Ёсць і свая “Зорка…”!

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

Як распавядае “К” начальнік аддзела культуры Горацкага райвыканкама Аляксандр Жыгун, рэкламнае інфармацыйнае забеспячэнне першага этапу конкурсу ажыццяўляюць мясцовае радыё і раённая газета. У выніку адбор пераможцаў 26 лістапада праходзіў у Раённым цэнтры культуры з вялікай колькасцю ўдзельнікаў. У ходзе конкурсу былі вызначаны пераможцы: па тры ў намінацыях “Эстрадныя спевы” і “Народныя спевы”, адзін— у намінацыі “Сучасны танец”. Пераможцы — маладыя спецыялісты сферы культуры і адукацыі. 13 снежня горацкія таленты скіруюцца ў Магілёў, дзе адбудзецца абласны адборачны тур Рэспубліканскага конкурсу. 26 лістапада прайшоў першы конкурсны этап і ў Клічаўскім раёне. Тры салісты і два калектывы, па словах дырэктара мясцовай Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ганны Коўрык, перамаглі ў намінацыях “Эстрадныя спевы”, “Народныя спевы”, “Размоўны жанр”, “Сучасны танец”. А 3 снежня пераможцы з Клічаўскага раёна накіраваліся ў Бабруйск, дзе прайшоў занальны адборачны этап конкурсу. У ім прынялі ўдзел маладыя таленты з Бабруйскага, Глускага, Асіповіцкага і Клімавіцкага раёнаў.

* * *

У склад раённых арганізацыйных камітэтаў па правядзенні першага конкурснага этапу на Гомельшчыне ўвайшлі, як вядома, прадстаўнікі ўлад, ідэолагі, спецыялісты па рабоце з моладдзю, работнікі культуры, адукацыі, рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Таму сярод удзельнікаў конкурсу шырока прадстаўлены ўсе ўзроставыя групы маладых талентаў. Да правядзення першага этапу Рэспубліканскага конкурсу "Зорка ўзышла над Беларуссю" рыхтуюцца ў Калінкавіцкім раёне. Тут назапашаны пэўны досвед па наладжванні такіх мерапрыемстваў. Справа ў тым, што мясцовы аддзел культуры, як паведамляе "К" яго начальнік Віктар Левановіч, прыдумаў і трэці год рэалізуе творчы праект "Запалі сваю зорку". Але на гэты раз, натуральна, саперніцтва маладых будзе праходзіць у адпаведнасці з палажэннем Рэспубліканскага конкурсу. Таму і прадстаўніцтва яго - значна большае. На ўдзел у першым этапе, што пройдзе ў Калінкавіцкім раённым цэнтры адпачынку 10 снежня, пададзена ўжо больш за сто заявак. Гэта і творчыя калектывы, і асобныя творцы-вучні, студэнты, маладыя работнікі не толькі сферы культуры, але і прамысловасці, сельскай гаспадаркі... А 19 снежня ў Калінкавічах занальны адборачны этап конкурсу. У ім будуць браць удзел канкурсанты з Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Ельскага і іншых раёнаў Гомельшчыны. А ў Кармянскім раёне, як паведамляе "К" дырэктар Раённага цэнтра культуры і адпачынку Таццяна Вяркеенка, першы конкурсны этап разбіты на дзве часткі. Сёння, 5 снежня, у аграгарадку "Літвінавічы" сапернічаюць спевакі і прадстаўнікі размоўнага жанру. А 8 снежня ў аграгарадку "Кароцкі" сустракаюцца маладыя мастакі і танцоры. Першы этап праходзіць ва ўстановах культуры аграгарадкоў не толькі з той прычыны, што Раённы ЦКіА - на капрамонце, але і для больш шырокага ахопу не толькі райцэнтраўскіх, але і сельскіх прэтэндэнтаў на творчую перамогу.