Механічная праекцыя на кінапрафесію

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

У рэдакцыю “К” прыйшоў ліст ад 78-гадовага пенсіянера, былога кінамеханіка, выдатніка кінематаграфіі СССР Аркадзя Раінскага з Кажан-Гарадка, які 44 гады прапрацаваў у галіне кінафікацыі. “Нас, кінамеханікаў, якія працавалі ў пасляваенныя гады, у складаны час, калі ездзілі з вёскі ў вёску, неслі людзям усё новае, што было ў краіне, забылі… Забыта прафесія і забытыя мы сёння…” — з сумам зазначае наш чытач. Раней праца любога кінатэатра трымалася, можна сказаць, на адным кінамеханіку. Сёння ж тэхніка аўтаматызуецца, развіваецца настолькі імкліва, што хутка любы супрацоўнік кінатэатра зможа націснуць на кнопку і запусціць фільм. Ці знаходзіцца прафесія кінамеханіка сёння пад пагрозай знікнення? Хто яны, сучасныя кінамеханікі, дзе іх рыхтуюць і ці ёсць на іх попыт? На гэтыя пытанні карэспандэнт “К” і шукаў адказы.

 

"Ау, кінамеханікі!"

 Адзіная навучальная ўстанова ў Беларусі, дзе рыхтуюць кінамеханікаў,- Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання. На гэтую спецыяльнасць паступаюць часцей за ўсё юнакі пасля заканчэння 9 класаў сярэдняй школы. Праз 3 гады яны атрымліваюць кваліфікацыю "кінамеханік, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання". І калі ў іх няма жадання вучыцца далей, накіроўваюцца на працу ва УП "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама, а таксама ва УП "Медык", скіраванае на пракат профільных медыцынскіх кінастужак. З гэтымі прадпрыемствамі ў каледжа заключаны дамовы. Які ж вынік падрыхтоўкі? Штогод каля 30 выпускнікоў па названай спецыяльнасці ўладкоўваюцца на працу альбо ў якасці кінамеханікаў, альбо як электраманцёры. Тым больш, што вучацца на іх пераважна мінчане, якія і працаваць застаюцца ў сталіцы. Чаму ж каледж не можа рыхтаваць большую колькасць кінамеханікаў? Дый ці неабходна рыхтаваць больш? - Неабходна, - лічыць Таццяна Лях, намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай працы. - Вось, напрыклад, нас наведала генеральны дырэктар кінавідэапракату Віцебскай вобласці з просьбай дапамагчы са спецыялістамі-механікамі. Яна кажа, што ў яе працуюць адны пенсіянеры, і іх няма каму замяніць. З такімі ж просьбамі звяртаюцца пракатныя арганізацыі Бабруйска, Гомеля, Магілёва, Полацка... Але дапамагчы мы нічым не можам, таму што навучанне ў нас адбываецца на аснове дамоваў, якія заключаны толькі з мінскімі прадпрыемствамі. Сталіцу мы ўжо насыцілі кінамеханікамі, а вось абласцям іх відавочна не стае. Навучальная ўстанова павінна забяспечыць першым працоўным месцам, а для таго, каб гэта зрабіць і рыхтаваць кінамеханікаў для ўсёй рэспублікі, нам патрэбны цэнтралізаваны збор заявак на навучанне. Мы прапаноўвалі Міністэрству культуры ўвесці мэтавы набор, каб на пазаконкурснай аснове праводзіць падрыхтоўку моладзі з абласцей і адпраўляць туды ўжо гатовых кінамеханікаў. Але пакуль канструктыўнага адказу не атрымалі...

Каб высветліць пазіцыю другога зацікаўленага боку, карэспандэнт "К" звярнуўся да выконваючага абавязкі дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Андрэя Бычкова: - Гэта павінна быць ініцыятыва кінапракатных арганізацый, якім не хапае спецыялістаў. Ніякіх афіцыйных лістоў аб тым, што, маўляў, просім залічыць на мэтавай аснове нашых дзяцей для атрымання кваліфікацыі кінамеханіка, не паступала. Мы, у сваю чаргу, штогод недзе ў сакавіку праводзім прафарыентацыю ў рэгіянальных кінапракатных арганізацыях, распавядаем пра тое, што каледж вядзе набор у групы для навучання спецыялістаў па кінафікацыі. Калі я працаваў генеральным дырэктарам кінавідэапракату Магілёўскай вобласці, мы заключалі дамову з чалавекам і накіроўвалі яго на вучобу па спецыяльнасці, якая нам была неабходная. Канешне, аплачвалі яго навучанне. Нягледзячы на тое, што ПТК сферы абслугоўвання - навучальная ўстанова гарадскога фінансавання, ніхто не перашкаджае паступаць туды дзецям з усёй рэспублікі. Механізм супрацоўніцтва кінавідэапракату і каледжу добра наладжаны генеральным дырэктарам "Кінавідэапракату" Мінгарвыканкама Васілём Коктышам. Калі б абласныя кінапракаты дзейнічалі па такой жа схеме, дык не з'явілася б ніякіх праблем. А што перашкаджае кінапракатным арганізацыям ствараць вучэбныя групы, своеасаблівыя гурткі кінамеханіка, на базе свайго прадпрыемства, каб дасведчаныя кінамеханікі вучылі навічкоў? Наогул, з кіраўніцтвам каледжа вялася размова пра адкрыццё ў каледжы курсаў перападрыхтоўкі, калі людзі з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй маглі падвучыцца і атрымаць кваліфікацыю кінамеханіка. Гэта яшчэ толькі планы, але я вельмі спадзяюся, што ўстанова атрымае спецыяльную ліцэнзію для вядзення такой дзейнасці.

 Што будзе са спецыяльнасцю?

 Вучыць кінамеханікаў - справа дарагая. Для гэтага неабходна новае абсталяванне. Мінгарвыканкам дапамог каледжу набыць некалькі праектараў новага пакалення ("МЕО", "Кінатон"), акурат такіх, якія функцыянуюць у мінскіх кінатэатрах, каб будучыя кінамеханікі ведалі, з чым могуць сутыкнуцца, і былі гатовы да гэтага. Праграма навучання кінамеханікаў і электраманцёраў кінаабсталявання карэктуецца амаль кожны году залежнасці ад развіцця тэхнікі. Штогод выкладчыкі праходзяць стажыроўку, а перад пачаткам навучання ў жніўні яны збіраюцца і абмяркоўваюць, якім павінен быць тэматычны план, праграма па вытворчым навучанні, спецпрадметах. "Мы стараемся вучыць так, каб нашы выпускнікі адпавядалі патрабаванням сталічных кінатэатраў, - кажа Таццяна Лях. - Зараз адбываецца пераход на лічбавае кіно. Але на лічбавую тэхніку грошай у нас пакуль няма. Наогул, перш чым яе набываць, трэба вызначыцца з тым, ці будзем мы далей рыхтаваць кінамеханікаў. Гэта пад вялікім пытаннем. Хаця, паўтаруся, попыт на іх ёсць. Але каб спецыяльнасць выжыла, нам неабходна дапамога Міністэрства культуры. Наш каледж зрабіў ужо ўсё магчымае для захавання спецыяльнасці на сучасным этапе: мы зынтэгравалі дзве спецыяльнасці - кінамеханік і электраманцёр па рамонце і абслугоўванні кінаабсталявання, каб захаваць першую". Як жа захаваць такую важную для развіцця і функцыянавання кінапракату спецыяльнасць? Прывядзём прыклад: у Магілёве 11 кінамеханікаў пераважна перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту абслугоўваюць 4 кінатэатры. "І вакансій на пасаду кінамеханіка ў нас няма, - распавядае дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага прадпрыемства "Кінавідэапракат" Ірына Белякова. - Але, канешне, трэба думаць пра заўтрашні дзень. Вось зараз у нас праходзіць практыку Дзмітрый Вяліеў, навучэнец Мінскага каледжа. Установа прапанавала накіраваць яго да нас, і мы пагадзіліся. Сам хлопец з Клічава, і мы спадзяемся, што ён застанецца працаваць у нашай структуры. У планах - арганізаваць гурток юнага кінамеханіка, каб моладзь вучылася прафесіі ў сталых супрацоўнікаў".

Партатыўны ювелір

 Сёння кінамеханіку працаваць дапамагае "кемлівая" тэхніка. "Працаваць стала значна лягчэй, - дзеліцца кінамеханік віцебскага "Дома кіно" з 20-гадовым стажам Антаніна Чабышова. - Сучасная кінатэхніка - бесперамотачная, аўтаматызаваная. Можна паказваць фільм не часткамі, перазараджаючы стужку некалькі разоў за сеанс, а цалкам. Цяпер не трэба наводзіць рэзкасць, падбіраць і мяняць аб'ектывы - усё робіцца аўтаматам. З такой тэхнікай кінамеханік адчувае сябе больш упэўнена". Дык што ж тады ўваходзіць у абавязкі самога кінамеханіка? Няўжо яго навукаёмкая, складаная тэхнічная праца скарацілася толькі да таго, што трэба проста сачыць, каб не здарылася чагонебудзь накшталт кароткага замыкання? Праца сучаснага кінамеханіка патрабуе грунтоўнага ведання электронікі, лічбавай і аналагавай тэхнікі. Ён павінен быць высокакваліфікаваным спецыялістам, каб умець не толькі карыстацца вельмі складанай сучаснай тэхнікай, але і рамантаваць яе, калі неабходна. "У нашым каледжы ў навучэнцаў-кінамеханікаў 22 найскладанейшыя спецыяльныя дысцыпліны, - распавядае Святлана Юхновіч, загадчыца аддзялення кінафікацыі каледжа. - Акрамя таго, захаванасць фільмакопій - важнае патрабаванне да працы кінамеханіка. Чалавек без спецадукацыі не зможа правільна карыстацца імі. Кінамеханік мусіць засвоіць тэхналогіі склейвання, расклейвання, перамоткі плёнкі. Уявіце, якая гэта ювелірная праца!" Прафесія кінамеханіка - яшчэ і вельмі высакародная. Некалі менавіта яны ездзілі па вёсках, цягаючы за сабой цяжкія кінаперасоўкі і бабіны са стужкамі - неслі прагрэсіўнае мастацтва ў масы. Сённяшнія выпускнікі каледжа сферы абслугоўвання таксама могуць быць гэткімі сельскімі кінамеханікамі, дэманстратарамі. У іх навучальнай праграме ёсць адмысловая дысцыпліна "Абслугоўванне партатыўных аўдыёвізуальных сістэм". "Там, дзе няма спецыяльных памяшканняў для дэманстрацыі кінафільмаў, нашы спецыялісты могуць паказваць кіно на партатыўным абсталяванні,- распавядае дырэктар каледжа.- Лічбавыя кінапраектары замяняюць перасоўкі: гэта даволі танна і мабільна. Але такіх кінамеханікаў-дэманстратараў рэспубліцы таксама не хапае". Але, да прыкладу, у кінавідэацэнтры аддзела культуры Пінскага райвыканкама нястачу спецыялістаў не пацвердзілі. "У нас працуюць чацвёра механікаў на старой плёначнай апаратуры і 13 відэадэманстратараў на лічбавых праектарах, - распавядае дырэктар кінавідэацэнтра Святлана Русу.- Недахопу ў механіках мы пакуль не адчуваем, але гэта звязана з тым, што ў нас няма сучаснага абсталявання. Калі яно з'явіцца, то тады сапраўды не будзе спецыялістаў для яго абслугоўвання".

Каб стаць інжынерам

Часта здараецца, што выпускнікі каледжа, адпрацаваўшы кінамеханікамі па размеркаванні, уладкоўваюцца на іншыя пасады, якія аплачваюцца лепш - электраманцёр, тэхнік-электрамеханік, інжынер. "Таму самыя вялікія праблемы, - лічыць галоўны інжынер сталічнага "Дома кіно" Дзмітрый Чарнагуб, - з наборам добрых кадраў. Ніхто не хоча ісці на такую працаёмкую пасаду за такую нізкую зарплату". Але, разам з тым, праяўляецца яшчэ адна праблема: нястача кінаінжынераў. Справа ў тым, што ў нашай краіне няма ВНУ, якая б рыхтавала гэтых спецыялістаў. Інакш кажучы, няма вышэйшай адукацыі для тых, хто ўжо мае кваліфікацыю кінамеханіка. Таму вельмі часта ў Беларусі кінамеханікаў і электраманцёраў бяруць на інжынерныя пасады, што, у прынцыпе, з'яўляецца парушэннем кваліфікацыйных характарыстык працоўнага заканадаўства. Ці ёсць тут выйсце? Некаторыя выпускнікі каледжа пасля атрымання кваліфікацыі "кінамеханік, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання" паступаюць у Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт кіно і тэлебачання, каб атрымаць вышэйшую інжынерную адукацыю. Потым вяртаюцца на радзіму і займаюць сваё законнае месца кінаінжынера. Напрыклад, Дзмітрый Чарнагуб сваю пасаду атрымаў не адразу. Пасля заканчэння каледжа ён некалькі гадоў адпрацаваў кінамеханікам І катэгорыі, потым інжынерам І катэгорыі і зараз, з'яўляючыся галоўным інжынерам, паралельна вучыцца ў згаданай расійскай ВНУ. Так што пытанне пра вышэйшую інжынерную адукацыю ў Беларусі пакуль застаецца адкрытым. - Праблемы з гэтым няма, - перакананы Андрэй Бычкоў, - таму што рэспубліцы не патрэбна вялікая колькасць кінаінжынераў. Адкрываць спецыяльнасць, груба кажучы, для пяці чалавек немэтазгодна. А калі людзям з сярэдняй тэхнічнай адукацыяй патрэбна вышэйшая адукацыя кінаінжынера, то яны могуць атрымаць яе ў Санкт-Пецярбургу. І гэта нармальна. Напрыклад, беларусы заўжды ездзілі паступаць у ВГИК на рэжысёрскія курсы... Паміж Расіяй і Беларуссю заключаны спецыяльныя міжурадавыя дамовы, па якіх беларусы могуць паступаць і вучыцца ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце кіно і тэлебачання на роўных з расіянамі правах. Як варыянт, забяспечыць свой рынак спецыялістамі ў кінафікацыі можна было б і ўласнымі сіламі, адкрыўшы, напрыклад, пры тэхнічным або тэхналагічным універсітэце адпаведную дадатковую спецыяльнасць. Прыём на яе можа быць не штогадовым, а, напрыклад, раз у пяць гадоў.

 * * *

Усе факты сведчаць пра неабходнасць і запатрабаванасць прафесіі кінамеханіка. Але відавочна і тое, што рэгіянальныя пракатныя арганізацыі праяўляюць пасіўнасць у працы на перспектыву, гурткі юных кінамеханікаў і курсы перападрыхтоўкі толькі ў планах. А калі эра лічбавага кіно наступае на пяты, дык і галіна патрабуе прафесіяналаў з сучаснымі ведамі. А пра тых, хто, як і чытач "К" Аркадзь Раінскі, пачынаў справу кінафікацыі, спадзяёмся, не забудуцца ў Дзень беларускага кіно - 17 снежня. У свята кіно, якому сёлета спаўняецца 85 гадоў. Чым не нагода?

 Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ