“Фарпост” для “Першых маразоў”

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

«Памяць стагоддзяў» — пад такой назвай Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прадстаўляе праект, які прысвечаны Году роднай зямлі. Гаворка пра выстаўку твораў мастака-графіка Галіны Бараноўскай (Плотнікавай).

 

/i/content/pi/cult/239/3392/7-2.jpgЭкспазіцыя складаецца з 70 твораў, выкананых у акварэлі і каляровым алоўку. У яе ўваходзяць серыі - "Сказ пра Заслаўе" і "Станькава". Акрамя таго, экспануюцца архітэктурныя матывы іншых мясцін Беларусі і замежных краін. Сваёй творчасцю Галіна Бараноўская імкнецца паказаць прыгажосць гістарычна значных мясцін Беларусі праз старое Заслаўе і Станькава- былы маёнтак Чапскіх (маёнтку 450 гадоў). Яна спрабуе абудзіць любоў да радзімы праз рэалістычныя творы: лірычныя пейзажы і архітэктурныя помнікі ў ландшафце. У аснове творчага метаду Галіны Бараноўскай ляжыць выключна работа з натуры. Гэта дазваляе аўтару глыбей прасякнуцца жыватворнасцю старадаўняй храмавай архітэктуры і перадаць непаўторнасць уражанняў ад сустрэчы з прыгажосцю свету. Увогуле, для яе творчасці характэрны серыйны падыход (цыклы "Жыровіцкі манастыр", "Сказ пра Заслаўе", "Пасынкі Беларусі", "Віды Мінска", "Стары Арзамас", "Суздаль", "Прага" і іншыя). Гэта і зразумела. Уменне раскрыць зменлівыя рысы архітэктуры, прыроды, сціплую чароўнасць букета кветак, якія адчуваюцца толькі мастаком, захапляе і заклікае зноў звяртацца да таго ці іншага сюжэта. Тэхнічная манера графічных твораў Галіны Мікалаеўны разнастайная. Акварэль па сырым прыводзіць да з'яўлення колеравых і светлавых пераходаў тонкіх расцяжак ("Царква св. Казьмы і Даміяна ў Суздалі", "Заслаўе. Фарпост"), акцэнтавання грызайльнага ці дэкаратыўнага зместу ("Мінск. Царква Аляксандра Неўскага). У апошнія гады яна працуе і каляровымі алоўкамі. Вытанчаная карпатлівая тэхніка дазваляе аўтару напоўніць кожную работу адчуваннем асаблівай рукачыннасці ("Адзінства. Панарама вала ў Заслаўі", "Першыя маразы", "У старыцы Свіслачы").

Вераніка САСНОЎСКАЯ,

загадчык інфармацыйна-выставачнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь