Перадкалядны падарунак

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

3 снежня ў Віцебску адкрыўся ХХІ Міжнародны музычны фестываль імя І.І. Салярцінскага. Ён працягнецца роўна тры тыдні, акурат да “калядных вакацый”, і ўключае не толькі канцэрты, але і навуковыя чытанні.

Сярод гасцей свята - такія сусветна вядомыя зоркі, як піяністы Мікалай Луганскі (Расія), Юхані Легерспец (Фінляндыя), кларнетыст Жорж Дэўдарыяні (Галандыя), арганіст Ханс Фагіюс (Швецыя), вакалісткі Ірына Крыкунова, Людміла Людзько (Расія), струнны квартэт "Санкт-Пецярбург" (ЗША), дырэктар Дацкага культурнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу Рыке Хелмс і іншыя. Выступяць на ім і нашы калектывы: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі на чале з Аляксандрам Анісімавым, ансамбль салістаў "Класік-Авангард" (між іншым, разам з эстраднай спявачкай Дарыяй). Такую жанравую разнастайнасць, філасофскую і мастацкую глыбіню, навуковую энцыклапедычнасць фестываль "пераняў" ад знакамітага музыказнаўцы Івана Салярцінскага, ураджэнца Віцебска. Па словах яго сына Дзмітрыя Салярцінскага, віцебскі форум - "адзін з самых сур'ёзных у еўрапейскіх краінах", ён "трывала ўвайшоў у склад сусветных доўгажыхароў, такіх як Моцартаўскі фестываль у Зальцбургу і найпапулярны ў Фінляндыі фестываль у горадзе Кухмо".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"