Тэракота ў шахматным Парадку

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

Тэма турыстычнага патэнцыялу Кальвінскага збору ў гарадскім пасёлку Першамайск Уздзенскага раёна, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, які сярод іншых архітэктурных збудаванняў раёна чакае сваёй рэстаўрацыі, нядаўна ўздымалася на старонках “К” (№ 44 — 2009 г.). Неўзабаве пасля гэтай публікацыі прыйшоў ліст з Узды ад мясцовага краязнаўцы, які даследуе гісторыю старадаўняга помніка архітэктуры.

 

/i/content/pi/cult/239/3383/14-1.jpgКальвінскі збор у мястэчку Кухцічы - сённяшнім Першамайску - з-за сваіх тоўстых сцен, вежаў, размяшчэння вузкіх вокнаў высока над зямлёй больш нагадвае абарончае збудаванне. Пабудаваны прадстаўнікамі роду Кавячынскіх у сярэдзіне XVI стагоддзя, храм доўгі час заставаўся апорай прагрэсіўных пратэстанцкіх ідэй. Існуе версія, што менавіта тут завяршылася друкаванне знакамітай Нясвіжскай Бібліі. У час контррэфармацыі, пасля вяртання роду Кавячынскіх у каталіцызм, Кальвінскі збор быў пераабсталяваны ў капліцу.

Найбольш верагоднайдатай гэтай падзеі лічыцца 1648 год. Як сведчаць гісторыкі, храм рэканструяваўся ў стылі, пераходным ад барока да класіцызму: да яго была дабудавана роўная, па памерах плана, з уваходным аб'ёмам, але больш нізкая за яго алтарная частка. Цікава, што падлога залы з тэракотавых і зялёных плітак мела шахматны малюнак. Пераабсталяванне алтарнай часткі, дзяленне галоўнага фасада будынка і плоскасці сцен пілястрамі, замена шатровага даху на круглы купал - гэта толькі некаторыя прыклады фантазіі італьянскага архітэктара Карла Спампані, якія каталікі лічылі "вытанчанай вытанчанасцю", а пратэстанты назвалі нечуванай прафанацыяй і параўналі з апаганьваннем. Так ці інакш, але Кальвінскі збор пасля свайго другога нараджэння страціў непрыступнасць і знаходзіўся ва ўласнасці некалькіх шляхецкіх радоў. У прыватнасці, пасля Кавячынскіх Кухцічамі валодала княгіня Барбара Горская, а потым маёнтак перайшоў да роду Завішаў, найболей вядомымі прадстаўнікамі якога былі Ян Завіша і генерал Аляксандр Казімір Крыштаф Завіша. З гэтага роду паходзіла і знакамітая Магдалена Радзівіл. Менавіта яна і яе муж Мікалай нібы паўтарылі трагічны лёс храма, апынуўшыся на стыку гістарычных эпох. Як вядома, Магдалена падтрымлівала дзеячаў беларускай культуры, з яе імем звязана выданне кнігі Максіма Багдановіча "Вянок". Але пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі апошняя ўладальніца Кухцічаў вымушана была выехаць за мяжу.

/i/content/pi/cult/239/3383/14-3.jpgЗ гэтага часу пачынаецца і самая трагічная старонка ў гісторыі Кальвінскага збору, якая яшчэ больш азмрочваецца лёсам Мікалая Радзівіла. Князь загінуў у 1916 годзе пад час І Сусветнай вайны і быў з адпаведнымі ўшанаваннямі пахаваны ў склепе храма, які ўжо праз год быў зачынены. Праўда, у 1938 годзе будынкам ізноў зацікавіліся. Машыннатрактарная станцыя, якая была арганізавана ў саўгасе "Кухцічы", не магла існаваць без электраэнергіі. І там, дзе раней быў прытулак божага святла, сталі здабываць святло электрычнае - у будынку капліцы абсталявалі падстанцыю, рухавік якой працаваў на мазуце. Пад час будаўнічых прац была знойдзена труна з целам Мікалая Радзівіла, якую разрабавалі, а рэшткі князя кінулі ў склепеі зацэментавалі. Падстанцыя праіснавала амаль 30 гадоў, але і яе чакала забыццё. У мінулым стагоддзі капліца істотна перабудоўвалася. Храм так і застаўся храмам, хоць сюды даўно ўжо ніхто не ходзіць маліцца. Ён проста існуе, каб нагадаць нам пра памылкі і даць магчымасць іх выправіць.

 Віктар КІСЛЫ

Узда