Драматург для хуткасных рытмаў

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

На небасхіле “маладых таленавітых” драматургаў імя Мікалая РУДКОЎСКАГА прысутнічае не ад сёння. Яго п’есы раз-пораз з’яўляюцца ў шэрагах лаўрэатаў і намінантаў прэстыжных драматургічных конкурсаў, радзей — але таксама з’яўляюцца — на сцэнах тэатраў, прытым, што сам Мікалай — фігура медыйная: ён працуе на радыё “Юністар”, але пры гэтым сваю драматургічную дзейнасць не спяшаецца “піарыць”. Акурат пра гэтую яго творчую пазіцыю мы і размаўляем сёння з драматургам.

 /i/content/pi/cult/116/340/Dramaturg.jpg
— Давайце, Мікалай, пачнём з самага
пачатку. Як і калі ў вашым жыцці з’явілася драматургія? Калі вы зразумелі, што хочаце пісаць п’есы?

— Гэта адбылося цалкам выпадкова. Я і не думаў пра драматургію. Проста аднойчы мае сябры, з якімі я вучыўся ў Беларускім універсітэце культуры, папрасілі мяне напісаць што-небудзь для нашага курса. Так з’явілася першая мая п’еса.

— Выключна з утылітарнай мэтай?

— Не тое што “трэба было”, а проста я паспрабаваў, і ў мяне атрымалася. І пайшло-паехала, пачаліся замовы на іншыя п’есы. Так атрымліваецца, што дагэтуль усе мае п’есы напісаны для канкрэтных людзей. Іншая справа, што “замовы” гэтыя, акрамя першай, не выкананы тымі людзьмі ці для тых людзей, для якіх ствараліся першапачаткова.

— А як жа “Жанчыны Бергмана” на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, дзе бліскуча сыгралі Таццяна Мархель і Людміла Сідаркевіч?

— Гэтую п’есу я таксама ствараў для сваіх аднакурсніц — пасля першага поспеху яны захацелі яшчэ.

— А адна з апошніх — “Ана і ананас”?

— Галоўную ролю павінна была выконваць мая добрая сяброўка Вольга Няфёдава.

— Але ж адна справа, калі аўтар піша твор, уяўляючы сваіх герояў, няхай і ў канкрэтным увасабленні, і зусім іншая справа — гэтае самае ўвасабленне...

— Мая справа — крэатыў, а справа рэжысёра — прадакшн.

— Гэта ваша свядомая пазіцыя як драматурга: не займацца рэкламаваннем і прасоўваннем уласных п’ес?

— Не, гэтым я не займаюся і наўрад ці буду займацца.

— Чаму? Няўжо не грэе жаданне ўбачыць свае творы на сцэне?

— З аднаго боку, гэта, канешне, цікава. Хаця сцэнічны лёс твайго твора — гэта ўжо іншае жыццё. Як дзіця, якое ты выхоўваў, а потым яно пайшло ў школу, інстытут, пачало атрымліваць зусім іншы досвед. Гэтак жа і п’еса: ты даеш нараджэнне, а далейшы яе лёс развіваецца самастойна. Так і сцэнічны лёс персанажаў знаходзіцца ва ўладзе акцёраў і рэжысёра.

—Вы падтрымліваеце ідэю таго, што ёсць драматургія для тэатра, а ёсць для чытання?

— Так, я згодны з тым, што драматургія — гэта род літаратуры, а не нейкае адгалінаванне ад тэатральнага мастацтва. Таму адно ўражанне будзе ў чытача ад п’есы і абсалютна іншае — у гледача ад спектакля. Я, да прыкладу, у тэатр іду не дзеля таго, каб пазнаёміцца з сюжэтам той ці іншай п’есы — яе я і дома магу прачытаць, — у тэатры мяне цікавіць тое, як канкрэтны рэжысёр яе інтэрпрэтуе, што новага змог убачыць ён, чаго не бачыў я. Гэтым, да прыкладу, мне спадабаўся купалаўскі “Макбет” сюжэт яго я ведаю, а вось як рэжысёр вырашыў сусветныя сцэны — за гэтым я сачыў з цікавасцю. Гэтаксама і ў дачыненні да сваіх п’ес — я б хацеў, каб іх ставілі ў самых розных формах.

— Атрымліваецца, што вы як драматург — штуршковы механізм для рэжысёрскай фантазіі і сваёй п’есай мусіце правакаваць рэжысёра на з’яўленне асобных сцэнічных вобразаў?

— Мае думкі і вобразы — у маіх п’есах. А ў спектаклі мусяць быць рэжысёрскія думкі, вобразы, знаходкі: спектакль гэта яго ўяўленне пра тыя рэчы, якія я апісваю ў п’есе.

— Ці гэтым прадыктавана “няпобытавая” форма вашых п’ес, іх нязвыклая мова, у якую неабходна “ўключацца” і ўвесь час знаходзіцца ў напружанні?

— У нашым жыцці занадта многа побыту. Хтосьці вельмі любіць “купацца” ў гэтай так званай новай драме, атрымліваць асалоду ад акаляючай “чарнухі”. Мне гэта не цікава. Я па-іншаму гляджу на гэты свет і… аддаляюся ад яго. І ў сваёй творчасці я свядома аддаліўся настолькі, што, хутчэй, жыву на вясёлцы, чым езджу грамадскім транспартам. Канешне, у жыцці я езджу грамадскім транспартам, але не пра гэта думаю... Я адчуваю, што ў многіх людзей прысутнічае гэты “адыход”, толькі ў адных ён можа пераходзіць у апатыю да жыцця, у іншых — у агрэсіўнасць. Я выбіраю не шлях крытыкі навакольнага жыцця і апісальніцтва ўсяго дрэннага, што бачу, а наадварот— знаходжу іншае жыццё, больш цікавае, яркае, фантазійнае. Свет, які таксама мае права на існаванне.

— Навучыць людзей жыць прыгожа хаця б у сваіх фантазіях? Хаця, слова “навучыць”, напэўна, не вельмі пасуе да вашых п’ес...

— Я не хачу чытаць маралі і чарговы раз тыцкаць іх тварам у бруд: маўляў, глядзіце, дзе вы жывяце! Лепш яшчэ раз узняць іх над гэтым побытам і даць адчуць прыгажосць і асалоду ад падобнага стану. Я адчуваю, што сёння ёсць маладое пакаленне, якое знаходзіцца ў пэўнай разгубленасці і не ведае, што рабіць і як жыць далей: яны альбо занадта калючыя, альбо занадта суіцыдальныя. Але я ведаю,што некаторым дастаткова толькі штуршка, які пакажа ім прыгажосць жыцця, і яны пачнуць атрымліваць ад гэтага жыцця свій “кайф”. Якім бы ні было жыццё, у ім заўсёды варта шукаць добрыя і прывабныя бакі. І мая драматургія менавіта для тых людзей, якія не схільныя да маркоты і апатыі.

— Які ён, ваш “спажыўца”: чытач і глядач?

— Галоўнае — чалавек з мазгамі. Гэта галоўнае, і тут ужо не важныя ні ўзрост, ні сацыяльны статус.

— А не было жадання самому ставіць свае п’есы?

— Не, асаблівага жадання не было, але думаю, што ў хуткім часе займуся гэтым. У тэатры БДУ студэнты ставяць маю п’есу, і мяркую, што мне давядзецца ўключыцца ў гэты працэс. Дарэчы, студэнты надзвычай удзячны “матэрыял” для творчых эксперыментаў. У іх іншы тып мыслення, чым у прафесійных акцёраў, і яны хутчэй, чым акцёры, паддаюцца на наватарствы, не баяцца эксперыментальных крокаў. З імі, як з добрай глінай, можна рабіць самыя розныя рэчы. У тэатры акцёры распытваюць, што да чаго і навошта, а яны бяруць і робяць. Кідаючыся на амбразуру, як Аляксандр Матросаў.

— Значыць, у вашым разуменні, акцёр павінен быць Матросавым і не дапытваць аўтара, што ён меў на ўвазе?

— Зараз паўсюль так: у Еўропе, у блізкай да нас Літве, у Маскве ўжо даўно прыйшлі да такога тыпу мыслення, таму і спектаклі ставяць за два-тры тыдні. Рэжысёр ведае, што яму патрэбна, ён тлумачыць сваю пазіцыю акцёрам, а ўжо іх задача — паслухаць рэжысёра і зрабіць так, як ён просіць.

— Гэта прадыктавана новым тыпам драматургіі? Новым тыпам мыслення? — Магчыма... Новымі рытмамі— сёння людзі жывуць “хутчэй”.— А як жа традыцыі грунтоўных паўгадавых рэпетыцый?

— Паўгода — гэта ўжо занадта. Нельга згубіць асалоду і адчуванне першай рэпетыцыі. Шэсць месяцаў гэта не можа працягвацца: робіцца сумна. А паўтараць ад рэпетыцыі да рэпетыцыі выпадкова знойдзеныя цікавыя кавалкі акцёр таксама не можа.

— Ці можаце вы акрэсліць такі ідэальны спектакль па вашай п’есе, які б вам самому было цікава глядзець?

— Найперш, гэта мусіць быць цікавая сцэнічная форма. Звыклыя сюжэтныя спектаклі, якія проста перадаюць змест, мяне не захапляюць.

— Каб “працавалі” не толькі вушы?

— Так, хаця ў маіх творах зразумела, што вушы павінны вельмі добра працаваць і ўлоўліваць усе нюансы тэксту. І другая асаблівасць, якая абавязкова мусіць быць у спектаклі, — наяўнасць другога плана, шматслойнасць, пошукі нюансіровак. Без гэтага таксама не цікава.


Распытвала Таццяна КОМАНАВА