А калі ў сем намінацый?

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Рэспубліканскі конкурс “Зорка ўзышла над Беларуссю” працягвае крочыць па краіне. Першы адборачны этап прайшоў у шэрагу раёнаў Брэстчыны. Як паведамляе дырэктар Жабінкаўскага арганізацыйна метадычнага цэнтра Аляксей Гарбацюк, раённы этап адбыўся ў мясцовым ГДК 4 снежня. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 17 чалавек з горада і раёна.

Найбольш удзельнікаў сабрала намінацыя “Эстрадныя спевы”. А ўвогуле маладыя таленты Жабінкі і Жабінкаўскага раёна паказвалі свае здольнасці ў шэрагу намінацый: “Народныя спевы”, “Аўтарская песня”, “Жывапіс і графіка”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Рэжысура масавых свят, тэатралізаваных прадстаўленняў і шоў-праграм”. Па словах Аляксея Фёдаравіча, адбор удзельнікаў працягваецца і, магчыма, вызначацца прэтэндэнты і ў іншых намінацыях.

А наш чытач з Піншчыны Глеб Жылевіч падае дакументы па 7 намінацыях Рэспубліканскага конкурсу! Каб такі імпэт -- і ў кожным раёне Беларусі!

Але вернемся да афіцыйнай статыстыкі з яшчэ аднаго раёна Брэстчыны -- Камянецкага. Тут першы этап конкурсу адбыўся 5 снежня і сабраў больш чым 50 чалавек, якія падалі зяўкі па 9 намінацыях. Як распавяла дырэктар Камянецкага РМЦ Таццяна Кітаеўская, вялікая колькасць прэтэндэнтаў была ў намінацыі “Эстрадныя спевы”, а найменшая --  у намінацыі “Рэжысура масавых свят, тэатралізаваных прадстаўленняў і шоў-праграм”, “Скульптура” ды “Жывапіс і графіка”. Дырэктар РМЦ спадзяецца, што на тыя намінацыі, куды яшчэ не пададзены заяўкі -- а гэта “Дызайн”, “Фатаграфія”, “Сацыяльная рэклама”, -- прэтэндэнты яшчэ з’явяцца.