Калекцыя інкунабул

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Першым крокам па вяртанні бібліятэк магнацкіх фамілій у Беларусь стала лічбавае выданне «Кніжнага збору роду Храптовічаў», падрыхтаванае Нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Украіны пры падтрымцы UNESCO.

Віртуальная рэканструкцыя гэтага кнігазбору прысвечана радавой бібліятэцы графоў Іаахіма Літавора і Адама Храптовічаў, ваенных і дзяржаўных дзеячаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Калекцыя налічвае больш за 2000 экземпляраў кніг. Як адзначыла на прэзентацыі кампакт-дыска загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства НББ Галіна Кірэева, у каталог увайшлі апісанні і копіі тытульных лістоў інкунабул, палеатыпаў выданняў другой паловы XVI - XVII стагоддзяў. У той жа час, у падрыхтаваны кампакт-дыск па тэхнічных прычынах не ўключаны выданні XVIІІ- ХІХ стагоддзяў, затое прадстаўлены поўнатэкставыя варыянты найбольш каштоўных рукапісаў. Як адзначыла намеснік дырэктара НББ Людміла Кірухіна, Нацыянальная бібліятэка здзяйсняе шэраг міжнародных праектаў пры падтрымцы UNESCO, што найперш накіраваны на збор, захаванне найбольш каштоўных прыватных бібліятэк, архіваў і калекцый.
Па яе словах, разам з украінскімі калегамі плануецца ажыццявіць працяг гэтага праекта і стварэннем віртуальнай калекцыі зрабіць бібліятэку роду агульнадаступнай. У сваю чаргу, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO Уладзімір Шчасны засяродзіў увагу на пытанні выпрацоўкі такога механізму, каб кожны беларус мог скарыстацца патрэбнай кнігай з бібліятэкі Храптовічаў, заказаўшы электронную версію любога выдання, прадстаўленага на кампакт-дыску. Уладзімір Шчасны падзяліўся і планамі на будучыню. Чакаецца віртуальная рэканструкцыя архіваў Радзівілаў і Сапегаў.