Самы сучасны

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

Першы лічбавы кінатэатр у Беларусі, якім стане сталічны “Кіеў”, адкрыецца ў пачатку студзеня 2010 года. Як паведамляе першы намеснік генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама Сяргей Дрожжынаў, будынак сустрэне гледачоў абноўленым фасадам і дахам.

- У свеце існуюць чатыры тэхналогіі трохмернай выявы, і для мінскага кінатэатра была выбрана адна з іх - Dolby 3D. Яна прадугледжвае дэманстрацыю аб'ёмных кінастужак на лічбавых носьбітах. Ёй папярэднічае сістэма электроннага паказу E-сіnema, якая азначае захоўванне фільма на DVD-дыску. D-сіnema прадугледжвае, што стужка знаходзіцца на цвёрдым дыску, і там зусім іншае, значна больш якаснае кадзіраванне, існуе абарона якасці стужкі ад знешніх уздзеянняў. Вялікія праектары спецыяльна для іх з'явіліся ў свеце некалькі гадоў назад, і мы вырашылі не адставаць ад апошніх дасягненняў. Ужо закуплена абсталяванне для "Кіева", у першай дэкадзе снежня распачнецца яго наладка. У абноўленым кінатэатры можна будзе паглядзець кінастужкі з аб'ёмнай выявай, хаця студый, дзе магчыма здымаць настолькі сучасныя фільмы, у свеце пакуль не так ужо і шмат. - Можна ўжо і набыць білеты на дэманстрацыю першай стужкі, - паведамляе Сяргей Дрожжынаў,- іх продаж адбываецца ў кінатэатрах "Беларусь" і "Аўрора". Дарэчы, ён паведаміў пра пачатак праектавання шматзальнага лічбавага кінатэатра, які з'явіцца на месцы кінатэатра "Авангард" і будзе разлічаны прыблізна на паўтары тысячы гледачоў. Чакаецца, што мінчане змогуць наведаць яго ў 2012 годзе.