Крочыць Дзед Мароз!

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

Праз некалькі дзён завершыцца падрыхтоўка Мінска да калядных і навагодніх урачыстасцей. У сталіцы будзе ўсталявана 185 елак. Прадстаўнікі Мінгарвыканкама акрэслілі самыя галоўныя святочныя мерапрыемствы, што адбудуцца ў сталіцы, на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь.

Па інфармацыі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі з удзелам Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца 28 снежня, у ім прымуць удзел 2070 школьнікаў, з іх 540 - з рэгіёнаў рэспублікі. Святочнае прадстаўленне на галоўнай пляцоўцы краіны паглядзіць больш за 8000 дзетак у студзені наступнага года ў межах акцыі «Нашы дзеці». Яна таксама прадугледжвае прагляд школьнікамі спектакля «Церамок» у Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета і сустрэчы з дзецьмі ў мінскіх бальніцах. 27 снежня маленькія мінчане наведаюць тэатралізаванае прадстаўленне ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі з удзелам выконваючага абавязкі старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі.
Адным з найбольш яркіх момантаў святаў стане навагодняе шэсце Дзядоў Марозаў, якое адбудзецца 25 снежня. Распрацоўвае ход своеасаблівага «парада» ў гэтым годзе каманда маладых рэжысёраў з Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Ад кожнага з дзевяці раёнаў горада чакаецца дэлегацыя колькасцю 42 чалавекі. У калонах будуць ісці таксама казачныя персанажы, хадулісты, творчыя калектывы, закрые шэсце выступленне духавога аркестра. У свіце галоўнага Дзеда Мароза, які, дарэчы, з'явіцца незвычайным чынам, апынуцца і дзяўчаты-ўдзельніцы конкурсу «Міс Мінск2009». Гэта не адзінае мерапрыемства, у якім паўдзельнічаюць прыгажуні. Свята творчасці мнагадзетных сем'яў пройдзе 15 снежня ў Палацы культуры ветэранаў. Ідэя належыць пераможцы конкурсу Марыі Кубраковай, студэнтцы БДУКіМ, якая здолела рэалізаваць праект па падтрымцы дзяцей з мнагадзетных сем'яў, пашырэнні іх творчай рэалізацыі. Праект адбыўся пры дапамозе гарадскіх улад. Новым у гэтым годзе стала тое, што ўсе найбуйнейшыя мерапрыемствы ў сталіцы, як падкрэсліў начальнік упраўлення культуры МінгарвыканкамаУладзімір Карачэўскі, будуць праводзіцца на беларускай мове.