Яго асаблівасцю стане тое, што ён збярэ стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Чарговую "справаздачу" будуць трымаць Аксана Волкава (мецца-сапрана), Настасся Масквіна (сапрана), Ілля Сільчукоў (барытон) і піяністка Вольга Сцяжко. Усе гэтыя музыканты - даўно не навічкі на нашым мастацкім Алімпе. Яны лаўрэаты шматлікіх міжнародных конкурсаў, іх добра ведаюць не толькі ў нас, але і далёка за межамі краіны. Аксана Волкава, дарэчы, зараз праходзіць стажыроўку ў Вялікім тэатры Расіі. Яна і Настасся Масквіна летась былі ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Абедзве гэтыя спявачкі ўжо могуць лічыцца сапраўднымі прымадоннамі нашага тэатра, бо ў іх рэпертуары ледзь не ўсе вядучыя партыі сапранавага і мецца-сапранавага рэпертуару. Ілля Сільчукоў пакуль яшчэ не такі вядомы, бо ў тэатры ён працуе ўсяго пяты сезон. Але яго мяккі, кранальны барытон запомніўся ўсім, хто яго чуў. Вольга Сцяжко не працуе ў нашым тэатры, але будзе саліраваць з яго аркестрам, якім у гэты вечар будзе дырыжыраваць Вячаслаў Воліч. Пасля навучання ў Рэспубліканскім каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі яна працягнула адукацыю ў Італіі, потым - у Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане, аспіранткай якой зараз з'яўляецца. Ну, а 18-га снежня, паводле традыцыі, адбудзецца галоўная творчая справаздача стыпендыятаў і лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі - у Палацы Рэспублікі.