Праект уяўляе сабой цыкл тэатралізаваных мерапрыемстваў, сярод якіх аднаактовы спектакль, прысвечаны той ці іншай актуальнай маладзёжнай праблеме, з наступным інтэрактыўным абмеркаваннем убачанага з гледачамі. У яго аснову пакладзеныя вострасацыяльныяп'есы беларускіх драматургаў, большасць якіх належыць да маладзёжнай узроставай катэгорыі. Іх пастаноўкі ажыццяўляюць маладыя акцёры і рэжысёры, а галоўнай мэтавай аўдыторыяй праекта з'яўляюцца падлеткі і моладзь. Як зазначыла галоўны рэжысёр ТЮГа Наталля Башава ў гутарцы з карэспандэнтам "К", сёння маладое пакаленне ў многіх жыццёва важных і сацыяльна небяспечных для іх узросту пытаннях аказваецца папросту недасведчаным. І тэатр бярэ на сябе функцыю не дарадцы, а своеасаблівага "каталізатара", які падштурхне іх да размовы на хвалюючыя пытанні, абмеркавання іх у маладзёжнай аўдыторыі з прыцягненнем да дыскусіі студэнтаў - будучых псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, чыім непасрэдным заняткам неўзабаве стане праца з прадстаўнікамі праблемнага ўзросту і так званымі "цяжкімі" падлеткамі. Першай ластаўкай праекта стаўся спектакль "Бліндаж" па п'есе Алены Паповай, пастаўлены тэатрам да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Шчыра кажучы, размова пасля прагляду магла б сыйсці на пачуццё гонару і замілаванне подзвігам народа ў Вялікую Айчынную, але - рушыла далей, у больш глыбокае рэчышча. Маладыя людзі, што засталіся ў зале пасля паказу, шчыра дзяліліся сваімі думкамі і разважаннямі, але не столькі пра подзвіг дзядоў, колькі пра ўласнае адчуванне сябе ў нашым часе, пра тое, чым светапогляд і сістэма каштоўнасцей сённяшніх маладых людзей адрозніваюцца ад тых 20-гадовых хлопцаў, што ішлі на вайну, не задумваючыся аб наступствах і не пралічваючы ўсе магчымыя рызыкі. І тая сентыментальная атмасфера адзінства, якая склалася ў зале пасля спектакля, і адчуванне магчымасці адкрыта і шчыра размаўляць на любыя тэмы - бадай, галоўнае, да чаго імкнецца тэатр. Бо, як вядома, стандартныя прафілактычныя гутаркі далёка не заўсёды прыносяць жаданы эфект. У адрозненне ад жывой далучанасці маладых людзей да эмацыянальных перажыванняў, якія і дае гледачам тэатральнае мастацтва.
На фота сцэна са спектакля "Бліндаж".
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА