Код і коды Мулявіна Залатая калекцыя набытку рэспублікі

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

Сёння “Культура” чарговы раз звяртаецца да тэмы 40-годдзя Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” — гэтагасапраўды ўсенародна любімага калектыву. На наступным тыдні галоўная канцэртная пляцоўка краіны — Палац Рэспублікі — прыме музыкантаў легендарнага калектыву са складаў розных гадоў, а таксама гасцей — творцаў з Беларусі і замежжа, чый творчы лёс так ці інакш вызначылі “Песняры”. Выступленне ў рамках гэтага своеасаблівага “двухдзённага юбілею”, які пасля змогуць пабачыць і тэлегледачы, сведчыць і пра значнасць, пра асаблівае стаўленне да важкай даты “Песняроў” на дзяржаўным узроўні. Сёння на старонках “К” пра мінулае і сённяшні дзень ансамбля распавядаюць народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл ФІНБЕРГ і дырэктар — мастацкі кіраўнік сучаснага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Вячаслаў ШАРАПАЎ.

 

/i/content/pi/cult/239/3379/8-1.jpgІмя Уладзіміра Мулявіна было і застаецца "знакам якасці". І калі сёлета культурная грамадскасць нашай краіны адзначае 40-годдзе Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры", то згадкі пра калектыў і яго лідэра часцей сустракаюцца ў друку. Ёсць, на жаль, сярод іх і такія, што напісаны з відавочным "жоўтым" падтэкстам. Канешне, падобныя публікацыі выклікаюць абурэнне. Найперш у тых, хто добра ведаў Уладзіміра Георгіевіча. Некаторы час таму "К" ужо сказала сваё слова на гэты конт (гл. "К" №45 за 2009 г.). Пасля нашай публікацыі ў рэдакцыю патэлефанаваў народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл ФІНБЕРГ, які ўзначальвае Заслужаны калектыў "Нацыянальны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь". Вось яго слова.

- У нашым жыцці адбываецца шмат розных працэсаў. Адзін з самых складаных з іх- калі мы без адпаведнай пашаны ставімся да тых асоб, якія шмат зрабілі для краіны і нашага мастацтва. Да такіх асоб я далучаю Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна. Я пазнаёміўся з ім яшчэ тады, калі быў выхаванцам ваеннага аркестра. Валодзя ж на той час якраз быў на тэрміновай службе ў арміі. Памятаю канцэрт салдацкай самадзейнасці, дзе ён выступаў як гітарыст. Я адразу звярнуў увагу на гэтага таленавітага хлопца, высокапрафесійнага музыканта, які вельмі адрозніваўся ад астатніх у лепшы бок. Ён ужо тады вылучаўся добрым веданнем гармоніі, музычнай формы, выхаваным густам, асаблівай мастацкасцю. Ён быў старэйшы за мяне на шэсць гадоў, і я намагаўся да яго неяк наблізіцца, каб даведацца штосьці новае. Шэсць гадоў у тым узросце - розніца вельмі вялікая. Але ён заўсёды з павагай і тактам ставіўся да малодшых, хаця я быў усяго толькі пачатковец, служыў у аркестры Беларускай ваеннай акругі, а Мулявін- у Ансамблі песні і танца БВА.

/i/content/pi/cult/239/3379/8-2.jpgНе ўтаю, я шмат вучыўся ў Мулявіна. І вучуся ў яго нават зараз. Ён адзін з тых, хто навучыў мяне любіць беларускую мелодыю, беларускае слова. І ў сваёй творчасці я намагаюся працягваць гэтыя добрыя традыцыі павагі да нацыянальнай спадчыны. Ён цудоўна ведаў гітару, а гітара - гэта, калі хочаце, увесь ансамбль дый ледзь не ўвесь аркестр. Пра мулявінскі ўзровень валодання інструментам самі за сябе гавораць яго песні. Але ж ён быў яшчэ і адным з першых, хто пачаў гэтак дасканала асвойваць гітару. У 1966-м, калі я быў музыкантам канцэртнага аркестра Беларускага радыё і тэлебачання пад кіраўніцтвам Барыса Райскага, артыст і дырыжор гэтага калектыву, кампазітар Яўген Грышман напісаў цудоўны твор "Прыязджайце да нас на свята!". Я ў ім саліраваў на трамбоне, а партыю бас-гітары (дарэчы, на той час зусім новага, амаль невядомага ў Беларусі інструмента) быў запрошаны выконваць Уладзімір Мулявін: ніхто апроч яго гэта не змог бы зрабіць. І гэты запіс ён правёў з першага дубля на "выдатна". Ён адным з першых у нас асвоіў электронныя інструменты, вывучыў, дзе і як выкарыстоўваць, як правільна ствараць высокапрафесійную партытуру. Калі зараз паслухаць першыя запісы "Песняроў", вы там не знойдзеце ніякіх музычных памылак. Можа, там не самая дасканалая якасць гуказапісу, бо на той час не было ніякай сур'ёзнай тэхнікі, але ўсё, што зроблена Мулявіным, зроблена вельмі цікава.

 На той час у нас толькі пачыналі з'яўляцца і заяўляць пра сябе першыя ВІА. І выступленні ансамбля Мулявіна літаральна ўзрушылі грамадскасць, гэта быў абсалютна наватарскі калектыў! І створаны - адным чалавекам, Уладзімірам Мулявіным. І нікім іншым! Гэта трэба памятаць, ведаць і шанаваць. Мулявіна заўсёды цягнула да самастойнай працы, да нейкіх сур'ёзных творчых здабыткаў, бо ідэі папросту перапаўнялі яго. Папершае, ён быў лідэр, а па-другое, наватар - тое, што зусім не ўласціва многім музыкантам. Так, ён не меў вышэйшай адукацыі, але валодаў каласальным інтэлектам і, галоўнае, дзівоснай творчай інтуіцыяй. Калі паспрабаваць яе неяк "вымераць", дык менавіта інтуіцыя ў яго была - папраўдзе ўсесаюзнага ўзроўню. І менавіта яна ўвесь час накіроўвала яго ў той бок, які і станавіўся прыярытэтным. Ці, можа, ён быў папросту заканадаўцам мод? Бо прымусіць спяваць па-беларуску не толькі Маскву, але і Амерыку.

 А Мулявін не толькі стварыў новы ансамбль: ён абраў для яго той кірунак і, адпаведна, рэпертуар, якія і сталі сапраўднай "візітоўкай" калектыву. Узгадаю такі выпадак. Калі я працаваў дырыжорам аркестра Мінскага цырка, дык з народным артыстам СССР, бліскучым клоунам Алегам Паповым мы паехалі на гастролі. Прыязджаем у Чэлябінск, заходзім у рэстаран, а там- спяваюць рэпертуар "Песняроў". Такое папраўдзе народнае прызнанне - ці не самы вялікі доказ генія Мулявіна. Бо што б ён ні рабіў - усё было прасякнута любоўю да высокай паэзіі, адчуваннем паэтыкі і сакавітасці беларускага слова, асаблівай чароўнасці нашага нацыянальнага фальклору. Яго спасціжэнне музычных заканамернасцей было шмат у чым інтуітыўным. Але ў любой песні цудоўна адбудаваны канцэпцыя, драматургія і форма. Я задумваўся нават над тым, што песні ў выкананні "Песняроў" набывалі абрысы санатнасці, сапраўднага сімфанічнага мыслення. Бо ва ўсіх кампазіцыях, да якіх дакрануўсягеній Мулявіна, ёсць, акрамя працэсуальнасці развіцця, надзвычай стройная архітэктоніка. Ва ўсіх можна знайсці ўступ, экспазіцыю, распрацоўку і вялізную коду, якая папраўдзе становіцца магутным фінальным, выніковым акордам.

Такія коды і інструментальныя ўступы да вакальных кампазіцый, як у яго, не ўмеў рабіць больш ніхто. Пасля яго код зала заўсёды выбухала апладысментамі: гэта было літаральна "запраграмавана" самімі творамі. Усё гэта, зразумела, вынікае з надзвычай высокапрафесійнага стаўлення да музычнай формы і дакладнага афармлення яе як у партытуры, так і ў жывым выкананні, а таксама запісе. Так, ён выдатна пісаў партытуры, ідэальна чуў шматгалоссе, злучэнне галасоў, баланс паміж імі. Хаця, уласна кажучы, якая розніца: пісаў ён партытуры ці не. Галоўнае - вынік: тая музыка, што гучыць. Які б твор, заснаваны на фальклоры, ні ўзнікаў у "Песнярах", усё адразу станавілася папулярным. А як ён выстройваў канцэрты! Высокапрафесійна, абсалютна правільна, з улікам слухацкага і глядацкага ўспрыняцця і, адначасова, кожны - з элементамі навізны. Хто ў нас першым у эстраднай музыцы звярнуўся да буйной формы? Уладзімір Мулявін. Чаму ж пра гэта забываюцца некаторыя цяперашнія "апаненты" ягонага таленту? Можа, яны не разумеюць, што такое "добра", а што такое "дрэнна"? Іначай цяжка растлумачыць, чаму і дагэтуль многія яго новаўвядзенні не атрымалі годнай і справядлівай ацэнкі.

/i/content/pi/cult/239/3379/8-3.jpgА між тым, буйная форма была для яго шмат у чым прынцыповай заваёвай. Бо ён звяртаўся да яе неаднойчы, распрацоўваў паступова і ўпарта. На гэтым шляху быў і "Курган" паводле Янкі Купалы, і "На ўвесь голас" паводле Уладзіміра Маякоўскага. І кожная прыступка станавілася крокам наперад, не паўтарала ранейшыя "песняроўскія" музычна-сцэнічныя дзеі. Мулявін заслужыў, каб яго асобу і творчасць згадвалі толькі высокамаральна і высокадухоўна. Ён, дарэчы, вельмі любіў людзей. І сваіх музыкантаў. Чаму ніхто ніколі не згадвае і не піша пра тое, што ён дамогся, каб усе музыканты яго калектыву атрымалі прапіску і кватэры ў Мінску? Што яны ўсе атрымалі ганаровыя званні? У савецкі час зрабіць гэта было не так проста, як здаецца. Папулярнасць артыста і атрыманыя ім прывілеі, знакі пашаны не заўсёды знаходзіліся ў прамой залежнасці. Але Мулявін змог даказаць, што "Песняры" - гэта калектыў, які складаецца з сапраўдных творчых індывідуальнасцей, што ў ім кожная творчая асоба - на вагу золата. Між іншым, такая ж індывідуалізацыя ўдзельнікаў ансамбля назіралася і ў сцэнічных строях "Песняроў". У часы савецкай уніфікацыі творчы калектыў часта разглядаўся як мастацкая адзінка, а яго ўдзельнікі- усяго толькі як "вінцікі" зладжанага механізму. Вядома, і апраналі іх аднолькава.

 Мулявін жа ледзь не ўпершыню парушыў гэты стэрэатып. Сцэнічныя строі "Песняроў" - гэта суцэльныя мадэльныя калекцыі, дзе вытрыманы адзіны стылёвы кірунак, але "варыяцыі на тэму" - штораз новыя. Да таго ж, ён, мабыць, першы вывеў на сцэну артыстаў не ў сялянскіх, а ў шляхецкіх строях. І тым самым даказаў, што гэтыя, як раней казалі, сацыяльныя слаі насельніцтва- таксама вельмі значная частка нацыянальнай культуры роднай Беларусі. Па савецкіх часах гэта быў папросту прарыў! Сёння ў творчасці Мулявіна знаходзяць крыніцу натхнення многія і многія калектывы і салісты. Праўда, само імя Мулявіна пры гэтым часцяком забываюцца вымаўляць. Таму хочацца нагадваць зноў і зноў: памятайце, што Мулявін- наш музычны маршал. Спярша ён - а за ім астатнія, у тым ліку і мы. Сёння ж усе хочуць быць першымі. Калі ласка, ніхто не забараняе! Але для гэтага трэба, як ён, даваць па шэсць канцэртаў на дзень, і каб на кожным быў аншлаг. Прычым не па "распараджэнні зверху", а на рынкавых узаемаадносінах, каб усе білеты раскупляліся. Пра Мулявіна можна распавядаць гадзінамі. І ўсё будзе замала. Толькі зараз разумееш, што мы сустракаліся з ім не так часта. Але я ганаруся тым, што наш Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі неаднойчы звяртаўся да творчасці Уладзіміра Мулявіна.

Упершыню, прычым вельмі грунтоўна, гэта адбылося тады, калі ў Маскве на Плошчы зорак закладалі зорку Майстра. На гэта немагчыма забыцца: ледзь толькі назвалі яго імя, уся вялізная Канцэртная зала "Расія" (а гэта тры з паловай тысячы чалавек) устала ў адзіным парыве. Нават калі б ён нічога не спяваў у той вечар, зала вітала б яго такім жа выбухам шчырых,гарачых пачуццяў. Я тады яшчэ раз пераканаўся, што ён - сапраўдны нацыянальны герой Беларусі, герой сучасны і сапраўдны. Таму ён і быў у свой час адзначаны самай высокай творчай узнагародай краіны, стаўшы народным артыстам СССР. Ніколі не забудуся, як перад паездкай у Маскву ён прыйшоў да мяне. У той час ад яго сышлі многія музыканты, з якімі ён раней працаваў, і ён прыйшоў да мяне, малодшага калегі, і папрасіў, каб наш аркестр закампаніраваў ансамблю. Ён рабіў гэта не для сябе, а для ўсёй краіны. І зорка Уладзіміра Мулявіна - гэта зорка ўсёй нацыянальнай культуры. Невыпадкова яна была закладзена першай.

/i/content/pi/cult/239/3379/9-1.jpgТаму я магу толькі ганарыцца, што мая зорка знаходзіцца побач з зоркай Уладзіміра Мулявіна. Колькі буду жыць, столькі буду памятаць яго і тое, што ён зрабіў для нашай краіны. А ён вучыў, да ўсяго: на эстрадзе трэба быць сумленным, па-сапраўднаму канцэртным і- сталічным, а не местачковым. Апошні канцэрт ансамбля, на якім прысутнічаў Мулявін, адбыўся менавіта з нашым калектывам, у філармоніі. А ўжо потым, калі прайшла гадавіна з дня смерці Вялікага Песняра, я рабіў канцэрт яго памяці на "Славянскім базары ў Віцебску". Калі рыхтуеш такія канцэрты, не сумняваешся ў выніку, бо такая музыка проста асуджана на поспех. На такіх канцэртах, дзе гучыць папраўдзе жывая класіка (а менавіта так можна назваць творчасць Уладзіміра Мулявіна і "Песняроў"), адчуваеш сябе бы за каменнай сцяной. Бо музыка сама натхняе музыкантаў, кожнаму хочацца выканаць яе як мага лепей. Хутка будзе адзначацца 65годдзе Вялікай Перамогі. Было б добра, каб да гэтай даты ўзгадалі цыкл Уладзіміра Мулявіна "Праз усю вайну". Ён так адчуваў гэтую тэму, быццам сам ваяваў... Я ганаруся, што наш калектыў выконваў гэту праграму. І калі гучала песня пра Мішу Камінскага, я плакаў... А нядаўна на адным з тэлеканалаў вядучы сказаў: маўляў, той радыёканал, дзе гучыць музыка Мулявіна, не ратыруецца. Мне ж хочацца на гэта адказаць: "Хлопцы, спыніцеся! Бог вам гэтага не даруе". Сапраўды, Уладзіміра Мулявіна няма з намі, але музыка яго будзе жыць.   

   Гэты год прайшоў пад знакам 40-годдзя "Песняроў". Для Дзяржаўнага ансамбля, які з гонарам носіць славутую назву і працягвае лепшыя традыцыі Уладзіміра Мулявіна і яго паплечнікаў, юбілей стаўся яшчэ і выпрабаваннем на мастацкую сталасць. Лепшым доказам запатрабаванасці калектыву сталі яго паспяховыя гастролі: сем гарадоў у Казахстане (Атбасар, Кустанай, Петрапаўлаўск, Какчэтаў, Паўладар, Астана, Караганда), тры - у Латвіі (Ліепая, Вентспілс, Рыга). Далучыце сюды неаднаразовыя паездкі ў Маскву, Санкт-Пецярбург, выступленне ў Калінінградзе, шматлікія ўдзелы ў тэлеі радыёпраграмах.

8 снежня калектыў удзельнічае ў святкаванні юбілея Саюзнай дзяржавы, 9-га і 10-га, у рамках праекта АНТ "Залатая калекцыя "Песняроў", праводзіць канцэрты ў Палацы Рэспублікі. 14-га выступае ў нашым Вялікім тэатры на 50-годдзі Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі. І зноў рушыць у Маскву на здымкі некалькіх навагодніх праграм. - Так і жывём, - усміхнуўся кіраўнік калектыву Вячаслаў ШАРАПАЎ, - у пастаянных выступленнях і пераездах. Нармальны стан для артыстаў!

- Якія ж уражанні? Ці адно мільгаценне: відарысаў за вокнамі ды паўнюткіх канцэртных залаў...

 - Уражанняў папраўдзе шмат. Тая ж паездка ў Казахстан стала сапраўдным адкрыццём і для нас, і для мясцовых жыхароў. Пераезды былі па 500 кіламетраў: на самалёце, цягніку, аўтобусе. Не абышлося і без "прыгодаў у стэпе". Аднойчы ўночы вадзіцель вырашыў скараціць шлях (маўляў, кіламетраў гэтак на сто) і збочыў у стэп. Вядома, заблукалі, усе бакі паадбівалі, ледзь потым на дарогу выбраліся. Але на ўсё жыццё запомнілі, што такое, як у песні спяваецца, "стэп ды стэп вакол".

/i/content/pi/cult/239/3379/9-2.jpg - Будзем лічыць гэта першай "нацыянальнай асаблівасцю падарожжа". А іншыя?

- Першым горадам, дзе мы пабывалі, стаў Атбасар - паводле архітэктуры, амаль паселішча, там беражліва захоўваюцца традыцыі, звычаі. І ўвогуле пануе абсалютна асаблівая аўра. Шчыра кажучы, ехалі туды з хваляваннем: усё ж за апошнія гады ў былых савецкіх рэспубліках адбылося вельмі многа змен. Але ўсе турботы развеяліся, калі мы ўбачылі, як нас сустракаюць. Ужо ля цягніка стаяла суцэльная дэлегацыя ў традыцыйных строях, з казахскімі прысмакамі, якімі аказаліся гэткія "пончыкі"- нацыянальны "хлеб-соль", вельмі салодкі і смачны.

 - Мабыць, іншыя нацыянальныя стравы таксама пасмакавалі?

- Пакаштавалі ўсё: кумыс, усялякую ежу з каніны, манты, шурпу, бешбармак. Нават прымерылі нацыянальныя галаўныя ўборы- цюбецейкі. І самае цікавае, што нам іх падарылі ў Паўладары, дзе шмат выхадцаў з Расіі, Украіны, Беларусі, дзе ёсць Дом дружбы народаў - новы будынак. Там пад адным дахам сабраныя носьбіты культур розных нацыянальнасцей. Сустрэліся мы і з беларускай дыяспарай, прадстаўнікі якой перадалі матэрыялы і кнігі ў дар нашаму Міністэрству культуры. А нам- кожнаму па цюбецейцы. Мы ў тых цюбецейках нават на сцэну выйшлі. А калі ў Карагандзе, дзе заканчвалася наша вандроўка, нам падарылі "на развітанне" казахскі нацыянальны струнны шчыпковы інструмент - домбру, мы адразу задумаліся, як бы яе выкарыстаць. Ёсць у нас гітарыст Леанід Вярэніч- самы, бадай, старэйшы з удзельнікаў, улюбёнец жанчын, чалавек з гумарам і лёгкі на ўздым. Дык ён літаральна за паўгадзіны "асвоіў" гэты інструмент, і песню "А ў полі вярба" мы выканалі ў незвычайнай "аранжыроўцы".

 - "Асучаснілі" і "дадалі мясцовага каларыту".

- Дарэчы, самыя сучасныя асацыяцыі выклікала новая сталіца Казахстана - Астана. Ніхто не можа пазнаць у ёй былы Цалінаград. Узведзена шмат новых, адметных паводле архітэктуры будынкаў, абсалютна змянілася само аблічча горада. А ў цэнтры, як напамін пра старадаўнюю легенду,- высачэзная калона з залатым купалам, стылізаваная пад магутнае дрэва. Кажуць, раней на гэтым месцы сапраўды расло дрэва, на якое садзіліся адпачываць арлы. Потым узнікла стаянка качэўнікаў: добра схавацца ад пякучага сонца ў ценю галін. І, нарэшце, быў заснаваны горад.

/i/content/pi/cult/239/3379/9-3.jpg- Легендарныя "Песняры" - у авеяным легендамі горадзе. Чым не слоган? Хаця, пэўна, вашы паездкі даказваюць: "Песняры" - гэта брэнд, вядомы без дадатковай рэкламы.

- "Песняроў" памятаюць і чакаюць. Асабліва папулярныя, зразумела, старыя песні. Добра ўспрымаецца і наш новы рэпертуар. Тое ж было і ў Казахстане. І гэта пры тым, што артыстаў з постсавецкай прасторы туды прыязджае не шмат, некаторыя канцэртныя залы змяняюць профіль, зачыняюцца. Так што арганізатары, канешне, рызыкавалі. І нават не чакалі, што так хутка будуць раскупляцца білеты. Тым больш, што з-за нашага ўдзелу ў "Міс Інтэркантыненталь" чатыры канцэрты давялося пераносіць, і ў некаторых гарадах папаўзлі чуткі, што "Песняры" не прыедуць. Але поспех быў папраўдзе ашаламляльны. Мы бачылі, з якой настальгіяй людзі старэйшага пакалення, дзякуючы нашым песням, узгадвалі сваю маладосць, моладзь жа адкрывала ў іх новую для сябе музыку. Таму нядзіва, што на 2010 год быў запланаваны яшчэ адзін гастрольны тур па гарадах Казахстана, уключаючы Алма-Ату.

- У Латвіі вас прымалі гэтак жа цёпла і горача?

- Самым, бадай, каштоўным здабыткам савецкага часу былі культурныя і эканамічныя сувязі. Зараз іх намагаюцца аднавіць, тыя ж партовыя гарады, у якіх мы пабывалі, гатовы да больш шчыльнага супрацоўніцтва з нашай краінай. А ў Ліепае, дарэчы, беларуская дыяспара. Таму - усё, як заўсёды: спевы хорам нашых песень, словы падзякі, слёзы на вачах, просьбы прыязджаць часцей.

 - Паедзеце?

- А як жа! На студзень запланавана Эстонія. Увогуле, раз на год будзем наведваць Прыбалтыку абавязкова. Тамтэйшыя выступленні прыносяць дадатковую асалоду яшчэ і таму, што там заўсёды выдатнае тэхнічнае абсталяванне. У рыжскім Кангрэс-холе, да прыкладу, арганізатары не пашкадавалі грошай і выставілі такі шыкоўны камплект гукавой і светлавой тэхнікі, што мы атрымалі папраўдзе каласальнае задавальненне, хацелася спяваць яшчэ і яшчэ. Дый публіка была ўражана не толькі ўласна музыкай, але і самім шоу.

- Добры густ і дасведчанасць публікі- таксама рухавік прагрэсу. У Калінінград, наколькі я ведаю, вас паклікалі менавіта па просьбе слухачоў?

- Так, нас запрасіла тэлерадыёкампанія, якая папярэдне праводзіла маніторынг. Пасялілі нас на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, і на прагулках мы збіралі "аскепкі летняга сонейка" - маленькія бурштынчыкі, падобныя да кропляў мёду. Акрамя выступленняў, інтэрв'ю на радыё, тэлебачанні, адказы на пытанні слухачоў у прамым эфіры. І- запрашэнне прыехаць зноў, адразу пасля Новага года.

 - Апошнім часам "Песняры" ўвогуле не сыходзяць з экранаў тэлевізараў. І, што вельмі прыемна, не толькі на беларускіх, але і на шматлікіх расійскіх тэлеканалах. Яны карыстаюцца момантам ці запрашаюць спецыяльна?

- І так і гэтак. Але, сапраўды, выклікі ў Маскву і Санкт-Пецярбург менавіта на тэлездымкі становяцца ўсё часцейшымі. Дый праграмы, на якія нас запрашаюць, вельмі прэстыжныя. Адны назвы чаго каштуюць: "Достояние республики", "Наши лучшие годы". Дарэчы, на Першым расійскім тэлеканале мы былі ледзь не першымі, хто спяваў "жыўцом". Там спачатку здзівіліся, што мы не выкарыстоўваем "плюсавыя" фанаграмы, а потым, адчуўшы ўсю энергетыку нашага выканання і дадаткова пераканаўшыся, што працаваць такім чынам для прафесіяналаў толькі ў радасць, сталі патрабаваць гэткага ж ад іншых. Яшчэ адным прыкладам прафесійнага прызнання калектыву можна лічыць удзел "Песняроў" у аўтарскім вечары Аляксандры Пахмутавай. Канцэрт адбываўся ў маскоўскім Музычным тэатры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, мы спявалі ў пачатку другога аддзялення, за намі яшчэ было шмат славутых выканаўцаў з гучнымі імёнамі. Але наша выступленне, мабыць, падалося настолькі моцным, што ў тэлеверсіі яго зманціравалі на фінал. І калі гэткім "творчым вынікам" вечарыны знакамітай расійскай творцы загучала "Молодость моя, Белоруссия", песня сталася сапраўдным прызнаннем у любові да нашай краіны.

- Любоўю да Беларусі прасякнута кожнае ваша выступленне. Дый гастралюеце вы па роднай зямлі з зайздроснай рэгулярнасцю. Зусім нядаўна, між іншым, наведалі Рэчыцу, адкуль родам многія ўдзельнікі ансамбля.

- Рэчыца і для мяне родная: я вучыўся ў Мазыры, а працаваў у Рэчыцкім гарадскім Доме культуры. Так што сустракалі нас, як нацыянальных герояў. Запамінальным быў і гастрольны тур па Брэсцкай вобласці: Ганцавічы, Лунінец, Пінск, Драгічын, Брэст, Маларыта, Жабінка. Адтуль адразу рушылі ў Маскву і Піцер на святкаванне расійскага Дня яднання і прымірэння. З прадстаўнікамі піцерскага шоубізнесу ў нас ужо усталяваліся трывалыя сяброўскія кантакты, нас запрашаюць на многія адказныя гарадскія мерапрыемствы, і сустрэча з горадам над Нявой ніколі не расчароўвае.Ну, а потым мы вярнуліся на Брэстчыну і правялі яшчэ два запланаваныя канцэрты: у вёсках Відолія і Далбізна. Гэта пагранічная зона, так што сустракалі нас, як і належыць, з сабакамі. Чым не "крэатыў"? Увогуле, хацелася б выказаць самыя цёплыя словы падзякі дырэктару Брэсцкай абласной філармоніі Зоі Шусцікавай і адміністратару Таццяне Мендэль. Бо там, дзе людзі працуюць з зацікаўленасцю і самаадданасцю, ніякі крызіс не перашкода. А дзе гэтага бракуе, дык крызіс - бы выратавальнае "алібі".

Фота Юрыя ІВАНОВА и Ігара КУЗНЯЦОВА  

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"