Адукацыя на экспарт

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

У мінулым нумары за “круглым сталом” у рэдакцыі “Культуры” разам з кіраўніцтвам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў мы абмяркоўвалі тэму якасці творчай адукацыі. Менавіта гэты фактар вызначае імідж любой ВНУ краіны на адукацыйнай карце свету, а дасягненні выпускнікоў сведчаць аб прэстыжы набытых ведаў. Немалую ўвагу на суадносіны “якасць — імідж — прэстыж” звяртаюць замежнікі, што прыбываюць у Беларусь, каб атрымаць або паглыбіць адукацыю. Вышэйшыя навучальныя ўстановы культуры і мастацтва тут не з’яўляюцца выключэннем. Пра тое, што прапануюць сваім замежным студэнтам творчыя alma mater, як падтрымліваюць кантакты з колішнімі выпускнікамі і што забяспечвае іх прэстыж у адукацыйнай прасторы свету, даведаўся карэспандэнт “К”.

 

/i/content/pi/cult/242/3414/4-1.jpgУ рамках Асацыяцыі

 У Беларусі дзейнічае Міжнародная асацыяцыя выпускнікоў ВНУ рэспублікі, чыя праца накіравана на тых, хто мае магчымасць ажыццявіць сумесны бізнес-праект з нашай краінай. Яе стварыў і ўзначальвае Генеральны консул Каралеўства Непал ў Рэспубліцы Беларусь Упендра Махато. Мэта Асацыяцыі - стварэнне добрых умоў для развіцця і паглыблення сувязей выпускнікоў з іх навучальнымі ўстановамі для творчага, культурнага, навуковага і іншых відаў супрацоўніцтва. Асацыяцыя наладзіла ў 2008 годзе Міжнародны форум "Адукацыя без межаў", на які з'ехалася каля 300 чалавек з 60 краін свету, у ім прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі. Форум стаў глебай для прыцягнення замежных інвестыцый у краіну, ажыццяўлення канкрэтных праектаў. І яшчэ раз сцвердзіў: прэстыж адукацыі за мяжой з'яўляецца важным складнікам рэпутацыі навучальнай установы і краіны ўвогуле. А для ВНУ культуры і мастацтва тут сапраўды шырокае поле дзейнасці. Колькі ж патэнцыйных членаў Асацыяцыі сёння навучаецца ў нашай краіне і ў творчых ВНУ ў прыватнасці? Начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Ірэна Дыль паведаміла нашаму карэспандэнту, што сёння ў Беларусі вучыцца каля 9 тысяч грамадзян з 75 краін свету. Па даных, якія Асацыяцыя збірае практычна па ўсіх навучальных установах, у 2008 годзе з ліку замежных грамадзян на медыцынскіх спецыяльнасцях, напрыклад, вучылася каля 28% студэнтаў, а творчымі авалодвалі 4%. Чаго дасягаюць замежнікі, што атрымалі адукацыю ў Беларусі? Адзін з найбольш актыўных членаў Асацыяцыі непалец Сах Рама Шанкар Прасад, які застаўся жыць і працаваць у Беларусі, распавёў, што многія з гэтых людзей становяцца міністрамі, дацэнтамі універсітэтаў, проста прафесіяналамі ў сваёй справе: "Сёння рыхтуецца база даных замежных выпускнікоў, якія вучыліся тут, у ёй - інфармацыя і кантакты ўжо пра 4000 колішніх студэнтаў". Як засведчылі сустрэчы з прадстаўнікамі ВНУ, гэтыя звесткі прыдадуцца і самім установам адукацыі нашай краіны, каб распрацоўваць аналагічныя базы даных. Іншая справа, што ў тых жа творчых ВНУ, пагадзіцеся, больш запатрабаваны не сухі "кантактліст", а, як мінімум, паўнавартасныя творчыя рэзюме.

Незалежна ад спецыялізацыі

Далёка за мяжой вядома наша класічная мастацкая школа, якая дае паўнацэнныя комплексныя веды. Начальнік аддзела міжнародных сувязей Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ганна Ярашэвіч адзначае, што з-за спецыфікі ўстановы тут ніколі не было надта шмат замежных студэнтаў: "Даволі складаны, напружаны графік - заняткі з 9 да 19 гадзін- могуць вытрымаць не ўсе. Сёння ж у акадэміі навучаюцца студэнты з 14 краін, усяго іх - 46 чалавек". У апошнія гады найбольш актыўна ў БДАМ прыязджаюць грамадзяне Кітая (прыкладна палова замежнікаў адтуль), асабліва ім падабаецца мастацкі факультэт. Акрамя іх, атрымліваюць у Акадэміі мастацтваў адукацыю студэнты з Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі, Францыі, Іспаніі, Ірана, Сірыі, Лівана, Кіпра, Ірака, Калумбіі. "Спрабуем адсочваць, кім становяцца замежныя выпускнікі ў сябе на радзіме пасля заканчэння акадэміі. Да прыкладу, колішняя выпускніца з Малі, якая навучалася ў нас каля 30 гадоў таму, стала дырэктарам сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы ў галіне тэатральнага мастацтва. Адпаведнай ВНУ ў іх краіне няма, і наша выпускніца нясе навучэнцам веды, атрыманыя ў нас. Хлопец з Ірана, які летась скончыў магістратуру, стаў выкладчыкам рэжысуры на радзіме. Але часцей за ўсё кантакты з замежнымі выпускнікамі губляюцца", - кажа Ганна Ярашэвіч. Па словах начальніка ўпраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталлі Шмакавай, падтрымліваць сувязь з выпускнікамі або з навучальнымі ўстановамі, якія іх накіравалі з-за мяжы, даволі карысна. "Менавіта так беларуская ВНУ даведаецца, наколькі добра яна працуе. Калі яе былыя студэнты дасягаюць поспехаў - гэта канкрэтная ўдача, а калі яны сыходзяць з прафесіі або не становяцца заўважнымі, дык ёсць нагода змяніць штосьці ў адукацыйнай праграме ці падрыхтоўцы студэнтаў-замежнікаў. Таму ўсім міжнародным аддзелам можна парэкамендаваць абавязкова абменьвацца тэлефонамі ці электроннымі адрасамі з выпускнікамі". Гэта асабліва актуальна для Беларускага дзяржаўнага універсітэта культурыі мастацтваў, дзе за апошнія 5 гадоў колькасць замежных грамадзян, якія тут вучацца, павялічылася ў 6 разоў. Сёння тут атрымліваюць адукацыю студэнты з 13 краін свету: гэта КНР, Турцыя, Іран, Ірак, Польшча, Афганістан, Туркменістан, Рэспубліка Тога, Грузія, Камерун, Нігерыя, Арменія, Шры-Ланка, даволі часта ладзяцца міжнародныя канферэнцыі, выстаўкі з удзелам замежнікаў. Але побач з актыўнасцю ў працы з гэтай катэгорыяй студэнтаў становіцца відавочным такі факт: аказваецца, даведацца пра навучанне ў беларускіх ВНУ галіны культуры не так ужо і проста. Калі нехта з іншаземцаў захоча атрымаць інфармацыю пра іх у Інтэрнеце, дык яму патрэбна валодаць рускай мовай, бо сайты згаданых ВНУ не маюць англамоўнай версіі. Пэўнай кампенсацыяй з'яўляюцца інфармацыйныя буклеты, якія накіроўваюцца Міністэрствам культуры ў Міністэрства замежных спраў, а адтуль - у дыпмісіі Беларусі за мяжой. Спрыяюць усталяванню кантактаў і візіты рэктараў устаноў за мяжу, як, напрыклад, нядаўняя рабочая паездка рэктара БДУКіМ Барыса Святлова ў Кітай.

Заўважаць памылкі - і ўдасканальвацца

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі наладжана праца па развіцці сувязей з замежнымі абітурыентамі, у час навучання студэнтаў на працягу сямі гадоў (год падрыхтоўчага аддзялення, пяць курсаў, год магістратуры), кантакты з імі пасля выпуску. Супрацоўнік аддзела міжнародных сувязей БДАМ Любоў Хмялеўская кажа, што найбольш актыўна супрацоўнічае акадэмія з Кітаем (188 чалавек), ёсць студэнты з Арменіі, Малдовы, Расіі, Украіны. Еўрапейскія краіны сёння менш прадстаўлены, да прыкладу, з Бельгіі - толькі адзін студэнт. Раней часцей прыязджалі з Паўднёвай Амерыкі, ЗША. У сярэднім на год атрымліваецца каля 200 замежнікаў. Прыкладна палова ўсіх грамадзян з-за мяжы заканчваюць у нас магістратуру. Што да выпускнікоў, дык можна прывесці наступныя прыклады іх прафесійных дасягненняў: Мустафа Байык сёння - дацэнт універсітэта Чукурова ў Турцыі, Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Адана (Турцыя), Іад Махамад з Іарданіі стаў рэктарам Акадэміі музыкі на радзіме. Абодва яны скончылі БДАМ каля чатырох гадоў таму. Сунь Вэй Бо - доктар Акадэміімузыкі Чжэнчжоўскага універсітэта Кітая, начальнік тамтэйшага міжнароднага аддзела. Шмат выпускнікоў акадэміі працуе ў розных універсітэтах КНР. Часам, па словах супрацоўнікаў установы, з імі бываюць кантакты. Але якім чынам зрабіць іх рэгулярнымі? З аднаго боку, як сцвярджае начальнік аддзела міжнародных сувязей БДАМ Наталля Ганул, сёння падпісаны і дзейнічаюць пагадненні з трыццаццю ўстановамі-партнёрамі, за апошні год было рэалізавана больш за 100 міжнародных праектаў. З іншага - існуе і шэраг складанасцей. Па словах Наталлі Ганул, застаецца актуальным пытанне аб тым, у якіх формах ажыццяўляць супрацоўніцтва з тымі ці іншымі арганізацыямі, цэнтрамі, фондамі. "Прывяду прыклад: практычна ўсе нашы партнёры маюць магчымасць ажыццяўляць абмен студэнтамі і педагогамі. Для нас шэраг такіх праграм у межах Балонскага працэсу, што зблізіў адукацыйныя сістэмы краін Еўропы ў адзіную прастору, немагчымы. У нас, да прыкладу, няма бакалаўрыяту, мы маем іншую сістэму ацэнкі ведаў. Па гэтай жа прычыне наша ВНУ не можа накіраваць студэнтаў на вывучэнне асабліва запатрабаваных сёння дысцыплін - музычнага менеджменту, інавацыйных тэхналогій у адукацыйных праграмах, гукарэжысуры. Начальнік аддзела міжнародных сувязей БДАМ заўважае, што можна было б лепш "прасоўваць" сваю навучальную ўстанову на міжнароднай арэне, і ёсць шмат спосабаў гэта зрабіць: арганізацыя фестываляў, канцэртаў, у якіх прымалі б удзел прадстаўнікі ВНУ-партнёраў, падрыхтоўка навуковых і творчых праектаў на аснове сістэмы грантаў, стварэнне сумеснага сімфанічнага аркестра і тэатра з магчымасцю арганізацыі гастроляў. Праекты цалкам ажыццяўляльныя і стануць добрай рэкламай акадэміі.

***

 Павелічэнне колькасці замежных студэнтаў - гэта, зразумела, не асноўная мэта беларускіх ВНУ. Каб прымаць гэтую катэгорыю навучэнцаў, трэба ўлічыць і такі фактар, як невялікая колькасць месцаў у інтэрнатах, якімі замежнікі павінны быць абавязкова забяспечаны. Найбольш важным у навучанні іншаземных студэнтаў з'яўляецца актыўны абмен досведам, калі адна краіна можа вучыцца праз падрыхтаваных для яе спецыялістаў іншай. Партнёрстваў галіне адукацыі можа паспрыяць і эканамічнаму. Галоўнае, каб абодва бакі былі задаволены такімі двухбаковымі зносінамі. Вядома, што на Беларусі прымуць грамадзяніна з любой часткі свету і, пры яго старанні, могуць гарантаваць добрую адукацыю, аднак тэрміны навучання, сістэма адзнак, увага да вялікай колькасці гуманітарных дысцыплін, як зазначаюць у міжнародных аддзелах ВНУ галіны культуры, часцяком стрымліваюць ахвотных. Таму і кажуць усе зацікаўленыя пра пастаянную карэкціроўку праграм для замежнікаў.