Як гучаць колеры?

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

З 25 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі працуе цудоўная выстаўка класікаў расійскага і савецкага жывапісу пад назвай “Сімфонія фарбаў. Уладзімірскія мастакі-жывапісцы”. Экспануецца 154 творы другой паловы ХХ стагоддзя. У рамках гэтага праекта зіхацяць 40 імёнаў — з’ява незвычайная. Падкрэслю, сёння прывезці з Расіі такую маштабную экспазіцыю даволі складана. Гэта прыемная падзея і для гледачоў, і для крытыкаў.

 

/i/content/pi/cult/239/3394/7-1.jpgШмат пейзажаў. Пошукі мастакоў праходзяць, як правіла, у тыпалагічных рамках традыцыйнага "відавога" пейзажа, які насычаны яркімі мажорнымі фарбамі, дэкаратыўнасцю, павышанай гучнасцю колераў. Такім чынам, абапіраючыся на народныя традыцыі сваёй зямлі, майстры ў палотнах адлюстроўваюць асаблівасці ўладзімірскай школы жывапісу. Гэтая школа прадстаўлена ейнымі заснавальнікамі - Уладзімірам Юкіным, Кімам Брытавым, Валерыем Какурыным. Упершыню мастакі гэтага накірунку заявілі пра сябе ў пачатку 1960-х, калі ў Маскве з вялікім поспехам прайшла выстаўка "Савецкая Расія". А пасля наступнай "Выстаўкі твораў мастакоў г. Уладзіміра, Мацёры, Гусь-Хрустальнага" пра ўладзімірцаў загаварылі як пра з'яву ў рускім жывапісе.

/i/content/pi/cult/239/3394/7-3.jpgСёння іх паслядоўнікі - маладыя таленавітыя творцы Васіль Фамюк, Уладзімір Хамкоў, Дзмітрый Холін, у чыіх работах ярка адчуваецца паэтызацыя народнага ладу жыцця. Успаміны пра родны край, тэмпераментная дэкаратыўная пастозная пластыка, рэльефная фактура, жывая ўсхваляванасць, трапятлівасць прыродных вобразаў - усё гэта характэрна для сучасных уладзімірцаў, пазнавальных з першага погляду на любой маштабнай выстаўцы. Канешне, мастацкія метады ва ўсіх мастакоў-пейзажыстаў розныя. Але іх аб'ядноўвае нешта агульнае: гэта - адносіны да натуры. Глыбока паэтычны вобраз Радзімы вельмі пашырае наша ўяўленне пра расійскае мастацтва ў цэлым, пра тое, як беражліва, клапатліва адносяцца майстры пэндзля да сваёй зямлі.

 Марына МАЛЬГІНА