“Фанфан-цюльпан” Уладзіміра Караткевіча

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

Кажуць, калі тэма — вычарпана, дык не мае сэнсу за яе брацца зноў. Гэтага пастулата трымаўся і я да надрукавання ў “Культуры” майго аб’ёмнага артыкула “Жыццё…”, неаднойчы “распятае…” (“К” № 49 за 2009 г.). Пасля гэтай публікацыі крок за крокам давялося прайсці сцежкамі ўспамінаў тых асоб, хто меў да стварэння стужкі непасрэднае дачыненне. Адбылося гэта ў час здымак дакументальнага фільма пра лёс кінастужкі “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (па сцэнарыі Уладзіміра Караткевіча). Гэтыя сустрэчы адкрылі і некаторыя новыя штрыхі да гісторыі айчыннага кінематографа, які праз якіх дзесяць дзён адзначыць 85-годдзе... Гэтую тэму “К” не абміне ў наступным нумары. Удзельнікі ж таго, саракагадовай даўніны, фільма ўжо даўно не бачыліся, ды і няма надзеі, што ўвогуле калі ўбачацца. Але “перасякуцца” яны адно на экране, увасобіўшы своеасаблівы завочны дыялог пра стужку, пра гэткі, па вобразным параўнанні аднаго з герояў гэтага артыкула.

 

Частка І

/i/content/pi/cult/239/3380/13-1.jpgПра "першую асобу" кінематаграфіі БССР

 За дзень да нашай сустрэчы ў лістападзе гэтага года яму споўнілася 86! Барыс Паўлёнак нарадзіўся ў вёсцы Ямполь на Гомельшчыне. Ён удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў цяжка паранены, пасля вайны ўзначальваў рэдакцыі беларускіх газет. З 1963 года Паўлёнак стаў старшынёй Дзяржкіно БССР; а з 1970-га да 1986га - нават намеснікам старшыні Дзяржкіно СССР. - Я - гістарычная асоба! - сцвярджае сёння Барыс Уладзіміравіч. - Праз мае рукі прайшло ў Савецкім Саюзе блізу дзвюх з паловай тысяч фільмаў: чытаў сцэнарыі, наладжваў вытворчасць, размяркоўваў фінансаванне, ажыццяўляў кантроль за ідэйна-мастацкім узроўнем... І без майго подпісу фільм на экран выйсці не мог!.. Праца ж у Беларусі - самы шчаслівы час майго жыцця! - ускліквае сёння Барыс Уладзіміравіч. - Тады ў Мінск прыехала група маладых рэжысёраў, аператараў. Абмяркоўвалі разам сцэнарыі, я шмат часу праводзіў на здымачных пляцоўках: усё шукаў "таямніцу 25-га кадра". Але пасада Паўлёнка была складанай у іншым: хоць і блізка кантактаваў з творцамі, цаніў іх, ведаў характары і, скажам так, схільнасці кожнага, але, разам з тым, менавіта пры ім чынілася "ўкрыжаванне" фільма па сцэнарыі Караткевіча.

/i/content/pi/cult/239/3380/13-3.jpgПра сцэнарый

 - Адзін з найскладанейшых успамінаў - фільм "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Адразу насцярожыла назва, - прыгадвае Барыс Паўлёнак, - нейкі лінгвістычны парадокс: з аднаго боку, нешта ўзвышанае - "Хрыстос", з іншага - "прызямліўся"... Ды яшчэ і сышліся два неўтаймаваныя, непрадказальныя летуценнікі: Караткевіч і Бычкоў. Абодвум уласцівы фантастычны рэалізм! Бычкоў - рэжысёр незвычайнага таленту. Але яго "занесла": выбухі фарбаў! І Караткевіч быў непрадказальны, некіруемы, "няломкі". Мы цягнулі іх у бок прыгодніцкага жанру - гэта б прайшло ў інстанцыях. І спадзяваліся на акцёраў: Дураў, Баніёніс, Румянцава, Кармунін, Круглы, Смірноў, Рутберг. Мастакі былі выдатныя: Яўген Ігнацьеў і Шаўкат Абдусаламаў. Прагляды першага матэрыялу - надзея на поспех, - працягвае Паўлёнак і... пацягвае - у яго гады! - кілішак віскі напалам з вадой. - Па сёння памятаю праезд "апосталаў" праз восеньскі лес - і музычны рад Каравайчука з нейкімі галасавымі "хуканнямі". Ён тады модны быў кампазітар. І геніяльны - не баюся гэтага слова! - аператар Анатоль Забалоцкі... Дарэчы, а вось што прыгадвае сам Анатоль Забалоцкі - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі: - Масква жадала антырэлігійны фільм, а карціна атрымалася якраз рэлігійная.

/i/content/pi/cult/239/3380/13-6.jpgСцэнарый Валодзі быў, можа, крыху недапрацаваны і вялікі- 94 старонкі. Але якой асалодай ужо было чытаць яго! Незвычайна ўражвала ўжо першая старонка: яна, бы ў п'есе, прадстаўляла дзеючых асоб, ды яшчэ з гарэзлівымі характарыстыкамі: «Юрась Братчик из Пьяного Двора, он же Христос: школяр-недоучка, за доброту и сомнения в вере изгнанный из Мирского коллегиума; Иосия бен Равуни, он же Иуда: бывший медных дел мастер, бывший ювелир, бывший толкователь талмуда - бывший бедняк вследствие этого. За те же, что и Юрась, качества изгнан из Слонимского кагала..." І гэтак пра ўсіх персанажаў. Акцёрам ужо з гэтага было ясна, каго ўвасабляць. Барыс Паўлёнак - як дзяржаўны чалавек - падтрымліваў фільм, колькі дазваляла яго пасада. Але недарэчнасці пачаліся ўжо напачатку працы: галоўную ролю запрасілі іграць Ралана Быкава. А ён... не наважыўся ўвасобіць складанасці вобраза: прыехаў, прачытаў сцэнарый - і адмовіўся.

/i/content/pi/cult/239/3380/13-5.jpg- Ён тады казаў, што я не адпавядаю яму ростам: была б крыху вышэйшай за "Хрыста", - успамінае пра тыя няўдалыя пробы заслужаная артыстка Беларусі Любоў Румянцава. - Ішла размова нават аб тым, каб замяніць мяне, на што Бычкоў, да яго гонару, не пайшоў. І галоўная роля дасталася Лёву Дураву - адметна сыграў! Любоў Румянцава выконвала ў стужцы дзве ролі: куртызанкі Марыны Крывец і апостала Яна. Тым самым за чатыры дзесяцігоддзі да нашумелага "Кода да Вінчы" Дэна Брауна Караткевіч ужо выказаў гіпотэзу, што Ян мог быць жанчынай... - Адчуванне нейкай небяспекі не пакідала нас ад пачатку. Гісторыя ілжэХрыста - ды само імя гэта ў краіне атэізму небяспечна было вымаўляць!- хвалюецца народны артыст СССР Леў Дураў. - А людзі пачалі яму верыць. Шматтэмны сцэнарны вобраз атрымліваўся.

/i/content/pi/cult/239/3380/13-2.jpgПра сцэнарыста

 - Размаўляў ён толькі па-беларуску - і так прыгожа гаворка ягоная гучала, бы песня! - усхвалявана апавядае Любоў Румянцава пра пісьменніка. - Тым прымушаў паважаць мову! - Вялікі Караткевіч - самы шчыры і адкрыты чалавек, якога ў жыцці сустракаў, - працягвае Анатоль Забалоцкі. - Бываючы ў Мінску, гляджу на дом, на мемарыяльную дошку ў яго гонар - і да гэтае пары плачу... Пра Караткевіча згадвае і заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, кінарэжысёр Валерый Рубінчык - рэжысёр славутага фільма "Дзікае паляванне караля Стаха" па рамане пісьменніка: - Хадзіў у плашчы, у берэце, з папяроскай - гэткі дэндзі. А па сутнасці - самабытны еўрапейскі інтэлектуал з энцыклапедычнымі ведамі.

/i/content/pi/cult/239/3380/13-4.jpgПра рэжысёра

Дыплом ВГИКа рэжысёр Уладзімір Бычкоў абараніў з бляскам на "Ленфільме" кароткаметражкай "Тамбу-ламбу". Ужо там ён выявіўся як кінаказачнік - прамы творчы нашчадак Аляксандра Роу і Аляксандра Птушко. Размеркаваны на "Беларусьфільм", ён зняў "Увага! У горадзе чараўнік!" - спробу спалучыць казку і сучаснасць. Наступны фільм - паводле Т.Габэ - атрымаўся шэдэўрам: "Горад майстроў". - Пасля "Горада майстроў" Бычкоў быў, што называецца, "на кані"! - разважае Паўлёнак. - Цудоўны фільм, які паглядзелі, здаецца, усе дзеці СССР!.. Кожны кадр фільма, кожны эпізод, узятыя паасобку, уражваюць - закончаныя жывапісныя карціны, творы выяўленчага мастацтва! - Я быў рэжысёрам-стажорам на гэтым фільме, - распавядае Валерый Рубінчык. - Тураў, Рыбараў ды Бычкоў - вось мае беларусьфільмаўскія маякі. Бычкоў - выдатны творца, але яго часцяком збівалі са шляху да мэты, да ўвасаблення задумы. Відэарад "Хрыста..." бачыўся рэжысёру ў традыцыях рэлігійнага жывапісу. У прамовах Юрася-Хрыста, напісаных Караткевічам, чуліся біблейскія запаветы, на якія, аднак, зачараваныя жанрам гістарычнай камедыі - гэткага савецкага "Фанфан-цюльпана",- "пільныя органы" ўвагі не звярнулі. У змове рэжысёра са сцэнарыстам была ідэя: што б здарылася з нашым краем ("Прыўкрасная зямля!" - адзін з любімых выразаў Караткевіча), калі б адбылося другое прышэсце Хрыста? Гэта была першая, "рэлігійная", так бы мовіць, "падводная міна". Пра другую, якая і вырашыць лёс фільма, не здагадваліся, пэўна, нават і самі творцы. "Міна" тая была яшчэ й "запаволенага дзеяння": узнікла дакладна за трыгады да запуску фільма ў вытворчасць, а канкрэтна: 2 чэрвеня 1962 года. (Заканчэнне будзе.)

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр