Класіка – на дысках

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

2 сакавіка ў зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася прэзентацыя “Электронная бібліятэка— школьнікам: чытаю і слухаю”.

Былі прадстаўлены дыскі: “Электронная бібліятэка— школьнікам” і “Гаваркая электронная бібліятэка”.Такія праекты— унікальныя і актуальныя, бо з дапамогай бязмежных магчымасцей камп’ютэрных тэхналогій можна ствараць абсалютна новыя па форме і адметныя па змесце інфармацыйныя рэсурсы. Дыскі кампактныя і зручныя ў карыстанні, ахопліваюць даволі вялікую частку літаратурнай класікі. Яны папулярызуюць творы беларускіх і рускіх пісьменнікаў.

Дыск “Электронная бібліятэка— школьнікам” выпушчаны летась на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКО. Электроннае выданне разлічана, у першую чаргу, на навучэнцаў школ, гімназій, каледжаў. Дыск можа зацікавіць і шырокае кола чытачоў, бо ўключае разнастайныя літаратурныя творы (навучальная праграма па беларускай і рускай літаратурах для 9— 11 класаў).

“Гаваркая электронная бібліятэка” (дыск выпушчаны выдавецтвам “Sakrament LibReader” пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКО)— гэта электронная бібліятэка, якая ўключае тэкставыя дакументы, агучаныя пры дапамозе тэхналогіі сінтэзу мовы. Дыск адаптаваны для выкарыстання людзьмі з парушэннямі зроку. Электронная бібліятэка ўтрымлівае калекцыю твораў школьнай праграмы па беларускай літаратуры для 9— 11 класаў.

Абодва дыскі ўтрымліваюць творы для абавязковага, пазакласнага і самастойнага чытача.