Вытанчаная, пругкая, пластычная

№ 48 (916) 28.11.2009 - 04.12.2009 г

Мастак, які бароніць паэтычны сусвет

Вытанчаная, пругкая, вельмі пластычная лінія, якая дакладана і графічна вызначае сюжэт філасофскіх, метафарычных, алегарычных работ мастака з Баранавічаў Уладзіміра Рамейкі, натуральна спалучаецца ў ягоных палотнах з майстэрствам жывапіснай плямы. Пры гэтым у серыі “Дыялогі”, прэзентаванай творцам у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, няма гучнай шматфарбавасці — тут усё вытанчанае па колеры, далікатнае, і толькі ў некаторых, заўважных дапытліваму гледачу, дэталях адчуваецца класічная мастацкая адукацыя аўтара. Асабліва заўважна гэта ў работах, дзе ўладарыць вобраз жанчыны. Некалькі дотыкаў пэндзля парушаюць плоскаснасць выявы, дадаюць постаці адчуванне пяшчоты, кранальнасці, безабароннасці. Жанчына для творцы — заўжды натхненне, сімвал вечнай прыгажосці, гармоніі, недасягальнай мары. А побач на палатне — нязменна сам мастак: у вольнай палатнянай вопратцы, ён, здаецца, ахінае і бароніць створаны ім паэтычны сусвет.

Новаму праекту Уладзіміра Рамейкі папярэднічалі гады п а д а р о ж жаў, творчых роздумаў, духоўныя пошукі. За гэты час былі зроблены дзесяткі эскізаў і накідаў, што і дазволіла мастаку дасягнуць ужо ў завершаных палотнах колеравага лаканізму і вобразнай выразнасці, адмовіцца ад залішніх падрабязнасцей, другараднасці. Дакладна выбудаваная кампазіцыя кожнага з палотнаў, тым не менш, пазбаўлена штучнасці і схематычнасці. Мінімальныя, сціплыя жывапісныя сродкі, адметная выяўленчапластычная мова мастака ў “Дыялогах” дазволіла яму вылучыць у работах на першы план сімволіку, афарызм, гіпербалу, гумар, сарказм і гратэск. Невыпадкова з работы ў работу пераходзяць адны і тыя ж вобразы: крумкача — спадарожніка чалавека, сімвала вечнасці і мудрасці; пясочнага гадзінніка, які распавядае аб хуткаплыннасці часу, аб значнасці імгнення; ліхтара, які дае водбліск духоўных перажыванняў, такіх неабходных у нашым мітуслівым штодзённым жыцці.

У палотнах Уладзіміра Рамейкі можна вылучыць адразу некалькі скразных тэм. Мастак разважае ў сваёй творчасці аб існасці чалавека, аб ягоным месцы ў светабудове, аб філасофскай сутнасці жыцця, аб блізкасці, узаемазалежнасці прыроды і культуры. У простых формах схаваны глыбокі філасофскі падтэкст, які часам патрабуе аўтарскага вызначэння. Невыпадкова работы Уладзіміра Паўлавіча суправаджаюцца вершаванымі подпісамі. Гэты своеасаблівы маніфест мастака, які склала яго жонка Вольга, дазваляе канкрэтызаваць работы не толькі ў гісторыкамастацтвазнаўчым кантэксце, але і ў алегарычным полі філасофскай паэтыкі.

Наталля ЖОГЛА