Дзесяцігоддзе Саюзнай Дзяржавы

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

8 снежня споўнілася 10 гадоў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. У гэты дзень у Маскве адбыўся ўрачысты сход і святочны канцэрт. Як паведамляе прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўнік нашай краіны, старшыня Вышэйшага Савета Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларусаў і расіян з гэтай знамянальнай падзеяй.

У сваім віншаванні Прэзідэнт адзначыў: "Дзесяць гадоў таму адбылася без перабольшання знамянальная падзея, якая стала натуральным увасабленнем імкнення беларусаў і расіян да яднання, заснаванага на непарыўных гістарычных вузах, духоўнай і культурнай супольнасці, цесных эканамічных сувязях. Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы адкрыў новую старонку ў развіцці беларуска-расійскіх адносін, даў магчымасць захаваць і ўмацаваць нашу шматвяковую каштоўнасць - дружбу двух брацкіх народаў". З нагоды дзесяцігоддзя падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ў Расіі і Беларусі праходзіць цэлы шэраг культурных мерапрыемстваў. У гэты дзень у Дзяржаўным Крамлёўскім палацы адбыўся ўрачысты сход і святочны канцэрт вядучых майстроў мастацтваў Беларусі і Расіі. Сярод удзельнікаў былі Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры", народныя артысты нашай краіны Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, ансамбль "Сябры", пераможцы дзіцячага "Еўрабачання" Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец і іншыя.
У Санкт-Пецярбургу юбілей адзначылі святочным канцэртам хору Дзяржаўнай акадэмічнай капэлы імя М.І.Глінкі, у якім прыняў удзел і беларускі ансамбль "Чысты голас". Разнастайныя культурныя мерапрыемствы, "круглыя сталы", канцэрты прайшлі ў многіх расійскіх рэгіёнах. У прыватнасці, у Хабараўску адкрыліся Дні беларускай культуры, арганізаваныя асацыяцыяй "Беларускае зямляцтва" і краявым Міністэрствам культуры. У праграме - паказ стужак, створаныхНацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм", мастацкая выстаўка і выступленні самадзейных калектываў. Як паведамляе Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, у Мінску маштабныя мерапрыемствы ў гонар 10-годдзя падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы пройдуць у сталічным Палацы Рэспублікі 18 снежня.