Коласаўскі медаль

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Багата разнастайных мерапрыемстваў прайшло сёлета ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа і было прымеркавана да яго 50-гадовага юбілея. Гэтую тэму трымала ў полі сваёй увагі і “К”: за год выйшла некалькі артыкулаў пра ўстанову і яе фонды. Своеасаблівай кульмінацыяй святочных урачыстасцей стала вечарына, якая адбылася 4 снежня.

 

Міністр культуры Павел Латушка, які прымаў удзел ва ўрачыстасцях, зачытаў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, дзе зазначалася, што "за гэты час музей ператварыўся ў сапраўдную скарбніцу жыццёвай і творчай спадчыны класіка айчыннай літаратуры. У яго залах перад наведвальнікамі паўстае шматгранны вобраз знакамітага пісьменніка, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, вучонага, педагога, які да апошніх хвілін шчыра і самаахвярна служыў Радзіме". Кіраўнік дзяржавы пажадаў супрацоўнікам музея поспехаў у справе захавання здабыткаў нацыянальнай літаратуры, здзяйснення новых планаў, здароўя і дабрабыту. У сваю чаргу, міністр культуры падзяліўся сваімі ўражаннямі пра пранікнёныя радкі народнага Песняра, якімі пачынаецца паэма "Новая зямля". У сваёй прамове Павел Латушка падкрэсліў важнасць асветніцкай дзейнасці супрацоўнікаў музея, якія актыўна папулярызуюць творчыя здабыткі нашага народа. Асобна міністр адзначыў, што за мяжой таксама памятаюць пра нашых класікаў літаратуры. Сведчаннем чаго стала наданне імя Якуба Коласа вуліцы ў горадзе Гайнаўка, што ў Польшчы.

Шчыльныя стасункі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваюцца і з украінскімі калегамі. Пра тое, што беларускіх класікаў любяць і чытаюць у нашай паўднёвай суседцы, зазначыў і Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавой, які падкрэсліў важнасць нашых сумесных плённых стасункаў у сферы культуры. Пад час святочных урачыстасцей мастацкія нумары прадставілі артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Спецыяльна да гэтай даты музеем быў падрыхтаваны і адмысловы юбілейны медаль. Завершацца ж юбілейныя праекты 17 мая наступнага года, калі, па словах дырэктара музея Зінаіды Камароўскай, адбудзецца вялікае заключнае мерапрыемства.