“За недастатковасцю доказаў...”

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

Сярод дзеячаў, якія самаахвярна служылі справе духоўнага і нацыянальнага адраджэння ў Заходняй Беларусі ў першай палове ХХ стагоддзя, адметнае месца займае святар і асветнік Аляксандр Коўш, які нарадзіўся 2 жніўня 1884 г. у вёсцы Верцялішкі Гродзенскага павета. Сёлета, калі адзначаецца 70 гадоў з часу ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, мы прыгадаем справы гэтага чалавека.

 

/i/content/pi/cult/239/3384/14-2.jpgСкончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам на Століншчыне. Асноўная частка служэння айца Аляксандра прыпала на 1920-я - 1930-я гады. Нягледзячы на канстытуцыйныя гарантыі роўнасці канфесій, тагачасны польскі ўрад праводзіў палітыку абмежавання ўплыву праваслаўнай царквы. У такіх умовах частка святарства імкнулася пашырыць свой удзел у грамадскім жыцці, каб быць звязанымі з народам не толькі культам, але стаць з ім сапраўды адзінай духоўнай сям'ёй. Першым прызначэннем айца Аляксандра было месца настаяцеля царквы ў вёсцы Дзецяловічы Ваўкавыскага павета. Ужо ў той час у сваіх казанях і гутарках з прыхаджанамі айцец Аляксандр агітаваў за стварэнне беларускіх школ, заклікаў да арганізаванасці ў здабыцці незалежнасці. З 1925 года айцец Аляксандр служыў настаяцелем Сніпішскай царквы пад Вільняй, дзе клапаціўся не толькі аб прыходзе, але і рупліва працаваў з моладдзю. Праз колькі месяцаў ён стаў кіраўніком інтэрната ў Віленскай беларускай гімназіі.

Акрамя таго, святар быў адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага дабрачыннага таварыства, якое займалася матэрыяльнай і маральнай апекай сірот і беднай моладзі. У 1928 - 1929 гг. Аляксандр Коўш быў рэдактарам-выдаўцом часопіса "Беларуская зарніца", мэтай якога было, як паведамлялася ў рэдакцыйным артыкуле, "сказаць праўдзівае слова аб царкоўных патрэбах і іх задавальненні мясцовым беларускім насельніцтвам". На старонках выдання публікаваліся артыкулы па гісторыі праваслаўя ў Беларусі, павучальныя апавяданні для дзяцей і моладзі, што сведчыла пра вялікую любоў і пастырскі клопат айца Аляксандра. У віленскі перыяд Аляксандр Коўш наладжвае кантакты з беларускімі грамадска-культурнымі арганізацыямі. Як сведчыць сакрэтны данос міністру ўнутраных спраў у Варшаву, на кватэрыКаўша праходзілі сходы, у якіх прымалі ўдзел вядомыя дзеячы Беларускай сялянскарабочай грамады: Б.Тарашкевіч, С.РакМіхайлоўскі, П.Мятла, А.Луцкевіч і інш. У 1927 г. Аляксандр Коўш быў арыштаваны, некаторы час знаходзіўся ў Лукішскай турме, але ў 1928 г., за недастатковасцю доказаў, апраўданы.

/i/content/pi/cult/239/3384/14-4.jpgПлённая грамадская дзейнасць Аляксандра Каўша выклікала незадавальненне як антыбеларускіх сіл у грамадска-палітычным руху, так і сярод віленскага епархіяльнага начальства. У 1930 г. пастановай Віленскай духоўнай кансісторыі протаіерэй Аляксандр Коўш быў пазбаўлены пасады законанастаўніка Віленскай гімназіі, але пасля таго, як за яго ўступілася значная частка мясцовай беларускай грамадскасці, адноўлены. Аднак ужо ў наступным годзе ён быў пазбаўлены месца настаяцеля царквы і пераведзены спачатку на другое святарскае месца, а затым высланы з Вільні і выпраўлены ў Ласіцу на Пастаўшчыне. У Ласіцы айцец Аляксандр чытаў пропаведзі на беларускай мове, стварыў царкоўны хор, які развучваў і спяваў беларускія духоўныя песні, чым выклікаў вялікую незадаволенасць мясцовай адміністрацыі і за што быў пераведзены ў іншае месца. Тым не менш, у 1939 г. Аляксандр Коўш вярнуўся ў Вільню, некаторы час служыў настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы. У 1940 - 1941 гг. працаваў старшым бухгалтарам у Літоўскім дзяржаўным банку, адначасова быў старшынёй Беларускага Чырвонага Крыжа.

/i/content/pi/cult/239/3384/14-6.jpg ***

 У час Вялікай Айчыннай вайны ў найскладанейшых умовах протаіерэй Аляксандр наладзіў жыццё прыхода ў Плешчаніцах Лагойскага раёна, аднавіў там Свята-Мікалаеўскую царкву. Насуперак загаду нямецкіх улад, паводле якога забаранялася хрысціць і вянчаць яўрэяў, святар выконваў гэтыя трэбы... У сакавіку 1943 г. у час службы ў Плешчаніцкай царкве яго арыштавала гестапа і памясціла ў мінскую турму СД, дзе пасля жахлівых допытаў ён быў расстраляны.

Лідзія КУЛАЖАНКА, кандыдат гістарычных навук