Актуальная экспертыза

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

26 — 27 лістапада ў Мінску адбылося пасяджэнне беларускалітоўскай групы экспертаў па культурнай спадчыне.

 

/i/content/pi/cult/239/3366/2-1.jpgУ названым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі, Дэпартамента культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Літоўскай Рэспублікі і прадстаўнікі Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Падчас пасяджэння разглядаўся шэраг пытанняў у галіне захавання, уліку і папулярызацыі агульнай з Літвой гістарычнай і культурнай спадчыны. Найбольш актуальнай тэмай была перспектыва па сумесным правядзенні рэстаўрацыйных работ на 11 вызначаных гісторыка-культурных каштоўнасцях Рэспублікі Беларусь. У якасці верагодных аб'ектаў прапанаваны комплекс Старога замка ў г. Гродна, Барысаглебская (Каложская) царква ў г. Гродна, ансамбль Новага замка ў г. Гродна, Лідскі замак, царква абарончага тыпу ў в. Сынкавічы Зельвенскага раёна Гродзенскай вобласці, царква абарончага тыпу ў в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, фрагменты замка ў в. Крэва Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, ансамбль кляштара францысканцаў у в. Гальшаны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці, рэшткі былога замка Сапег з фрагментамі абарончых збудаванняў у в. Гальшаны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці, Навагрудскі замак, руіны былога палацавага комплекса ў г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Эксперты дамовіліся правесці работу па выпрацоўцы прапаноў па рэалізацыі культурна-турыстычнага праекта "Замкі Вялікага Княства Літоўскага", а таксама вырашылі звярнуцца ў Нацыянальныя камісіі Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі па справах UNESCO з прапановай ініцыіраваць сумесна з Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Польшча па справах UNESCO абвяшчэнне гэтай міжнароднай арганізацыяй 2015-га года годам Міхаіла Клеафаса Агінскага ў сувязі з 250-годдзем з дня яго нараджэння. У ходзе пасяджэння была дасягнута дамоўленасць аб правядзенні сумесных мерапрыемстваў у рамках Еўрапейскіх дзён спадчыны і вызначана папярэдняя тэма - "Знакамітыя роды Вялікага Княства Літоўскага". Прадстаўнікі беларускага боку прынялі прапанову літоўскага боку па ўдзеле беларускіх спецыялістаў у канферэнцыі па пытаннях захавання помнікаў драўлянага дойлідства ў маі 2010 года.

Наталля ХВІР,

загадчык сектара аховы гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь