Востраў скарбаў у цэнтры мегаполіса

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

З востравам скарбаў, які размясціўся пасярод акіяна-мегаполіса, можна параўнаць Нацыянальны мастацкі музей РБ. Ён асабліва ўражвае пасля адкрыцця новых залаў у новым будынку музея. Шмат шэдэўраў можна бачыць упершыню. Алена КАРПЕНКА, захавальніца фондаў драўлянай скульптуры, загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва музея, знаёмячы з экспазіцыяй, распавяла: яна складаецца з дзвюх частак. Першая ўключае культавыя творы – каталіцкія і праваслаўныя, другая – свецкія партрэты і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Новая экспазіцыя нашмат павялічылася ў параўнанні з яе першым пашырэннем у 1993 г. Дэманструецца каля 120 экспанатаў: прадстаўлены скульптура, жывапіс, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Цяпер гледачы маюць магчымасць пазнаёміцца з 24 творамі партрэтнага жывапісу (раней дэманстравалася 7). Супрацоўнікі аддзела пастараліся храналагічна адлюстраваць этапы паслядоўнага развіцця стражытнабеларускага мастацтва ад ХV да канца ХVІІІ – пачатку ХІХ стагоддзя.

 /i/content/pi/cult/116/339/Karpenka.jpg
— Якія канкрэтна новыя творы можна ўбачыць у старажытнабеларускім раздзеле?

— Мы ўключылі творы, якія пашыраюць уяўленне гледача аб традыцыях старажытнабеларускай мастацкай культуры. Напрыклад, Шарашоўскае Евангелле, якое паходзіць з царквы Нараджэння Маці Божай у мястэчку Шарашова Брэсцкай вобласці. Евангелле — сапраўдны шэдэўр, вельмі рэдкі твор другой чвэрці ХVІ ст.: ён рукапісны, з цудоўнымі мініяцюрамі, якія выкананы тэмпернымі фарбамі, ужо не на традыцыйным пергаменце, а на паперы. Гэтая рэч — адзінкавая.

Мы яе ўпершыню выстаўляем. Згаданая мясцовасць вельмі багатая на мастацкія творы. У экспазіцыі можна таксама ўбачыць святочны рад з Шарашоўскага іканастаса.

Упершыню паказваецца ікона “Маці Божая Адзігітрыя” канца ХVІ
 /i/content/pi/cult/116/339/Karpenka1.jpg
ст. Ікона трапіла да нас пасля Другой сусветнай вайны ў выніку вяртання даваенных фондаў з Наўгародскага музея-запаведніка. “Адзігітрыя” толькі ўводзіцца ў навуковы ўжытак. Мы распачалі яе вывучаць пасля дастаткова доўгай і складанай рэстаўрацыі. Магчыма, яна будзе датавана яшчэ больш раннім часам.

Гэта унікальная рэч для беларускай культуры. Такога высокага ўзроўню, такой мастацкай якасці твораў у Беларусі было няшмат. Адна з іх — ікона “Маці Божая Замілаванне”, якая знаходзілася ў Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук і была, на жаль, скрадзена ў 1991 г. Яна датавалася ХІV ст. На шчасце, яе паспелі часткова вывучыць і надрукаваць матэрыял.

— Колькі наогул у музеі на сёння твораў старажытнабеларускага мастацтва?

— Каля 2000. Яны разбіты па калекцыях: ікона, скульптура, партрэты, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, мастацкія тканіны, рэдкія кнігі — рукапісы, старадрукі. Адкрыццё новай экспазіцыі старажытнабеларускага мастацтва выклікала цікавасць. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця былі госці з Украіны, Літвы, Расіі, амбасадары замежных дзяржаў. Нядаўна ў музей прыйшоў ліст з Вільні ад супрацоўнікаў Інстытута культуры, філасофіі і мастацтва. Яны просяць дазволу надрукаваць чатыры партрэты XVII і XVIII ст. ст. з нашай калекцыі ў зборніку навуковых артыкулаў, прысвечаным мастацтву Вялікага княства Літоўскага. Цікавяцца беларускімі шэдэўрамі і прадстаўнікі іншых краін.

— Беларускае мастацтва пачалі актыўна вывучаць параўнальна нядаўна. Таму, напэўна, у нашых рэстаўратараў і мастацтвазнаўцаў шмат працы?

— Безумоўна! Кожны старадаўні твор вымагае вялікай і скрупулёзнай працы. Вялікі ўнёсак у справу атрыбуцыі нясвіжскай калекцыі партрэтаў зрабіла Таісія Карповіч — супрацоўніца нашага музея, якая першая параўнала нясвіжскія інвентары і іншыя дакументы з тымі надпісамі, датамі, лічбамі, што захаваліся на партрэтах. Але гэта сталася магчымым зрабіць толькі пасля рэстаўрацыі. Увогуле, каласальная па падрыхтоўцы экспазіцыі старажытнабеларускага мастацтва праца была здзейснена нашымі рэстаўратарамі. Без іх карпатлівай працы стварыць нашу экспазіцыю было б немажліва.

 /i/content/pi/cult/116/339/Karpenka2.jpg
— У кожнага з экспанатаў — свая гісторыя. Адмысловы шлях да экспазіцыі быў у
рэлікварыя ХVІІІ ст. працы беларускіх майстроў...

— Музейная калекцыя напачатку каталагізуецца, апрацоўваецца, вывучаецца. Што да згаданай рэчы, дык мы трохі апярэдзілі час, каб паказаць вынік працы рэстаўратараў музея. Дзякуючы ім, гэты твор стаў экспазіцыйным. Рэлікварый быў у свой час пашкоджаны, каштоўная рэч не мела верхавіны — яна была адламана, сам помнік быў моцна дэфармаваны. Нашы рэстаўратары вярнулі яго да жыцця. У ходзе працы высветлілася, што гэты помнік можна звязаць з асобай святой Магдалены дэ Пацы (1566 — 1607), прадстаўніцы старажытнага італьянскага роду, кананізаванай у 1669 г. Тое, што ў нашых фондах апынулася гэткая рэч — выпадак рэдкі. Нам ён перш за ўсё цікавы з мастацкага пункта гледжання. Твор эпохі барока, ён мае арнамент, дэкор, вытрыманы ў стылі таго часу. Цяпер трэба правесці больш дасканалыя даследаванні — як тэхніка-тэхналагічныя, так і навуковыя. Супрацоўнікі нашага аддзела рыхтуюць матэрыялы да каталога дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у якім рэлікварый будзе надрукаваны з усімі неабходнымі спасылкамі.

— Як ідзе праца па стварэнні новых каталогаў музейнай калекцыі? Наогул, якія новыя альбомы з нацыянальнымі шэдэўрамі пабачаць аматары прыгожага?

— Нацыянальны мастацкі музей — актыўны першапраходца ў справе выдання альбомаў і каталогаў. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі РБ, выдавецтвамі «Беларусь», «Мастацкая літаратура» за апошні час выдадзена нямала навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, якая тычыцца музейнай калекцыі. Супрацоўнікамі нашага аддзела падрыхтаваны каталог старадрукаваных кніг кірылічнага друку, вядзецца праца над зборамі старажытнабеларускай і рускай іконы, скульптуры. Напрыканцы 2006 г. у свет выйшаў альбом-каталог «Образ литой, старинный…», дзе ўпершыню цалкам адлюстравана калекцыя меднага мастацкага ліцця XII — XX ст. ст. з фондаў музея.

Каталог уключае ілюстраваныя апісанні 395 прадметаў, да кнігі прыкладаецца CD-дыск. Выданне сталася магчымым дзякуючы фінансавай дапамозе фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Карыстаючыся выпадкам, выказваю ўдзячнасць усім, хто прымаў удзел у гэтым праекце, і асабліва — Міністэрству культуры РБ.

Яшчэ адна важная галіна працы аддзела старажытнабеларускага мастацтва — музеефікацыя замкавага комплексу ў Міры, філіяле нашага музея. Рэканструкцыя Мірскага замка набліжаецца да завяршэння, і мы працуем над праектамі афармлення яго інтэр’ераў у музейнай частцы.

Спадзяёмся, што з дапамогай беларускіх навукоўцаў вырашым гэткую адказную задачу.

— Наколькі вядома, сенсацыяй сталася для аматараў мастацтва ў Італіі выстаўка нацыянальнага мастацтва — беларускіх ікон, якая прайшла ў 2005 г. у Мілане. Датуль аб нашым іканапісе ў Заходняй Еўропе не надта добра ведалі.

— Выстаўкі адбыліся дзве — у Мілане, у адной з найстаражытных прыватных галерэй, дзе захаваліся каменныя калоны ХV ст., а праз некалькі месяцаў — у Трыесце. Выстаўкі карысталіся вялікай папулярнасцю. На вернісажы ў Мілане прысутнічаў мэр горада, прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі, прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Італіі. Выстаўка беларускіх ікон мела вялікі рэзананс у прэсе, выдадзены яе каталог.

— Што адзначалі італьянцы, якія лічацца тонкімі знаўцамі мастацтва?

— Італьянцы ведаюць, як правіла, познюю рускую ікону канца ХVІІІ — пачатку ХХ ст. ст. Да сустрэчы з беларускімі творамі яны меркавалі, што іканапіс невялікі па памерах. А тут яны ўбачылі вялікія абразы на біблейскія сюжэты, і гэта сталася для іх адкрыццём. Здзівіла іх і рэалістычнасць твораў, якія насычаны цеплынёй і радасным успрыманнем жыцця. Некаторыя беларускія іконы нават можна параўнаць з партрэтамі, такія канкрэтныя на іх твары. Гэта мы бачым у творах “Маці Божая Неўвядальны Цвет” пачатку ХVІІ ст., «Замілаванне» (або “Элеўса”, што па-грэчаску — “замілаванне”) 1656 года. Датаваныя помнікі, увогуле, рэдкасць, але іх наяўнасць дазваляе даследчыку сістэматызаваць творы па храналогіі і зразумець эвалюцыю развіцця мастацкіх працэсаў. Вяртаючыся да згаданай датаванай іконы, можна дапусціць, што мастак намаляваў сваю жонку з дзіцяткам — столькі цяпла і асабістага пачуцця ўнесена ў вобразы. Глядач сапраўды адчувае замілаванне. Фарбы ў іконе — насычаныя, багатыя адценнямі. Яны ўсе натуральныя: іх рабілі з каляровых мінералаў, якія расціраліся ў парашок і змешваліся з пэўным звязуючым. Такія фарбы не блякнуць з часам, а наадварот, зберагаюць першапачатковы выгляд. Гэтай захаванасці дапамагае пакрыўны лак. Аднак з цягам часу ён цямнее. Мы бачым на творы чорныя прамавугольнічкі, так званыя рэстаўрацыйныя кантролькі-ўчасткі. Калі ікону пазбавілі ад пацямнеўшага пакосту, яна заззяла першаснымі фарбамі. Таксама адна з адметных рыс беларускай іконы — разны пазалочаны фон, гэта спадчына візантыйскай культуры і так званай італа-крыцкай школы.

— А ці вядомы імёны мастакоў, якія стваралі іканапісныя творы?

— Імёнаў майстроў захавалася няшмат. Адзін з рэдкіх выпадкаў: у нашай экспазіцыі знаходзіцца падпісная і датаваная ікона, на якой застаўся надпіс: «Року Божага 1649 Пётр Аўсіевіч з Галынца». Нядаўна супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіва Дзмірыем Яцкевічам устаноўлена прозвішча Пятра Аўсіевіча — Зураста. Аднак мы дасюль не ведаем — ці гэта заказчык іконы, ці яе аўтар.

Маецца ў нашай экспазіцыі ікона «Узнясенне» 1808 г., якую майстар падпісаў. Імя гэтага мастака з Магілёўшчыны — Фама Сілініч. У некаторых выпадках у беларускія іконы ўводзяцца выявы канкрэтных гістарычных персанажаў. Твор “Пакроў” 1751 года цікавы тым, што ў ім, па меркаванні даследчыка Юрыя Піскуна, прадстаўлена выява караля Рэчы Паспалітай Сігізмунда ІІІ Вазы, на другім плане — Казіміра Ягелончыка і шляхціца ў традыцыйным адзенні ХVІІІ стагоддзя з булавой, ордэнскай стужкай “Белага арла”. На думку мастацтвазнаўцы, гэта выява Ігнація Завішы, партрэт якога таксама прадстаўлены ў экспазіцыі. Дзве выявы можна параўнаць, так бы мовіць, не сыходзячы з месца.

— Гэты партрэт з новых? А якія яшчэ новыя партрэты ўвайшлі ў экспазіцыю?

— Найбольш знакамітая калекцыя музея — нясвіжскія творы. Але мы імкнуліся прадставіць не толькі нясвіжскую калекцыю, а і прыватныя зборы іншых магнатаў. Два партрэты — Анджэя Завішы 1676 года і Ігнація Завішы 1732 года прадстаўляюць фамільную калекцыю. Унікальны надмагільны партрэт, створаны ў 1746 годзе, які доўгі час лічыўся выявай невядомага магната. Зараз мы яго атрыбуціравалі. Гэта навагрудскі ваявода Мікалай Фаўстын Радзівіл. Упершыню ў пастаяннай экспазіцыі дэманструюцца партрэты Кіпрыяна Жахоўскага 1680 года — уніяцкага святара, магнатаў Міхала Сервацыя і Януша Антонія Вішнявецкіх, партрэт невядомага мастака XVIII ст.

Не ўсе імёны стваральнікаў карцін вядомыя.

Вядомы — Іосіф Ксаверый Гескі, прыдворны мастак Радзівілаў, Анджэй Стэх — мастак польскага паходжання, мастак нямецкага паходжання Іаган Шрэтэр з Вільні. Што да калекцыі нясвіжскіх партрэтаў, дык да вайны яна была нацыяналізавана і каля 200 экспанатаў трапілі ў Карцінную галерэю. Пасля Другой сусветнай вайны вярнулася прыкладна 150 твораў. Яны ўвайшлі ў склад зноў створанай карціннай галерэі. Але ў 1950-м годзе савецкі ўрад 77 партрэтаў з нясвіжскай калекцыі і 10 — з Гродзенскага каралеўскага замка падарыў Польскай Народнай Рэспубліцы, — і ў нас засталася толькі палова калекцыі.

Шкада, вядома. Нават тое, што вярталася пасля вайны, нам — не па нашай віне — не заўсёды ўдавалася захаваць...


Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА