Чулая душа міма

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

Людзі з недахопам слыху — прыроджаныя артысты, непаўторныя мімы, мастакі з асаблівым успрыняццем колераў і фарбаў, вясёлыя і жартаўлівыя клоуны. Людзі, якія не чуюць, менавіта праз мастацтва нагадваюць, якой тонкай і чуллівай можа быць душа.

 

/i/content/pi/cult/239/3390/12-2.jpgУ лістападзе артысты з адзінага ў Мінску народнага тэатра пантамімы "Рух" прынялі ўдзел у ХХ Міжнародным фестывалі пантамімы ў чэшскім горадзе Брно. Журы прызначыла Гран-пры беларускаму спектаклю "Вялікі мім Біп" у пастаноўцы тэатра "Рух", а рэжысура спектакля была адзначана першай прэміяй. У Брно сваё мастацтва дэманстравалі мімы з Бельгіі, Славеніі, Польшчы, Сербіі. Па водгуках спецыялістаў у жанры пантамімы, тэатр "Рух" выступіў на высокім прафесійным узроўні, пацвердзіўшы, што школа пантамімы на Беларусі мае даўнія традыцыі. Яны закладваліся яшчэ ў 70-ыя гады, калі першым кіраўніком "Руху" быў Уладзімір Колесаў. Сваё майстэрства ён перадаў Тадэвушу Бекішу, талент якога ўхваліў Марсель Марсо пад час прыезду ў Мінск. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Колесава, а потым - Тадэвуша Бекіша "Рух" паставіў такія спектаклі, як "Радзіма","Хатынь", "Курган"... У 1998 годзе за высокае прафесійнае майстэрства і значны ўнёсак у прапаганду нацыянальнай культуры рэжысёру народнага тэатра пантамімы "Рух" Тадэвушу Бекішу прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.

Эла ОЛІНА

 На здымку: пад час лістападаўскай паездкі "Руху" ў Брно.

Фота аўтара