Грамата Жыгімонта

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

Ці не самым вядомым у наш час старадаўнім юрыдычным зборам дакументаў з’яўляецца Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Аднак не толькі ён вызначаў у даўніну прававыя аспекты жыцця нашых продкаў. Да прыкладу, мала хто ведае, што Грамата караля і вялікага князя Жыгімонта І Старога, якая прызначалася сялянам падняпроўскіх ды задзвінскіх валасцей і была падпісана 2 кастрычніка 1511 года, найперш вызначала тагачаснае падаткаабкладанне. А яшчэ больш ранні дакумент, прывілей вялікага князя літоўскага Казіміра 1447 года, абумоўліваў, сярод іншага, правілы атрымання спадчыны ды крымінальную адказнасць за злачынствы прадстаўнікоў розных саслоўяў.

 

/i/content/pi/cult/239/3382/14-5.jpgНе меншую цікавасць маюць і дакументы, звязаныя непасрэдна з лёсам нашай краіны, у тым ліку, Акт Крэўскай уніі, Маніфест 1861 года, Устаўныя граматы пачатку мінулага стагоддзя ды шэраг іншых. Пра іх, як і пра разнастайныя факты з айчыннай гісторыі, можна даведацца ў асноўным з падручнікаў ды манаграфій. Але ў такім выпадку заўсёды будуць існаваць сумненні наконт сапраўднасці выкладзенага матэрыялу тым ці іншым навукоўцам. Цяпер прасачыць за гісторыяй краіны можна і з узноўленых у электронным выглядзе першакрыніц, паколькі Прэзідэнцкай бібліятэкай і Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO створаны унікальны інфармацыйны рэсурс у выглядзе кампакт-дыска "Помнікі гісторыі права Беларусі". Усяго ў выданне ўключана 100 найбольш адметных прававых актаў, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі пачынаючы з ХІІ па ХХ стагоддзе, ад Дагавора Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў з Рыгай, Готландскай зямлёй і нямецкімі гарадамі 1229 года да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым большасць тэкстаў прыводзяцца на мове арыгінала, у тым ліку старабеларускай, за выключэннем польскамоўных дакументаў. Як адзначылі ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, большая частка накладу электроннага выдання трапіць у агульнаадукацыйныя школы і бібліятэкі. Між тым у далейшым плануецца ўдасканальваць і павялічваць напаўненне тэматычных раздзелаў выдання.

На здымку: вокладка зборніка.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"