Сертыфікат “Памяці…”

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

8 снежня ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося ўрачыстае ўручэнне сертыфіката аб уключэнні архіваў Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў у Сусветны рэгістр UNESCO «Памяць свету», куды на сёння ўваходзіць 197 аб’ектаў дакументальнай спадчыны.

Большая частка архіваў магнацкага рода знаходзіцца ў бібліятэцы НАН Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэцы, Нацыянальным архіве краіны. Уручаючы сертыфікаты, пасол па асобых даручэннях Міністэрства замежных спраў Беларусі, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімір Шчасны падкрэсліў, што ўключэнне ў Сусветны рэгістр "Памяць свету" дазволіць захаваць унікальную калекцыю архіваў і зрабіць яе даступнай. Адбылася і прэзентацыя DVD "Дакументальная спадчына Радзівілаў (рэестры бібліятэчных і музейных збораў Нясвіжскай ардынацыі)", створанага Беларускім навукова-даследчым цэнтрам электроннай дакументацыі пры падтрымцы Бюро UNESCO ў Маскве. Архівы і Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў былі намінаваны на ўключэнне ў склад рэгістра па ініцыятыве Беларусі сумесна з Літвой, Польшчай, Расіяй, Украінай і Фінляндыяй- краінамі, дзе захоўваюцца часткі аднаго з найбуйнейшых асабістых архіваў і кнігазбораў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Да мерапрыемства таксама прымеркавана выстаўка "Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў - помнік сусветнай культуры".