Да Дня Перамогі

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

У год святкавання 65-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне музеі Беларусі, Расіі і Украіны прадставяць выстаўку “Парад Перамогі”.

Аб гэтым на пасяджэнні Аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 65-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў мінулай вайне, якое прайшло 2 снежня, паведаміў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Як расказала "К" галоўны спецыяліст Упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Святлана Гаўрылава, выстаўка "Парад Перамогі" традыцыйна праводзіцца ваенна-гістарычнымі музеямі Беларусі, Расіі і Украіны. Падобныя выстаўкі былі прымеркаваны да 50, 55, 60-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У экспазіцыі выстаўкі будуць прадстаўлены арыгінальныя рэчы і дакументы, якія належалі Сталіну і Жукаву, шэраг дакументаў, у тым ліку арыгінал акта аб безагаворачнай капітуляцыі фашысцкай Германіі. Плануецца, што выстаўка адкрыецца ў Маскве ў маі 2010 года, у верасні пераедзе ў Мінск, а ў 2011 годзе будзе экспанавацца ў Кіеве.
Ул. інф.