыю нашаму "Трубадуру" апладзіравалі 20 хвілін стоячы.. Яшчэ адной пераднавагодняй "прэм'ерай" тэатра стала адкрыццё новага сайта. Яго з'яўленне было выклікана, найперш, аб'яднаннем опернай і балетнай труп, у кожнай з якіх раней быў свой уласны сайт. Але новы сайт - не толькі сума двух складнікаў і звязаная з ёй "перамена месцаў". Галоўнай навінкай стала наяўнасць відэафрагментаў і, шырэй, насычанасць відэараду. З цягам часу з дапамогай сайта можна будзе забраніраваць білеты: самому абраць вольныя месцы ў адпаведнасці з коштам і пакінуць для сувязі свае каардынаты - нумар тэлефона ці, лепей, электронны адрас.

Выкупіць іх трэба будзе ў адзначаны па дамоўленасці час. Не выходзячы з дому, можна будзе апынуцца і за кулісамі: гэты раздзел сайта запоўніцца, пераважна, фотаздымкамі. Плануецца на сайце і так званы "службовы ўваход": з яго артысты змогуць даведвацца пра расклад рэпетыцый. - Займаючыся падрыхтоўкай новага сайта, - расказала мастак рэкламна-інфармацыйнага аддзела тэатра Наталля Баграцова, - мы праводзілі маніторынг, намагаліся ўлічыць самыя розныя пажаданні. Зараз у сайта вельмі высокі рэйтынг, але, вядома, праца будзе працягвацца: нам ёсць што ўдасканальваць і пашыраць. Ну, а ў навагоднюю ноч... Крыху прыадкрыем заслону таямніцы. Уявіце: вядучыя з жахам даведваюцца, што эстрадныя артысты на канцэрт у нашым адноўленым тэатры не патрапяць. Маўляў, адзін замкнёны ў ліфце, другі знаходзіцца ў гіпсе, у трэцяга скралі сцэнічныя строі. Затое ў зале і закуліссі тамсям мільгаюць оперныя прымадонны лепшых тэатраў свету, спевакі-прэм'еры замежных мюзіклаў. Можа, дапамогуць "закрыць дзірачку" ў канцэрце? Да гэткага "фэнтэзі" дададуцца і папраўдзе "фантастычныя" ансамблі: адразу чатыры Русалачкі, тры Містэры Іксы, два Квазімоды...

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"