Хто ж яму прымроіўся?

№ 48 (916) 28.11.2009 - 04.12.2009 г

Жанр новага спектакля “Хлопчык і Цень” паводле п’есы Кіры Чаркаскай і Андрэя Князькова ў Беларускім тэатры “Лялька” рэжысёр Віктар Клімчук вызначыў як “сучасная казка”. А па шчырасці, віцебскія лялечнікі прапанавалі 1012гадовым гледачам сапраўдную дзіцячую містыку. Таму цалкам невыпадковы і ўзроставы “цэнз”: малодшым гледачам ва ўспрыняцці спектакля можа замінаць банальны страх. І ўсё ж, праблемы, узнятыя аўтарамі, на дзіва сур’ёзныя і вельмі актуальныя для сучаснасці — іх без перабольшвання можна назваць “дарослымі”. Таму стваральнікі спектакля не без падстаў лічаць, што задумацца аб сваіх жаданнях і магчымасцях дзеці павінны як мага раней.

12-гадовы хлопчык (Яўген Гусеў), які расце ў звычайнай сям’і, пакутуе ад дзіўнай фобіі: яму мроіцца страшная Вядзьмарка (Вольга Маханькова), што жыла поруч з ім на старой кватэры, а потым, як высветлілася,паспяхова перабралася на новую. І, як гэта часта бывае з фантазіямі, у якія шчыра вераць, — стала цалкам рэальнай. Праз сваю ўражлівасць і безабароннасць хлопчык выглядае вельмі адзінокім: у п’есе няма ні слова пра ягоных сяброў і таварышаў, затое ўвесь час яго пераследуе дзіўны напаўрэальны Цень. Але ў дзіцяці ёсць вялікае багацце — сапраўдная мара: ён хоча навучыцца граць на скрыпцы. Насуперак Маці (Ларыса Мартынава), якая запэўнівае Сына, што заняткі музыкай — не для яго, насуперак Бацьку (Алег Рыхтэр), які, па сутнасці, заняты толькі праблема мі сваёй творчай самарэалізацыі. Страшны Цень — напаўрэальная Ядвіга Карлаўна — палюе за чалавечымі марамі. Вельмі лёгка атрымлівае яна ў сваю скарбонку мрою меркантыльнай Мамы аб матэрыяльным дабрабыце, яшчэ лягчэй прымушае адмовіцца ад мары няўпэўненага ў сабе Тату. Толькі з хлопчыкам узнікаюць праблемы: напэўна, і слабое дзіця “зламалася” б пад націскам Вядзьмаркі, каб не гарэзлівае Мышаня (Наталля Гайдук) са сваёй Мамай (Ганна Сцепанец).

Як і ўсе казкі, гісторыя пра Хлопчыка і страшны Цень заканчваецца верхам дабра: Цень пераможаны і больш ніколі не вернецца да малога. А гледачам прапануецца сур’ёзна паразважаць аб тым, што ж такое Мара? Навошта яна патрэбна чалавеку? У спектаклі вельмі ўдала спалучыліся глыбокая тэма з папулярным жанрам. Сучасных падлеткаў цяжка чымсьці здзівіць, але імкненне да невядомага моцнае ў кожным чалавеку. Менавіта гэтае невядомае і зачароўвае, прымушае неадрыўна сачыць за падзеямі на сцэне. Дзіўны містычны эфект ствараецца дзякуючы мультымедыйным сродкам. “Хлопчык і Цень” — ужо другі спектакль “Лялькі”, дзе рэжысёр скарыстоўвае відэапраекцыю. Баланс паміж праекцыяй і тэатральнымі сцэнамі знойдзены вельмі ўдала: апошняя не замінае і не адцягвае ўвагу, а плённа працуе на атмасферу і эмацыйны фон відовішча. У выніку загадкавы Цень паўстае перад гледачамі ў некалькіх абліччах: спярша гэта дзіўнае “нешта”, якое існуе на лялечным экране, потым — ценявая, але цалкам пэўная постаць, і нарэшце, калі сіла дзіцячай веры ў непазнанае дае поўную волю загадкавай істоце, Яна ператвараецца ў фігуру, якая рухаецца і гаворыць.

Спектакль трымае глядзельную залу ў пастаянным напружанні. Але, у адрозненне ад многіх трылераў, дзе пануе страх дзеля страху, у “Хлопчыку і Цені” эмацыйнае напружанне перарастае ў напружанне інтэлектуальнае. І вось тут пачынаецца праца розуму, вельмі актыўная, бо народжаная моцнымі эмоцыямі. Думаецца, гэты спектакль адкрывае для “Лялькі” новы пласт тэатральных форм, адрасаваных падлеткам, якія зза супярэчнасцей свайго ўзросту часта на дзіва нігілістычна ставяцца да таго, што было цікава ў дзяцінстве і што будзе цікавым у дарослым жыцці. Сцэнічныя творы, якія нясуць высокія думкі і прымушаюць разважаць праз “модныя” жанры, — не новае ў мастацтве. Аднак новы крок, зроблены ў гэтым накірунку калектывам “Лялькі”, безумоўна, дадасць станоўчага вопыту.

 Вікторыя ДАШКЕВІЧ