Новы ўзровень “залатога фонду”

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

4 снежня, за некалькі дзён да святкавання дзесятых угодкаў з часу падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Устаноўчы з’езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Ідэя правядзення форуму падтрымана прэзідэнтамі дзвюх краін, Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

 

/i/content/pi/cult/242/3409/2-1.jpgАляксандр Лукашэнка павіншаваў з пачаткам работы Устаноўчага з'езда Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы яго дэлегатаў і ўдзельнікаў. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь лічыць сімвалічным, што ў год святкавання 10-годдзя Саюзнай дзяржавы менавіта майстры мастацкага слова, якія з'яўляюцца выразнікамі настрояў грамадства, пацвярджаюць нязменнае імкненне народаў да яднання і супрацоўніцтва. "Сёння вы ствараеце першую ў гісторыі беларуска-расійскую творчую арганізацыю, якая павінна адрадзіць добрыя традыцыі сумеснай работы літаратараў брацкіх краін. Няхай гэты знамянальны крок адкрые новы этап у фарміраванні агульнай культурнай прасторы, садзейнічае з'яўленню выдатных кніг, якія сцвярджаюць высокія маральныя каштоўнасці", - гаворыцца ў віншаванні. Сваё прывітанне ўдзельнікам Устаноўчага з'езда новай пісьменніцкай арганізацыі накіраваў і Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. Яно было зачытана старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Валерыем Ганічавым.

У рабоце Устаноўчага з'езда прынялі ўдзел каля 100 дэлегатаў. Ініцыятарамі ж стварэння Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы выступілі вядомыя пісьменнікі Расіі і Беларусі- Валерый Ганічаў, Валянцін Распуцін, Ягор Ісаеў, Уладзімір Карпаў, Мікалай Чаргінец, Уладзімір Гніламёдаў, Алесь Савіцкі ды іншыя. Гасцямі ж у канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі сталі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, творчых саюзаў, СМІ, грамадскія дзеячы, работнікі бібліятэк, навуковых устаноў Беларусі. Перад дэлегатамі і гасцямі з'езда выступілі начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Усевалад Янчэўскі, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, міністр адукацыі краіны Аляксандр Радзькоў, першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч і іншыя. На з'ездзе былі выбраны сустаршыні новага саюза. Імі сталі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец і старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Ганічаў. У склад праўлення арганізацыі ўвайшлі Валянцін Распуцін, СтаніслаўКуняеў, Іван Сабіла, Міхаіл Пазнякоў і іншыя.

Як зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К" Мікалай Чаргінец, дэлегаты прынялі зварот да інтэлігенцыі і пісьменнікаў дзвюх краін, дзе, у прыватнасці, гаворыцца, што Саюз ставіць сабе за мэту прапаганду твораў класікі, "залатога фонду" літаратуры. На 2010ты ўжо запланаваны мерапрыемствы да 65-годдзя Вялікай Перамогі, а таксама юбілейных дат пісьменнікаў дзвюх краін. У самы бліжэйшы час мяркуецца правесці сустрэчу з кнігавыдаўцамі Беларусі і Расіі. "Ужо сёння мы можам казаць пра поспех кніг з серыі "Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі", дзе, дарэчы, выйшла і некалькі тамоў расійскіх аўтараў. Мы пачалі таксама і серыю прыгодніцкай ды фантастычнай літаратуры. З гэтым даробкам не сорамна выходзіць на рынак", - лічыць старшыня СПБ. Мікалай Чаргінец адзначыў, што нашы краіны маюць багатую спадчыну, і літаратары павінны захоўваць яе і прымнажаць. Стварэнне Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, на думку старшыні СПБ, будзе садзейнічаць росквіту літаратуры. Сярод асноўных задач новага Саюза Мікалай Чаргінец вылучыў стварэнне магутнай літаратурнай крытыкі, арганізацыю інстытутаў дапамогі маладым пісьменнікам, стварэнне ўмоў для кнігавыдання, абароны інтарэсаў пісьменнікаў, уздыму на новы ўзровень іміджу літаратара.

Фота Юрыя ІВАНОВА