Беларуская драматургія: ідэальнае і рэальнае

№ 48 (916) 28.11.2009 - 04.12.2009 г

26 лістапада на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў адбыўся Рэспубліканскі семінар для загадчыкаў літаратурных частак тэатраў на тэму “Механізмы ўдасканалення рэпертуарнай палітыкі драматычных і лялечных тэатраў краіны”. Лейтматывам яго сталася размова адносна лёсу нашай сучаснай драматургіі на беларускай сцэне, якая апошнім часам набыла надзвычайную вастрыню.Сапраўды, апошнія пару сезонаў у айчынным тэатральным жыцці адзначыліся заўважным ажыўленнем у творчых колах.

Здаецца, дзеячы сцэнічнага мастацтва ў адно імгненне вырашылі вярнуць былую славу тэатра і інтарэс гледача да ўласных здзяйсненняў. І — актыўна загаварылі пра пошукі новай сцэнічнай мовы, пра імкненне тэатра адпавядаць патрэбам і чаканням гледача, навыперадкі крытыкуючы адзін аднаго за старамоднасць, адсутнасць прагрэсіўнага мыслення ды нежаданне ісці ў нагу з перадавымі еўрапейскімі тэндэнцыямі… Часам забываючыся, што любая крытыка мусіць быць канструктыўнай і не абмяжоўвацца пералікам таго, “чаго няма”, і таго, што “не такое, якім павінна быць”. А, у большай ступені, — аналізаваць сучасны стан тэатра і спрабаваць адшукаць карані тых з’яў, якія сёння дамінуюць у айчынным сцэнічным мастацтве і вызначаюць шляхі яго далейшага развіцця.Не ставячы пад сумненне думку Станіслаўскага пра тое, што “тэатр пачынаецца з вешалкі”, хочацца, аднак, удакладніць: як мастацкая з’ява і як з’ява нацыянальнай культуры ён усё ж пачынаецца і вырастае з драматургіі. І той факт, што напачатку было і застаецца Слова як мастацкая дамінанта і вызначальная аснова для стварэння будучага спектакля, не губляе сваёй актуальнасці на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў існавання тэатра як віду мастацтва. Што ж уяўляе з сябе беларуская драматургія сёння як з’ява, якая ў аднолькавай ступені належыць да літаратуры і да сцэнічнага мастацтва? Якім чынам яна развіваецца, што ўплывае на яе фарміраванне, сталенне, на аснове якіх назіранняў і высноў выносяцца ёй шматлікія “дыягназы” аб кволасці, нежыццяздольнасці і непрыстасаванасці да сучасных рэалій беларускага тэатра? Урэшце, што больш слушна: біць у званы і крычаць пра адсутнасць сучаснай беларускай драматургіі ці паспрабаваць знайсцітакі рацыянальнае зерне ў тых стосах “тэкстаў для тэатра”, якія выдаюць маладыя людзі, што наважваюцца ўступіць у прафесію драматурга, і паспрабаваць прарасціць гэтае зерне?

Як немагчыма праверыць алгебрай гармонію, так, бадай, ні час, ні геній чалавечага розуму не здольны выкрышталізаваць формулу ідэальнага драматурга. І таму мы, распачынаючы на нашых старонках дыскусію аб стане сучаснай беларускай драматургіі, прапануем выказацца на гэты конт усім тым, Каму не абыякавы лёс айчыннага тэатральнага мастацтва. З адзінай мэтай: убачыць айчынную драматургію такой, якая яна ёсць, не прыніжаючы яе і не ідэалізуючы.

Сёння сваімі меркаваннямі дзеляцца драматург Сяргей Кавалёў і дырэктар — мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра Беларускай драматургіі, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Валерый Анісенка.

Але гэта — толькі пачатак дыскусіі, да ўдзелу ў якой на старонках нашага выдання мы запросім усіх, каму неабыякавы лёс айчыннай драматургіі.

 

”Адвечная песня”нашага часу

Яшчэ зусім нядаўна Сяргей КАВАЛЁЎ трывала займаў месца “маладога беларускага аўтара”, але непрыкметна перайшоў у шэраг фігур, якія сталіся “брэндамі” сучаснай айчыннай драматургіі. Якім бачыцца яе стан і перспектыўныя накірунку пісьменніку, высветліў наш карэспандэнт.

 

/i/content/pi/cult/238/3358/kavalioy.jpg
Паміж п’есай і тэкстам

 

— Нашу размову, Сяргей, хацелася б пачаць з наступнага пытання: як вы ўспрымаеце “адвечную песню” нашых рэжысёраў пра тое, што ў Беларусі няма цікавых драматургаў, якіх можна і варта было б ставіць у тэатры?

 

— Пытанне— рытарычнае. На маёй памяці дыскусіі гэтыя паўтараюцца цягам дзесяцігоддзяў. Рэжысёры наракаюць: маўляў, няма чаго ставіць, аўтары скардзяцца, што няма Каму ставіць… Такія ўзаемныя прэтэнзіі — нецікавыя, а часта і не маюць пад сабой аніякіх падстаў. Ды і само паняцце “няма” заўсёды крыху гіпербалізаванае. Зрэшты, калі паспрабаваць зірнуць на гэтую карціну аб’ектыўна, відавочна, што нашых маладых драматургаў у краінахсуседках ведаюць усё ж больш, чым нашых маладых рэжысёраў. Аднак рэжысёры ўсё роўна патрабуюць ад драматургаў таленту ўзроўню Шэкспіра, але сябе пры гэтым не сувымяраюць з Пітэрам Брукам.

 

— Як вы ставіцеся да таго, што нават самі драматургі падзяляюць сучасныя творы для тэатра на п’есы і тэксты?

 

— Пэўна, гэта ўвогуле новая тэндэнцыя, культурная парадыгма або мода — гэта можна рознымі словамі акрэсліць. Урэшце, той жа раман можна называць раманам, а можна — тэкстам. Хаця да тэксту, канешне, прад’яўляюцца іншыя патрабаванні. Між іншым, я разумею акцёраў, якія не хочуць працаваць з тэкстамі, асабліва калі ім прапануецца іграць ці агучваць нешта безаблічнае. Аўтары крыўдзяцца: маўляў, нікому не падабаецца іх рэвалюцыйны і прагрэсіўны тэкст, а акцёры чарговы раз бяруць і іграюць нейкую старамодную драматургію, класіку.

 

Рынак для п’ес

 

— Ім што, сапраўды не хочацца быць моднымі, актуальнымі, прагрэсіўнымі?

 

— Акцёру на сцэне хочацца перажываць, выявіць усё, што ён умее, стварыць вобраз, дзе ёсць свой лёс, унутранае развіццё ролі, — на гэта арыентавана ўся наша акцёрская школа. З другога боку, сёння з’яўляецца іншы тып тэатра, рэжысура, якая ўмее працаваць акурат з такімі тэкстамі. Многія з падобных пастановак нашы рэжысёры не назвалі б нават спектаклямі: да прыкладу, адзінай задачай для акцёра на працягу дзвюх гадзін можа быць прамаўленне тэксту без усялякіх інтанацый і без аніякага выяўлення эмоцый. Іншая справа, што ў нас становіцца ўсё меней п’ес і ўсё болей тэкстаў.

Зрэшты, не магу сказаць, што добра ведаю маладую беларускую драматургію, — хаця б з той прычыны, што ў нас няма спецыялізаванага выдання, якое знаёміла б з усімі драматургічнымі навінкамі. Я думаю, што акурат гэты накірунак работы павінен развіваць Цэнтр сучаснай драматургіі. Аналагічныя ўстановы ў іншых краінах, той жа Кіеўскі цэнтр драматургіі, не столькі ставяць спектаклі, колькі выдаюць новую драматургію, аўтарскія зборнікі, тэматычныя, панарамныя агляды. Калі і нашы ўсе п’есы можна будзе чытаць, тады вартым стане казаць і пра ўзровень айчыннай драматургіі.

У 2006 годзе ў рамках фестывалю “Тэатральныя канфрантацыі” ў польскім Любліне мы з Ірынай Лаппо арганізоўвалі Чытанні беларускай драматургіі. І раптам аказалася, што не можам знайсці беларускамоўную п’есу, каб яна магла большменш прыстойна гучаць побач з п’есамі Паўла Пражко і Канстанціна Сцешыка, прытым, што з рускамоўных можна было выбіраць. Мы тады з цяжкасцю знайшлі і спыніліся на тэксце Вольгі Гапеевай, хаця гэта быў, хутчэй, літаратурны твор, напісаны ў дыялогах. З падобнай праблемай сутыкнуўся і Андрэй Масквін, які ў Польшчы падрыхтаваў да друку перакладны зборнік з амаль дзесяцінашых п’ес: там таксама няма ніводнай беларускамоўнай. Далей — болей: давайце толькі зірнём на афішу Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і ўбачым, што насупраць такіх прозвішчаў, як Андрэй Курэйчык, Дзіяна Балыка, Мікалай Рудкоўскі, пазначана: “Пераклад з рускай мовы”...

 

— Думаю, у якасці адной з вызначальных прычын драматургі могуць назваць адсутнасць адпаведнага спажывецкага рынку: несакрэт, што многія нават з абласных тэатраў аддаюць перавагу рускамоўным п’есам…

 

— Я таксама і гэтую прычыну магу назваць. А яшчэ магу спаслацца на культурную традыцыю і на тое, што Беларусь заўсёды была шматмоўнай краінай. Калі зірнуць у ХVІІІ стагоддзе — там пісалі і папольску, і пабеларуску, раней, у ХVІ стагоддзі, — і на лаціне, і пастараславянску… Таму наракаць на тое, што ў нас пішуць не толькі пабеларуску, было б няправільна і неразумна. Але хачу закцэнтаваць увагу на тым, што ў дадзеным выпадку я кажу менавіта пра білінгвізм. Калі ж узяць маладое пакаленне, дык там працэнт рускамоўных твораў вышэйшы за 90.

 Ёсць яшчэ і такі аспект, што не кожную п’есу можна напісаць пабеларуску. Да прыкладу, у жорсткім рэалістычным творы, дзе дзейнымі асобамі з’яўляюцца маргіналы, чыстая беларуская літаратурная мова можа выглядаць недарэчна. Ёсць маладзёжная субкультура са сваім слэнгам, якому таксама няма адпаведнікаў у беларускай мове. І каб такія персанажы праўдападобна размаўлялі па-беларуску, неабходна праявіць сапраўдную моўную эквілібрыстыку.

 

Традыцыі — яшчэ не школа

 

— А можа, прычыны — у саміх драматургах?

 

— Гістарычна ў нас на Беларусі ніколі не існавала сваёй драматургічнай школы. Былі пэўныя яркія асобы: Янка Купала, Васіль Шашалевіч, Уладзіслаў Галубок, пазней — Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак…Яны сваёй творчасцю паўплывалі на фарміраванне пэўных традыцый, але традыцыі — гэта яшчэ не школа.

Да прыкладу, сёння ў расійскім тэатры вылучаюцца тры драматургічныя школы: пецярбургскамаскоўская, тальяцінская і екацерынбургская. І калі браць нашых маладых драматургаў, якія пішуць цікавей за іншых і ад тэксту пачынаюць пераходзіць да п’есы, я бачу, як яны канкрэтна і мэтанакіравана развіваюцца пад екацерынбургскім уплывам, што найбольш актыўны і адкрыты для знешняга ўступу. Само па сабе гэта вельмі добра, бо так набываюцца імі пэўныя прафесійныя веды і навыкі, і ёсць куды расці. Але ж паралельна з гэтым яны аддаляюцца ад нацыянальнай традыцыі.

 

— І з гэтай прычыны становяцца менш цікавымі беларускаму тэатру, нягледзячы якраз на тое, што спрабуюць быць актуальнымі і развівацца ў сучасным рэчышчы?

 

— Так. Мы дзяліліся ўражаннямі з брэсцкім рэжысёрам Цімафеем Ільеўскім, і ён таксама заўважыў, што многія з тэкстаў нашых маладых драматургаў — гэта калькі з расійскай драматургіі трэцяга гатунку. Зноў жа, наўрад ці варта патрабаваць, каб кожны драматург, які піша на рускай мове, абавязкова пісаў і пабеларуску: для гэтага, акрамя іншага, неабходна добра валодаць мовай, умець адчуваць, чуць яе. Але трэба імкнуцца да таго, каб побач з такім чалавекам, які піша ў рэчышчы рускай школы, вырас малады драматург, што будзе пісаць у рэчышчы беларускай традыцыі, пабеларуску і натуральна, нязмушана.

 

Попыт нараджае прапанову

 

— Дарэчы, на каго ці на што ў сваёй творчасці арыентуецца драматург Сяргей Кавалёў?

 

— У мяне вельмі просты падыход да п’ес: я пішу тое, што мне цікава, што хвалюе і абуджае пэўныя вобразы, думкі. Калі гэта супадае з інтарэсамі тэатра, акцёраў, рэжысёра і гледачоў—значыць, пашанцавала, і гэта цудоўна! Не супала —значыць, не супала… Я за сваю творчую дзейнасць напісаў даволі шмат — 24 п’есы (хаця разумею, што для сучаснага пакалення, якое такую колькасць твораў выдае за пару гадоў, гэтая лічба гучыць неўнушальна). І з пазіцый свайго цяперашняга прафесійнага досведу магу большменш дакладна пралічыць, якія з маіхп’ес будуць актыўна ставіць у тэатрах, а да якіх рэжысёры будуць ставіцца з апаскай. Але ж гэта не значыць, што я павінен пісаць толькі аднатыпныя “паспяховыя” п’есы.

 

— А як жа знакамітая формула “попыт нараджае прапанову”?

 

— Гэта — патрабаванні да прафесійнага драматурга, чалавека, які жыве з напісання п’ес. Мне ж, паколькі драматургія для мяне — гэта найперш  творчасць, цікава пісаць розныя п’есы: і масавыя, і элітарныя. Іншая справа, што я магу пагадзіцца з тымі, хто кажа, што мы не маем на сённяшні дзень спрыяльных умоў для развіцця драматургіі.

 

 — Што вы маеце на ўвазе?

 

 — Беларускія тэатры ў масе сваёй падобныя адзін да аднаго, і эстэтычная праграма аднаго з іх мала адрозніваецца ад іншых. Мы прыйшлі да дырэктарскай тэатральнай мадэлі, і сёння толькі крытыкі старэйшага пакалення згадваюць аўтарскі тэатр, тэатр асоб, якія сваёй эстэтыкай фарміравалі адмысловае аблічча тэатра. Успомнім хаця б Магілёў, дзе працавалі такія яркія рэжысёры, як Міроненка, Маслюк…Сёння, з аднаго боку, тыя ж абласныя тэатры не спяшаюцца “рызыкаваць” з пастаноўкай не правераных сцэнай п’ес беларускіх аўтараў: да прыкладу, мая п’еса “Трышчан ды Ізольда”, пастаноўку якой у Магілёўскім тэатры да гэтага часу згадваюць крытыкі, праляжала там чатырыпяць гадоў, пакуль тагачасны дырэктар не паглядзеў, што яе паставілі, ды яшчэ паспяхова, на Купалаўскай сцэне, і не вырашыў, што “цяпер можна і ў нас”. А, з іншага боку, нават калі Гомельскі ці Гродзенскі тэатр рызыкне паставіць п’есу таго ж Мікалая Рудкоўскага, вельмі верагодна, што гэтая пастаноўка проста патоне ў рэпертуары гэтага тэатра. Я кажу пра тое, што для такой драматургіі павінна быць свая адмысловая пляцоўка, свая прастора, дзе яна б развівалася і даходзіла да гледачоў. Гэта, у сваю чаргу, сфарміруе пэўны асяродак тэатралаў, якім такая эстэтыка цікавая, зразумелая. А каму падобнае мастацтва не падабаецца ці проста не блізкае — той пойдзе ў традыцыйны тэатр. — Практычна заўсёды, калі мы гаворым пра тое, чаго ў нас няма, падсвядома, у падтэксце я “чую”, што нехта павінен нам “стварыць” пэўную структуру з пляцоўкай, замацаванымі штатнымі адзінкамі і “даць” усё гэта з тым, каб там адбываліся “нейкія эксперыменты”. Але ж ці варта забывацца пра момант запатрабаванасці? Калі хтосьці з такіх эксперыментатараў у  прагрэсіўнасці сваіх пошукаў —калі ласка, рабіце свой тэатр самастойна і ні ад кога не залежна… — Безумоўна, чым больш самых розных тыпаў тэатраў — тым лепш. Гэтую аксіёму ніхто не адмяняў, і любая жорсткая “сарганізаваная” структура рана ці позна скіруе любы эксперымент у звыклае “рэпертуарнае” рэчышча, як, да прыкладу, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, што задумваўся як лабараторыя. Я ж заўсёды ратую за разнастайнасць — у тым ліку і за тэатральную.

“Як тыя сабакі на сене…”

 

“Галоўным па беларускай драматургіі” ў айчынным тэатры Валерыя АНІСЕНКУ называюць не выпадкова. Дырэктар — мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, ён і сапраўды, бадай, больш за іншых айчынных рэжысёраў “пералапаціў” п’ес маладых драматургаў. І не выпадкова пад дахам РТБД ажыў і Цэнтр сучаснай драматургіі і рэжысуры. “Перш чым пачаць нашу размову, хачу, каб вы пабачылі на ўласныя вочы наша “багацце” — памяшканні для работы Цэнтра, якія ў хуткім часе “актыўна зажывуць”: сцэну і залу на 40 месцаў, невялічкае закуліссе для акцёраў…” — з гэткай практычнай мініэкскурсіі і пачалася наша сустрэча.

 

/i/content/pi/cult/238/3358/po.jpg 
— Я катэгарычна не згодны з тымі прэтэнзіямі, якія гучаць апошнім часам у дачыненні да беларускага тэатра: маўляў, няма тэатральнай школы, невядома, хто і чаму вучыць будучых акцёраў, рэжысёраў, хаця практыка паказвае, што яшчэ за савецкім часам у нас была адна з лепшых школ у былым Саюзе, ды і цяпер застаецца.
Потым загучала: няма драматургіі. А, да ўсяго, нядаўна прачытаў, што на Беларусі і рэжысуры няма! Як жа, думаю, мы жылі да гэтага і як нам жыць цяпер?! А ў гэты самы час, калі ў нас нібыта “нічога няма”, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі едзе ў Лейпцыг на “Еўрасцэну” — найбуйнейшы ў Еўропе інавацыйны форум міжнароднага класа, дзе маладыя беларускія акцёры іграюць спектакль “Сталіца Эраунд”, пастаўлены маладым беларускім рэжысёрам па п’есе маладога беларускага драматурга.Факты — упартая рэч. Зірніце на рэпертуарную афішу нашага тэатра: у ёй з дзесятак прозвішчаў — гэта сучасная беларуская драматургія! Яна існуе. Іншая справа, што мы павінны, нарэшце, навучыцца цаніць тое, што маем.Я ўжо неаднойчы казаў: наш Тэатр беларускай драматургіі — унікальная ўстанова, якая задумвалася як тэатрлабараторыя. Але сёння мы вымушаны існаваць як звычайны тэатр, скіроўваючы ўсе свае намаганні не на эксперыментальную работу, а на выкананне планавых паказчыкаў. І мы іх выконваем, прычым, заўважце, — на беларускай, у тым ліку і сучаснай, драматургіі! Няхай факты гавораць самі за сябе: у 2001 годзе нам быў даведзены план у 17,5 млн., сёння гэтая лічба “ператварылася” ў 250 млн. за 9 месяцаў: пры зале на 200 месцаў мы паднялі план амаль у 15 разоў! З аднаго боку, я магу хваліцца такімі лічбамі, але, з іншага, —разумею, што гэта адцягвае нашу ўвагу ад непасрэднай дзейнасці: лабараторнай работы з сучаснай беларускай драматургіяй.

— Вы прапануеце даводзіць вашаму тэатру план па колькасці эксперыментаў, што мусяць адбыцца пад дахам РТБД?

— Не буду выхваляцца, Але Цэнтр сучаснай драматургіі і рэжысуры, які пад рознымі назвамі існаваў цягам дзесяцігоддзя пад самымі рознымі структурамі, толькі ў нас нарэшце задыхаў і ажыў. І для мяне гэта справа гонару: я такім чынам увасабляю ў жыццё свае некалі нерэалізаваныя планы. Эх, калі б у маім юнацтве я меў такія магчымасці, якія сёння стварае маладым Міністэрства культуры, тэатры… Адзінага бракуе: сістэмнасці ў арганізацыі гэтай работы. Дарэчы, я асабіста, не беручы класікаў і драматургаў старэйшага і сярэдняга пакаленняў, магу назваць з дзесятак маладых аўтараў, якія былі адкрыты ў нашым тэатры. Але іх ніхто не ведае! — Чаму ж так адбываецца? — Ды таму, што яны прыносяць да нас свае п’есы, і тыя “асядаюць” у нашых нетрах, нібы ў нейкім калодзежы. А вось была б у тым жа Цэнтры мінідрукарня, дзякуючы якой мы б мелі магчымасць тыражаваць гэтыя п’есы, рассылаць па тэатрах, знаёміць з імі ўсіх зацікаўленых... Я бываю на многіх міжнародных фестывалях, і паўсюль у мяне пытаюцца: “Што цікавага з сучаснай драматургіі ў вас ёсць?” Даводзіцца “на пальцах” тлумачыць… А вось прывёз бы я з сабой дзесятакдругі выдадзеных п’ес, у тым ліку і перакладзеных на англійскую, нямецкую мовы, у дадатак да іх — парутройку ролікаў да спектакляў — і размовы б атрымліваліся цалкам іншыя. У нашым рэпертуары, да прыкладу, ёсць спектакль “Адэль” па п’есе Яўгена Таганава, які вось ужо дзевяць гадоў “корміць” нас! І будзе карміць яшчэ не адзін год. Нашы тэатры навыперадкі спяшаюцца паставіць Рэя Куні, у той час як зусім побач ёсць таленавіты малады драматург Андрэй Шчуцкі: яго “Каласнікі” маглі б ісці ў любым тэатры, не толькі ў нашай краіне. Мы ж, рэжысёры, — як тыя сабакі на сене: няма драматургіі — і ўсё тут.

— Не так даўно ад аднаго паважанага рэжысёра пачула наступнае: маўляў, няхай з сучаснай беларускай драматургіяй возіцца Анісенка, раз у яго “профільны” тэатр, а я буду ставіць нармальныя,цікавыя п’есы.

— Вось мы і падыходзім да галоўнага. Я не буду каменціраваць гэтае канкрэтнае выказванне, але скажу ў звязку з ім наступнае. Ці шклянка напалову пустая, ці яна напалову поўная — з пункта гледжання фізічнай з’явы, гэта адно і тое ж. Аднак сутнасна мы маем справу з дзвюма абсалютна рознымі філасофіямі! Лічу, што калі ты працуеш у дзяржаўным, нацыянальным тэатры, ты проста не маеш права ігнараваць і нацыянальную драматургію. — З іншага боку, у дачыненні да пастановак паводле сучаснай беларускай драматургіі практычна заўсёды ўзнікае вострае пытанне суадносін іх колькасці і якасці.  

— А хто вам замінае? Прыходзьце ў тэатр, глядзіце спектаклі і разбірайцеся з іх якасцю.

— Сяргей Кавалёў звярнуў нашу ўвагу на тое, што ў афішы РТБД пераважная колькасць спектакляў па п’есах маладых беларускіх драматургаў ідзе ў перакладзе на беларускую мову.

— Тое, што яны не пішуць пабеларуску, — гэта, не пабаюся такога слова, няшчасце. Мы, канешне ж, не прымусім іх да гэтага ў абавязковым парадку. Але ж і моўчкі назіраць за гэтым проста так нельга.

— Дарэчы, як “галоўны эксперт па сучаснай беларускай драматургіі” раскажыце, чым яна можа быць цікавая для тэатра і для сучаснага гледача?

— А вы паглядзіце тыя водгукі, якія пакідаюць пасля спектакляў нашы гледачы, і ўсё стане зразумела. Ім падабаецца, што наша драматургія існуе ў кантэксце пошукаў драматургіі расійскай, сусветнай.Маладыя аўтары шукаюць сваю адметную інтанацыю, і часам яе знаходзяць, у тым ліку і ў глядацкай рэакцыі.

— Што вы маеце на ўвазе пад “сваёй інтанацыяй”? Гэта пэўная адметная тэма ці своеасаблівае мысленне, сугучнае часу?

— Ды нават своеасаблівы спосаб выказвання, гэткая іх невыразнасць, слоўная плынь, праз якую складана прадзірацца і за якой праглядвае аморфнасць, няпэўнасць, разгубленасць. У іх нават жаданні праяўляюцца дзіўным для мяне чынам. Я па сваёй “старамоднасці” прывык да таго,што жаданне мусіць ператварацца ў дзеянне, а ў іх гэтага чамусьці не адбываецца: “прамармы ча” такі малады драматург прасваё — і на гэтым усё заканчваецца.

— А можа, якраз такія “анісенкі”, што ўвесь час штурхаюць іх у бок, не даючы заставацца ў аморфным стане і, правакуючы на самыя розныя тэатральныя праявы, робяць ім мядзведжую паслугу, даючы права сказаць: вось калі б мы самі ўсё рабілі, без чужой “дапамогі”, усё б было іначай?

— Гэта вельмі каварнае пытанне. Так, я ў сілу свайго імпульсіўнага характару магу і “націснуць”, але ж у любым выпадку добра разумею, што і дзеля чаго раблю. Днямі збіраю да сябе маладых, каб тыя расказалі мне пра свае планы. І я ўжо загадзя ведаю, як гэта пройдзе: будзе няўцямнае мармытанне, паўзы, сачыненні на хаду… Я пачну “накручваць” іх, бы старую “палутарку”, папярэджу, што не маю намеру цярпець пад дахам тэатра “пенсіённы клуб”… Але ж у любым выпадку ўсё гэта робіцца дзеля таго, кааб яны скарысталі шанц праявіць сябе!

 — Прабачце, але мне часам у падобным падыходзе бачыцца двайны стандарт: з аднаго боку, мы так актыўна падтрымліваем маладых, ствараючы для іх спецыяльныя ўмовы, конкурсы, а з іншага — я ўсё часцей пагаджаюся з акцёрам Ігарам Сіговым, які кажа, што спачатку яны самі павінны прадэманстраваць, на што здатныя, паказаць свае “зубы” і толькі тады прэтэндаваць на падтрымку і дапамогу…

— Ды няма ў іх ні “зубоў”, ні нават “касцей”! Толькі “храшчыкі” і ёсць.

— І што, застаецца мірыцца з гэтым як з дадзенасцю?

Ні ў якім разе! Трэба разумець, што яны — нібы дзеці, і ставіцца да іх патрэбна адпаведна, выхоўваючы, бы дзяцей, штодня. А калі мы гэта пакінем на водкуп — проста змарнуем час.

— У якасці ўласнай крытыкі на  адрас драматургаў магу сказаць, што мала каго з іх я пастаянна бачу ў тэатры. Ці з гэткім жа “імпэтам” яны супрацоўнічаюць з вамі пад час пастановак іх п’ес?

— Супрацоўнічаюць, часам мы нават бяром іх у Цэнтры ў штат на тры месяцы на невялічкую зарплату. Лічу, што гэткія маленькія, нібыта незаўважныя, крокі цалкам неабходныя для таго, каб творцы, акрамя жадання пісаць п’есы, набывалі яшчэ і пэўны прафесіяналізм.

— Акурат пра гэта давайце і пагаворым. Сёння надзвычай востра стаіць пытанне драматургічнага прафесіяналізму, умення маладых аўтараў пісаць п’есы. Як вы лічыце, ці патрэбна ім нейкая дадатковая, так бы мовіць, “спецыфічная” падрыхтоўка?

— Ну, канешне ж, у іх павінна быць адукацыя, што тут казаць! Да прыкладу, Універсітэт культуры рыхтаваў літаратурных работнікаў, і той жа Андрэй Карэлін, які ў свой час працаваў у нашым тэатры загадчыкам літаратурнай часткі, умеў добра разбіраць драматургію.

— Але, відаць, больш рацыянальна было б рыхтаваць драматургаў ці пры філалагічных факультэтах ВНУ, ці пры Акадэміі мастацтваў,дзе яны маглі б бачыць увесь тэатральны “ланцужок”? — А што зменіцца? Ды нічога. Не важна, пры якой установе іх будуць навучаць тэорыі, але практычная база павінна быць у тэатры. Бо без канкрэтнай практыкі і ведання тэатральнай кухні сапраўдным драматургам стаць немагчыма.

Матэрыялы падрыхтавалаТаццяна КОМАНАВА