Сустрэча ў Палаце прадстаўнікоў

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

2 сакавіка ў Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прайшла арганізаваная дэпутатамі вышэйшага заканадаўчага органа краіны сустрэча з культасветработнікамі Гродзенскага раёна. Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ ад Гродзенскай сельскай акругі N 54 Лілія Кажанкова, ініцыятар сустрэчы 46 культасветнікаў з Гродзеншчыны з заканатворцамі, адзначыла, што такая вучоба карысная не толькі для работнікаў сферы культуры, але і для прадстаўнікоў заканадаўчай улады. Такім чынам наладжваецца добрая сувязь паміж грамадзянамі і дэпутатамі.

Намеснік старшыні камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Наталля Аўдзеева азнаёміла працаўнікоў культуры з законамі, якія былі прыняты, а таксама з прававымі актамі, над якімі ідзе праца. Яна адзначыла, што зроблена нямала, павялічваецца фінансаванне галіны. Закон аб культуры стварыў умовы для далейшага развіцця сферы, гарантаванага яе фінансавання.

Шмат увагі надаецца паляпшэнню ўмоў, аплаты працы работнікаў культуры. Прыкладам таму з’яўляецца, адзначыла Н.Аўдзеева, нядаўна надрукаваны ў газеце “Культура” артыкул старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў РБ Уладзіміра Здановіча, у якім закраналіся многія праблемы, у тым ліку і пытанне павышэння заробнай платы. На калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прысвечанай вынікам працы галіны за 2006 год, адзначыла дэпутат, у сваім выступленні яна ўзнімала гэтае пытанне.

Дадзеная праблема не застаецца па-за ўвагай структур дзяржаўнай улады. Зроблены пэўныя захады, вырашана на 10 працэнтаў павялічыць заробную плату работнікам сферы культуры. Наша задача, сказала Н.Аўдзеева, дабіцца таго, каб да 2010 года сярэдні заробак работнікаў культуры быў не меней за 86 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты па рэспубліцы.

Камісіяй па культуры шмат напрацавана законапраектаў, якія сталі потым законамі. Гэта законы аб музеях і музейным фондзе, аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, аб кінематаграфіі і іншыя.

Распрацоўваюцца новыя заканадаўчыя акты. Што датычыць дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, адзначыла Н.Аўдзеева, дык зараз распрацоўваецца новая рэдакцыя Палажэння аб заахвочваннях фонду. У ім дакладна пазначацца ўсе крытэрыі, дзякуючы якім будуць вызначаць, каго, за што, чым узнагароджваць са сродкаў фонду. Калі ў фонд будзе накіроўвацца хадайніцтва аб заахвочванні за перамогу ў нейкім фестывалі, конкурсе, іншым мерапрыемстве спаборніцкага характару,— неабходна ў абавязковым парадку прыкласці творчую характарыстыку мерапрыемства.

Законапраекты аб культуры пішуцца на тытульнай мове беларусаўі распаўсюджваюцца на месцах, што садзейнічае, упэўнена Н.Аўдзеева, развіццю заканатворчай дзейнасці на беларускай мове і падкрэслівае тое, што адным з галоўных складнікаў нацыянальнай культуры, духоўнасці нацыі з’яўляецца родная мова. Яна — адзін з самых важных элементаў культуры. Каб заканатворчая праца была ў поўнай меры прадуктыўнай, дэпутатам неабходна наладжваць зваротную сувязь з працаўнікамі культуры. Члены камісіі па культуры атрымліваюць ад іх тую інфармацыю, якая ім потым дапамагае ў заканадаўчай працы.

На думку мастацкага кіраўніка Верцялішкаўскага Дома культуры Аляксея Халікава, падобныя азнаямляльныя экскурсіі і сустрэчы прыносяць шмат плёну.

“Упершыню быў у такой паездцы, прызнаўся ён. — Я ў захапленні ад наведвання Нацыянальнай бібліятэкі, пабачанай новай калекцыі твораў у Нацыянальным мастацкім музеі. Цяпер магу распавесці сваім выхаванцам, якія ведаюць, што на бібліятэку збіраліся грошы па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў ёй ёсць унёсак і верцялішкінцаў: галоўнае кнігасховічша пабудавана на высокім узроўні, што яно высокатэхналагічнае і высокаэстэтычнае.

Цікавай і карыснай сталася сустрэча з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, нашымі абраннікамі, якія распрацоўваюць і прымаюць законы, датычныя сферы культуры, адстойваюць нашы інтарэсы”.