Інтэлектуальны “ViZor”

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

Адна са старэйшых публічных бібліятэк Магілёва — Цэнтральная гарадская імя К.Маркса— адзначае сёлета 90-годдзе.

 

/i/content/pi/cult/239/3389/12-4.jpgАснову яе кніжнага фонду склалі калісьці кнігазборы з гарадской гімназіі, духоўнай семінарыі і клуба. У кастрычніку 1924-га пры ўстанове ўжо дзейнічаюць чытальная зала, дзіцячае аддзяленне і калектар. Крыху пазней з'явіліся гурток сяброў кніг, 14 кнігаперасовак, 5 кніганошавых пунктаў з дастаўкай кніг на прамысловыя прадпрыемствы. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны кніжны фонд налічваў 30 тысяч тамоў. У 1950-х бібліятэку ўзначальвае Яфім Шабуня - інтэлігент, энергічны арганізатар, прафесіянал. У 1975 годзе на базе Цэнтральнай гарадской бібліятэкі створана ЦБС з агульным кніжным фондам, цэнтралізаваным камплектаваннем і апрацоўкай літаратуры, даведачна-бібліяграфічным апаратам. Установа аказвае метадычную і практычную дапамогу 80-ці бібліятэкам горада. Абласная становіцца значным культурным цэнтрам горада. Тут ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, чытацкія канферэнцыі. Бібліятэкай на той час кіравала Надзея Максіменка. Яе плённая праца была адзначана ордэнам "Знак пашаны". У 1986 годзе эстафету кіраўніцтва бібліятэкай прыняла Святлана Купрэева. Тады з'явіліся новыя формы абслугоўвання чытачоў, арганізацыі іх вольнага часу. І ўсё гэта - дзякуючы працы падзвіжнікаў Ганны Сафонавай, Валянціны Садоўнікавай, Галіны Пашкевіч, Аляксандры Шапіра, Аляксандры Старавойтавай... Больш за 10 гадоў установу ўзначальвала Галіна Клепча.

/i/content/pi/cult/239/3389/12-5.jpgУ гэты час ЦБС набыла юрыдычны статус, змянілася і культурна-эканамічная тактыка бібліятэкі: былі ўведзены платныя паслугі, пачалася актыўная работа са спонсарамі, рэалізацыя мэтавых бібліятэчных праграм "Бібліятэка. Моладзь. Ідэалогія", "Экас". Шмат было зроблена па наладжванні міжкультурнага дыялога з нацыянальнымі дыяспарамі горада, стварэнні шматнацыянальнага інфармацыйна-культурнага асяроддзя. У 2007 годзе бібліятэку ўзначаліла Галіна Краўчанка. ЦГБ - адзін з буйнейшых інфармацыйных цэнтраў горада. Штогод у яго звяртаецца звыш 14 тысяч чытачоў. Да іх паслуг - 124 тысячы экземпляраў дакументаў, арганізавана падпіска на 235 перыядычных выданняў. Кожны пяты жыхар Магілёва - чытач нашай бібліятэкі. Установа абсталявана 27 камп'ютэрамі, 12 прынтэрамі... Арганізавана 14 аўтаматызаваных рабочых месцаў для бібліятэчных спецыялістаў і 5- для карыстальнікаў, вядзецца электронны каталог, шырока прадстаўлены поўнатэкставыя электронныя базы краязнаўчага і экалагічнага характару. Працуюць тут публічны цэнтр прававой інфармацыі, гарадскі інфармацыйна-ідэалагічны цэнтр, інтэрнэт-студыя "Сусветнае павуцінне", а таксама дзейнічаюць школы сучаснага кіраўніка, прафесійнага развіцця бібліятэкараў, камп'ютэрнай пісьменнасці, маладзёжная творчая рада "Кар'ера і поспех". У перспектыўных планах - адкрыццё сектара аўтаматызацыі і новых тэхналогій, відэасалона "ViZor", залы дзелавога чытання "Інтэлектуал", стварэнне электроннага "Бібліягіда", даведачнаінфармацыйнай службы "Арыенцір", віртуальна-рэсурснага цэнтра "Адукацыя", сектара па рабоце з моладдзю "Перспектыва", службы "Клопат" па абслугоўванні інвалідаў і асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі на доме.

 Надзея КРАЎЦОВА,

загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Магілёўскай ЦГБ імя К. Маркса