Кантроль ускладзены на аддзел

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

У № 34 “К” пад рубрыкай “Родная зямля: час крэатыву” быў змешчаны артыкул “Ракіроўка адбылася. Калі чакаць выніку?”. У матэрыяле ўзнімаліся праблемы, звязаныя з невыкананнем плана па аказанні платных паслуг, цякучкай кадраў, недастатковай актыўнасцю падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона і г.д. ва ўстановах культуры Жлобіна і Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Матэрыял быў накіраваны на рэагаванне кіраўніцтву Гомельшчыны. Вось што паведамляе рэдакцыі начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў:

 

"Упраўленне культуры Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта сумесна са Жлобінскім раённым выканаўчым камітэтам разгледзелі пытанні, закранутыя ў артыкуле "Ракіроўка адбылася. Калі чакаць выніку?". З мэтай выпраўлення недахопаў, пазначаных у матэрыяле, была праведзена пашыраная нарада работнікаў культуры Жлобінскага раёна. Абмяркоўваліся пытанні падбору і замацавання кадраў, актывізацыі прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў школ горада і раёна для папулярызацыі прафесіі культасветработніка, а таксама пытанні стану і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, аказання платных паслуг насельніцтву і г.д. З 19.08.2009 г. начальнікам аддзела культуры райвыканкама назначаны Бажан В.Г., які раней працаваў загадчыкам аддзела культуры Жлобінскага гарвыканкама, намеснікам начальніка аддзела культуры райвыканкама. Ва ўстановах культуры раёна працуе 311 чалавек, з іх 247 маюць спецыяльную адукацыю, што складае 79 %. У бягучым годзе ў раён прыбыло 5 маладых спецыялістаў: Жлобінская ДМШ - 2 чалавекі, раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма - 2, цэнтралізаваная бухгалтэрыя аддзела культуры - 1. Для паляпшэння стану матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне ад 25.09.2009 г. № 2468 "Аб замацаванні сельскагаспадарчых арганізацый раёна за ўстановамі культуры". Згодна з дадзеным рашэннем, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый раёна сумесна з аддзелам культуры распрацоўваюць і абавязаны прадставіць райвыканкаму на зацвярджэнне раённую праграму рамонтуклубных устаноў на 2010- 2012 гады.

Пытанне цеплазабеспячэння СДК у населеным пункце Кіцін разглядалася на пасяджэнні райвыканкама па падрыхтоўцы ўстаноў культуры да работы ў асенне-зімовы перыяд 2009 - 2010 года. Будынак СДК знаходзіцца на балансе філіяла ААТ "АФПК Жлобінскі мясакамбінат" у населеным пункце Кіцін. Будынак драўляны, пасляваеннага года пабудовы, уладкаванне аўтаномнага катла ўнутры будынка не будзе адпавядаць існуючым супрацьпажарным і санітарным нормам і патрабаванням. У цяперашні час у стадыі распрацоўкі знаходзіцца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва міні-кацельні. Плануецца прадугледзець выдзяленне ў 2010 годзе фінансавых сродкаў на яе будаўніцтва. Культурна-масавую работу для жыхароў населенага пункта Кіцін ажыццяўляе Шчэдрынскі СДК і аўтаклуб аддзела культуры. У 2009 годзе аддзелу культуры было выдаткавана 200 мільёнаў рублёў для рамонту СДК у населеным пункце Папаратнае. У ходзе рамонтных работ была цалкам узноўлена кацельня СДК. На рамонт Папаратнянскай сельскай бібліятэкі выдзелена 25 мільёнаў рублёў. У цяперашні час рамонтныя работы ў бібліятэцы - у стадыі завяршэння. Ажыццёўлены рамонт даху, пячнога ацяплення, узноўлена памяшканне для захоўвання цвёрдага паліва. У час падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду 2009 - 2010 года да 1 кастрычніка 2009 года былі выкананы работы па рамонце кацельні Стрэшынскага ГДК, устаноўлены новы насос, паліва завезена ў поўным аб'ёме (28,8 тоны торфабрыкету і 5,6 кубаметра дроў).

Аддзелам культуры Жлобінскага райвыканкама 14.10.2009 г. атрыманы пашпарты і акты гатоўнасці цеплакрыніц да работы ў ацяпляльны перыяд 2009 - 2010 года на кацельні ГДК населенага пункта Стрэшын і СДК населенага пункта Папаратнае. Тэрмін завяршэння рамонтных работ у ГДК Жлобіна ўстаноўлены да 30 снежня 2009 года. 25 жніўня 2009 года на базе ўстаноў культуры Акцябрскага раёна быў праведзены абласны семінар па аказанні платных паслуг насельніцтву, у якім прынялі ўдзел старшыні раённых выканаўчых камітэтаў і начальнікі (загадчыкі) аддзелаў культуры. Дадзенае мерапрыемства садзейнічала актывізацыі работы па аказанні платных паслуг. За 9 месяцаў 2009 года тэмпы росту платных паслугпа аддзеле культуры склалі 128% (пры плане 115 %). Разам з тым, па ўстановах культуры, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, тэмпы росту платных паслуг складаюць 109,7 %. У мэтах дасягнення даведзенага тэмпу росту па развіцці платных паслуг аддзелам культуры ў 2009 годзе ўведзена 13 новых відаў платных паслуг, у тым ліку заняткі ў гуртках і эстрадна-вакальных студыях, выдача гістарычных даведак у Гісторыка-краязнаўчым музеі населенага пункта Красны Бераг, капіраванне вучэбнай інфармацыі на электронны носьбіт карыстальніка і да т.п. Мяркуецца ўвядзенне ў бягучым годзе яшчэ не менш пяці новых відаў платных паслуг, якія ўключаюць паслугі па арганізацыі ўрачыстасцей, правядзенні вясельнага абраду, заняткаў у гуртках па інтарэсах і інш. У чэрвені 2008 года РУП "Беларускі металургічны завод" перадаў на баланс аддзела культуры незавершаныя аб'екты, размешчаныя ў 17-м мікрараёне горада Жлобіна. У дадзеных памяшканнях планавалася размяшчэнне дзіцячай школы мастацтваў і гарадской дзіцячай бібліятэкі. Аднак выкананне рамонтных работ унутраных памяшканняў дадзеных аб'ектаў патрабуе значных фінансавых укладанняў. У 2009 годзе фінансавыя сродкі для гэтай мэты не выдаткоўваліся. У аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама з кіраўніком СВК "Агракамбінат "Днепр" Папеску В.В. ёсць дамоўленасць аб выдзяленні ў 2010 годзе жылля для дырэктара Стрэшынскага гарадскога Дома культуры Міронавай А.С. Кантроль за рашэннем пытанняў, узнятых у артыкуле "Ракіроўка адбылася. Калі чакаць выніку?", ускладзены на аддзел культуры Жлобінскага райвыканкама".