Люстэрка для Барбары

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Вобраз Барбары Радзівіл рамантычны і акружаны містычным арэолам. Немалую ролю ў гэтым сыгралі легенды аб прывідзе Чорнай Панны, што блукае начамі па Нясвіжскім парку, нягледзячы нават на тое, што пры жыцці яна ніколі не была менавіта ў гэтым родавым гняздзе. Зрэшты, ідэя вяртання яе на зямлю з іншага свету мае пад сабой і дакументальную глебу: пасля смерці каралевы Барбары, каб суцешыць прыгнечанага горам караля Жыгімонта II Аўгуста, у Варшаву быў запрошаны знакаміты чарнакніжнік пан Твардоўскі. Пры дапамозе свайго“чароўнага” люстра алхімік зладзіў спірытычны сеанс з дэманстрацыяй прывіда памерлай. Акурат гэты факт і паслужыў імпульсам да ўзнікнення п’есы “Магічнае люстэрка пана Твардоўскага” драматурга Сяргея Кавалёва і аднайменнага спектакля рэж ы с ё р а Алега Жугжды ў Гродзенскім абласным тэатры лялек.

 

/i/content/pi/cult/242/3417/7-1.jpgСамыя разнастайныя варыяцыі "фаустаўскай тэмы" неаднаразова інтэрпрэтаваліся ў літаратурных і сцэнічных творах. На глебе прататыпа з'яўляліся мясцовыя нацыянальныя персанажы, у тым ліку на землях былога Вялікага княства Літоўскага шырока распаўсюдзіліся легенды пра чараўніка-некраманта пана Твардоўскага. Ён па такім "фаустаўскім" кантракце атрымаў люстра, якое дае веды і магічную сілу, але чарнакніжнік паспрабаваў ухіліцца ад расплаты і ўдакладніў дамову: д'ябал можа забраць яго душу толькі ў Рыме. Пан Твардоўскі ўсё жыццё пазбягаў гэтага горада, але д'ябал абхітрыў яго і прымусіў расплаціцца па рахунку ў мясцовай прыдарожнай карчме "Рым". Дарэчы, нядаўна даследчыкі насамрэч знайшлі старажытнае люстра, што належала Твардоўскаму. Навукоўцы выявілі на яго гладкай паверхні ўтоеныя выгравіраваныя малюнкі, якія, калі на іх пад пэўнымі вугламі падалі промні святла, маглі "ажываць" на воблаках пары. У гродзенскім спектаклі пан Твардоўскі - сапраўдны чараўнік, але скарыстоўвае ён гэта ў выключна рэдкіх, спецыяльных, выпадках. У іншы ж час - праяўляе простую чалавечую мудрасць і нават хітрасць, каб за маскай шарлатана хаваць ад нядобрых вачэй сваю дасведчанасць у палітычных падкопах і людскіх слабінах. У прыватнасці, абураецца відавочнай нацягнутасцю агульнавядомай версіі, быццам бы браты Радзівілы прымусілі Жыгімонта Аўгуста ўзяць шлюб з іх сястрой: гэта немагчыма, калі будучы кароль сам таго не жадае.

Значыць, адзінай матывацыяй было ягонае каханне да Барбары. На просьбу апошняй Твардоўскі паказвае яе будучыню ў сваім магічным люстэрку, і тая апынаецца перад выбарам: змяніць лёс ці застацца вернай свайму каханню? Барбара можа пазбегнуць трагедыі ранняй смерці, але - застаўшыся палюбоўніцай Жыгімонта і не прэтэндуючы на царкоўнае вянчанне. Тады яны змогуць разам дажыць да старасці, але - толькі ў зямным жыцці, у іншым жа свеце іхнія душы навекі застануцца паасобку... Персанажы Барбары (Аляксандра Літвінёнак), яе сястры і суперніцы Ганны (Наталля Будрык), Жыгімонта (Віталь Лявонаў) і Суддзі(Васіль Прабадзяк) зачароўваюць шыкоўнай прыгажосцю рэнесансных строяў і іх эфектнымі зменамі. Так што гледачам здаецца, быццам колькасць лялек на сцэне значна большая за сапраўдную. І, нягледзячы на свой невялікі памер, яны не губляюцца ў прасторы сцэны. Да таго ж, спалучэнне адпаведных чалавечаму росту прадметаў і "камерных" паўметровых персанажаў стварае нечаканы эфект: лялечная пастаноўка выглядае па-балетнаму манументальнай. Ключавая для спектакля сцэна прадказання будучыні вырашана пры дапамозе сінтэзу відэа і камп'ютэрнай графікі (мастак - Ларыса Мікіна-Прабадзяк). За люстэркам успыхваюць свечкі, а ў ім самім узнікае партрэт каралевы ў царскіх строях. Але праз хвіліну твар і рукі знікаюць, а на іх месцы застаюцца чорныя дзіркі, у выніку чаго сам партрэт ператвараецца ў пустую аправу іконы Маці Божай Вастрабрамскай (лічыцца, што пасля смерці Барбары па загадзе Жыгімонта гэты абраз быў перамаляваны і атрымаў яе рысы).

 ...Прадказанне здзейснілася, але магічнае люстра ў пацямнелай драўлянай раме з разьбянымі вензелямі здольнае дэманстраваць не толькі будучае, але і карціны іншага свету. І там, па той бок люстэркавай роўнядзі, Барбара і Жыгімонт сустрэліся, каб ужо ніколі не расставацца...

Надзея ЯКАЎЛЕВА