Апошнім часам з боку грамадства, дзяржавы надаецца вялікая ўвага сям’і, падымаецца яе статус, зазначалася на сустрэчы. Запрошаныя да “круглага стала” ўдзельнікі падзяліліся “рэцэптамі” шчаслівага сямейнага жыцця. На пытанні анкеты, адрасаваныя папярэдне жанчынам, у прыватнасці, на адно з іх, якое фармулявалася так: “Жаночае шчасце — гэта?..”, Марына Лобач адказала: “Дабрабыт сям’і, любоў блізкіх”. Гэтак жа адказалі на дадзенае пытанне і ўсе астатнія прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. А на пытанне, якое сталася асноўным на пасяджэнні, адказы гучалі розныя. На думку І.Кузняцова, муж і жонка павінны рабіць у доме ўсё разам, дапамагаць адно аднаму. А вось В.Ялфімаў быў непахісны ў тым, што ў сям’і ёсць пытанні, якія здольная вырашыць жонка, а ёсць абавязкі, якія павінен выконваць муж. Паводле меркавання Р.Чуйко, нармальная сям’я — аснова грамадства. Увогуле, грамадства існуе дзякуючы моцным сем’ям. У доме і муж і жонка — раўнапраўныя гаспадары, кожны прыўносіць у агульную справу нешта сваё. Дзякуючы паразуменню, павазе адно да аднаго, ён і яго жонка, Вера Чуйко, пражылі разам у міры і згодзе26 гадоў.
А.Швец упэўнены: сям’я можа быць шчаслівая толькі тады, калі ў ёй усё гарманічна. Р.Матульскі зазначыў, што за шматлікія стагоддзі паняцце таго, хто ў доме гаспадар, моцна змянілася. Але не змянілася самае галоўнае — абавязкі, якія стаяць перад мужам і жонкай.
Класік рускай літаратуры Леў Талстой пісаў, што ўсе шчаслівыя сем’і — падобныя, а нешчаслівыя — нешчаслівыя па-свойму. Удзельнікі “круглага стала” даказалі адваротнае: шчаслівыя сем’і ХХІ стагоддзя маюць свае ўласныя сакрэты шчасця.
Наш кар.