Мяркуючы па сінопсісах будучых экранных твораў, айчынныя кінатворцы цвёрда вырашылі трымацца забаўляльнай стратэгіі. Абодва праекты змогуць прэтэндаваць на ўвагу самага шырокага, у першую чаргу, тэлевізійнага гледача. Для колішняга выпускніка майстэрні Пташука Дзмітрыя Лася "Трамвай у Парыж" будзе першай поўнаметражнай працай. Што да яго старэйшага калегі, дык Ігар Чацверыкоў добра вядомы ў свеце беларускага кіно поўнаметражнай карцінай "Шэльма" (сумесна з Ігарам Ганчаронкам) і тэлесерыяламі "Паскораная дапамога", "Тры талеры" і "Цень самурая". Плануецца, што ўсе ролі ў "Трамваі ў Парыж" выканаюць айчынныя акцёры, сярод якіх Ганна Палупанава, Ігар Забара, Паліна Сыркіна, Аляксандр Яфрэмаў, Сяргей Журавель. А вось акцёрскі склад "Белай сцежкі" стане інтэрнацыянальным: апрача беларуса Паўла Харланчука, галоўныя ролі ў тэлесерыяле выканаюць расіяне Карына Андоленка, Мікалай Спірыдонаў і Барыс Палунін. Як паведамілі карэспандэнту "К" у прэс-службе "Беларусьфільма", прэм'еры новых стужак адбудуцца ў другой палове будучага года.
Дарэчы, шэраг матэрыялаў наступнага нумара "Культуры" мы мяркуем прысвяціць тэме 85-годдзя беларускага кіно. І, так бы мовіць, "першы дубль" робім ужо сёння. Пачатак артыкула Уладзіміра Арлова, прысвечанага гісторыі фільма па сцэнарыі Уладзіміра Караткевіча, чытайце на стар. 13.