“Калі ласка, перакладзіце на беларускую!”

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

У кабінеце дырэктара Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навума ГАЛЬПЯРОВІЧА заўжды працуе камп’ютэр. У рэжыме он-лайн на ім адкрыты сайт радыёстанцыі “Беларусь”, якой ён кіруе. Сёння гэты інтэрнет-рэсурс, добра вядомы слухачам нашай хвалі за мяжой, набыў яшчэ адну функцыю: адукацыйную. На адной з яго старонак ужо сёння можна запампаваць 40 аўдыёўрокаў беларускай мовы для англамоўнай аўдыторыі. Прычым урокі гэтыя — не бясконцы паўтор слоў, словазлучэнняў і сказаў, шаблонных для любога падобнага курса, але — увядзенне слухача ў кантэкст культурнай прасторы Беларусі. Расповед Навума Гальпяровіча пра моўны аўдыёпадручнік, які стварыла станцыя (усяго падобных праграм запісана ўжо больш за сто восемдзесят), зацікавіў і мяне, таму пры магчымасці адразу ж запампаваў і сабе файл аднаго з урокаў. Які быў яго нумар? Дванаццаты — па даце выхаду ў свет гэтага снежаньскага нумара “Культуры”. Але, мусіць, пра сваё ўражанне скажу пасля…

 

/i/content/pi/cult/242/3416/6-1.jpg"And, say, who goes there?"

 Такія словы натуральна б увайшлі ў склад аднаго з урокаў беларускай мовы ад радыёстанцыі "Беларусь". - І гэта не выпадкова, - мяркуе Навум Якаўлевіч. - Па звычайнай і электроннай пошце, праз гасцявую кнігу на сайце штодня атрымліваем лісты ад замежных слухачоў. У іх сярод найбольш цікавых момантаў згадваецца, а сярод найпершых пажаданняў да нашых праграм з'яўляецца як мага больш шырокая прэзентацыя гісторыі, этнаграфіі, культуры, народных традыцый, беларускага мастацкага слова. Таму і ў рамках перадачы "З каранёў славянскіх" пры вывучэнні ўласна лінгвістычных асаблівасцей беларускай мовы, і наогул у эфіры не забываемся і пра культурны, літаратурны кантэкст. Вось, напрыклад, намі заўважана: сярод слухачоў карыстаюцца папулярнасцю пераклады на англійскую, нямецкую, польскую мову твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча - адным словам, класіка. Іх просяць чытаць зноў і зноў. На жаль, у адносінах да сучаснай беларускай літаратуры пакуль такога інтарэсу не бачым. Гэткая ж сітуацыя і ў музыцы: нашых слухачоў цікавяць музыканты і калектывы, якія выконваюць аўтэнтычны фальклор, сярэднявечнуюмузыку, а вось поп-фармат у нашых слухачоў попытам не карыстаецца. Мусіць, таму што не рэпрэзентуе Беларусь і беларусаў у сусветнай прасторы. Вось вам і адметнасць нашай стаўкі на культурны кантэкст, які з'яўляецца і глебай і асновай для вывучэння нашай мовы замежнікамі. Дарэчы, вось і адказ на пытанне ў падзагалоўку гэтага раздзела. Дарэчы, калі хто яшчэ не скарыстаўся слоўнікам для перакладу, дык паведамлю: гэта быў першы радок славутага Купалавага верша "А хто там ідзе?" па-англійску. Дададзім і тое, што праграмы, так бы мовіць, культурнага цыкла займаюць значную частку эфіру на кожнай з пяці моў: "Спадчына", "Карані", "Магія слова", "Словам сваім ганарымся...", "Літаратурныя вечары", "Пісьменнікі пра Беларусь", "Культурнае жыццё Беларусі" і многія іншыя.

З Японіі - па-беларуску

 - Пра тое, што ўрокі беларускай мовы на хвалях радыёстанцыі "Беларусь" карыстаюцца поспехам, сведчыць найперш наша пошта, - перакананы Навум Гальпяровіч. - Уявіце сабе, нядаўна атрымалі ліст з Японіі, прычым не з Токіо, а з іншага населенага пункта. Яго аўтар, радыёаматар, акрамя дасланага так званага рапарта, яшчэ і прывітаў нас пабеларуску. Чым не ўплыў згаданых урокаў? Ёсць прыхільнікі як самой хвалі, так і ўласна аўдыёзаняткаў і ў Англіі, Швецыі. А з апошняй краіны два тамтэйшыя нашы прыхільнікі Ульмар Цвік і Бернт Ларсэн нават прыязджалі ў госці да нас. Карацей, пошта (і нават візіты) з усяго свету сведчаць: справа гэта - патрэбная. Кожны з урокаў уяўляе з сябе словы, словазлучэнні і сказы па пэўнай тэме: ці то кніга, ці то надвор'е, ці то штосьці іншае. Вядома, мы не прэтэндуем на дакладнае засваенне слухачамі лексікі і арфаэпіі беларускай мовы, але, прынамсі, прыехаўшы ў Мінск, яны здолеюць сказаць некалькі слоў, запытацца ў гараджан, дзе знаходзіцца той ці іншы аб'ект, вызначыць маршрут сваёй паездкі па нашай краіне. Пачалі мы вывучаць беларускую з англамоўнымі слухачамі, ды адразу хачу падкрэсліць: слухаюць нас па ўсёй Еўропе на кароткіх і сярэдніх хвалях, а бліжэйшыя суседзі на захадзе, як, дарэчы, і жыхары нашых Брэста, Гродна, Свіслачы, Браслава, Мядзела, у FM-дыяпазоне. Акрамя англійскай вяшчаем і на іншых замежных мовах: нямецкай,польскай, рускай. У тым жа Інтэрнеце маем 10 гадзін эфіру.

 Голас для шэдэўра

Бадай найлепшай візітоўкай творчай сталасці нашага слова для замежнікаў становіцца літаратура. Па гэтай прычыне яна, поруч з урокамі мовы, знайшла сваё месца ў эфіры радыёстанцыі. Прычым не толькі чытаннем займаюцца яе супрацоўнікі, але і ўласна перакладамі. "Пераклад - мост паміж народамі", - лічыць Навум Гальпяровіч. І дзякуючы Таццяне Сівец, якая, дарэчы, і вядзе англамоўныя ўрокі, Вячаславу Лакцюшыну, Дзмітрыю Занеўскаму ды іншым супрацоўнікам станцыі, многія з якіх, дарэчы, скончылі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт як перакладчыкі, беларускае слова загучала на іншых еўрапейскіх мовах. І перакладаў тых - не адзін дзесятак набярэцца. "І, зноў жа, яны перакладаюць класіку, якая так запатрабавана слухачамі, - дадае Навум Якаўлевіч і працягвае: - Тое ж датычыць і перакладаў з рускай мовы, а яны, заўважце, ці не самыя складаныя: паспрабуй знайсці тую аналогію да рускага слова, што будзе ўласцівай менавіта нам, а не стане проста калькай з арыгінала". Іншая справа, як знайсці выканаўцу для літаратурнага твора, каб ён гучаў сапраўды як шэдэўр, якім мы ганарымся і хочам прадэманстраваць тое свету. У якасці прыкладу дырэктар радыёстанцыі прыводзіць польскамоўны эфір: "Нашы "галасы" Алег Вінярскі і Маргарыта Захарыя з чытаннем той жа Коласавай "Новай зямлі" ў перакладзе Чэслава Сенюха справіліся сапраўды выдатна".

Гатовая методыка

 Натуральна, пры гутарцы аб моўных уроках не мог абмінуць і такі аспект, як іх метадычная і метадалагічная дакладнасць з пункту погляду лінгвістычнай навукі. Ці ацэнены іх змест навукоўцамі? - Канешне, свае распрацоўкі мы прадстаўлялі на навуковых канферэнцыях, - кажа Навум Гальпяровіч. - Скажам, у БДПУ імя Максіма Танка Таццяне Сівец і ўвогуле параілі выдаць урокі беларускай мовы для англамоўнай аўдыторыі асобна. Маўляў, тут ёсць свая гатовая методыка, адметная форма падачы матэрыялу. А выданне гэтае дало б спасылкі і на цэлы спектр падручнікаў як па вывучэнні беларускай, так і па засваенні замежнай мовы. Такая вось узаемная карысць. Ёсць і яшчэ адзін штрых да моўнага радыёпартрэта. Апошнім часам у СМІ зноў стала актуальнай тэма культуры мовы на Беларускім радыё. Уздымала яе і "К" (гл. № 30 за 2009 г.). Тым больш надзённая яна, калі гаворка ідзе пра адукацыйную функцыю радыёэфіру. - Але ж Беларускае радыё заўжды вылучалася ўзорным вымаўленнем і наогул культурай беларускай мовы. Працягваецца гэтая традыцыя і зараз, - лічыць кіраўнік радыёстанцыі "Беларусь". - Што да нашага канала, дык вядучыя праслухоўваліся дырэктарам Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, доктарам філалагічных навук, акадэмікам Аляксандрам Лукашанцам і загадчыкам кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ, прафесарам Віктарам Іўчанкавым, якія далі ім свае парады. Увогуле, на маю думку, да пытання чысціні мовы не варта падыходзіць выключна з пазіцый пурыстычных, паколькі яна - з'ява сацыяльная і падпадае пад уздзеянне мноства знешніх фактараў. Калі ж малады журналіст у эфіры дапусціў якую-небудзь памылку, дык яго варта тактоўна паправіць, каб паспрыяць далейшаму самаўдасканаленню яго ў прафесіі. *** Дык што ж давялося пачуць у адным са спампаваных урокаў беларускай мовы для англамоўных слухачоў радыёстанцыі "Беларусь"? Так, было і знаёмае па аўдыёкурсах паўтарэнне слоў па тэме "транспарт", але гучала наша музыка, прычым адна кампазіцыя была не падобнай на другую, а таксама ўпісаныя ў беларускі кантэкст дыялогі і сказы. Ды і, мусіць, ні ў адной з методык не пачуеш такі сапраўды арыгінальны сказ: "Калі ласка, translate the following dialog into Belarusian"! Ці не так?

 На здымку: Таццяна Сівец, Паліна Чарнуха і Навум Гальпяровіч.

Фота Юрыя ІВАНОВА   

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах